Фото: пресс-служба президента
На цырымоніі ўручэння прэмій «За духоўнае адраджэнне» Аляксандр Лукашэнка расказаў, як быў пасярэднікам паміж Венесуэлай і ЗША. Паводле яго сцвярджэння, ён інфармаваў амерыканцаў пра гатоўнасць венесуэльскіх уладаў да супрацоўніцтва.
“Я толькі ўдзячны Дональду за тое, што ён адкрыта гаворыць: нафта. Нам патрэбна нафта. Я гэта з болем кажу пра тое, што быў у нейкай ступені ўцягнуты ў гэтую сітуацыю ў самым пачатку. І амерыканцаў інфармаваў, што венесуэльцы гатовыя з вамі супрацоўнічаць. Не трэба здзяйсняць гэтыя глупствы, з якіх будзе вельмі складана выйсці, вельмі складана выйсці”, — заявіў ён падчас выступлення.
Ён таксама паведаміў, што перадаў мэсэджы ад Нікаласа Мадуры, і згадаў сваю сустрэчу з паслом гэтай краіны ў Расіі.
“Паглядзім яшчэ на правасуддзе: там суддзі яму трапіліся годныя, скажам прама, і адвакат — таксама, ведаеце. Але я перадаў усе мэсэджы ад Нікаласа Мадуры. Вы бачылі маю сустрэчу з паслом Венесуэлы ў Расійскай Федэрацыі — гэта яго прыхільнік, паплечнік.
Гэта заўсёды былі яны разам, я яго таксама добра ведаю — чалавек вайсковы, яшчэ пры Чавесе. Усё, чаго хочуць амерыканцы, можна было зрабіць без захопу. Але трэба было паказаць свой гераізм. На кім вы вырашылі яго паказаць? На безабаронным чалавеку. Перабілі ўсіх людзей, якія яго ахоўвалі, паранілі жонку і чалавека захапілі, вывезлі ў Амерыку. Вось вялікі гераізм. Імперыя, якая траціць больш за трыльён на зброю, і ўзбраенне больш за трыльён долараў”, — заявіў ён.
Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, затрыманню Мадуры папярэднічалі “змова і здрада”.
“Я хачу, каб вы разумелі: там было ўсё — і дамоўленасць, і грошы, якія былі аплочаныя, у тым ліку людзям у Венесуэле — і вайсковым, і грамадзянскім. Там была змова, і там была здрада — усё там было.
Таму нам трэба быць як мага асцярожнейшымі, вядучы з амерыканцамі перамовы, я вас таксама папярэджваў — вы, напэўна, дакладна запомнілі гэта. Я з вамі буду размаўляць — я ім заўсёды казаў, — але і свайго старэйшага брата папярэджваў, і проста напярэдадні гэтага мярзотнага мерапрыемства казаў: абы толькі не было спектакля з боку амерыканцаў і ўсяго Захаду, каб яны зноў не разыгралі нас. І сёння я абсалютна перакананы, што гэта так. Ну навошта было захопліваць?” — заявіў ён.
Лукашэнка таксама выказаўся пра захоп звязанага з Венесуэлай нафтавага танкера Marinera.
“Зусім нядаўна, учора, здаецца, пусты расійскі танкер, пад сцягам Расіі… Ну навошта гэта трэба было рабіць, калі вы хочаце міру ва Украіне? І шмат-шмат думак нараджаецца пасля гэтых падзей. Але нас яшчэ раз пераканалі ў тым, што мы павінны быць моцнымі”, — падсумаваў ён.
Нагадаем, Нікалас Мадура і яго жонка Сілія Флорэс былі затрыманыя і вывезеныя ў ЗША 3 студзеня. Яны прадсталі перад федэральным судом Паўднёвай акругі Нью-Ёрка 5 студзеня. Мадура не прызнаў сябе вінаватым і запытаў консульскі візіт. Флорэс таксама не прызнала сябе вінаватай і назвала сябе першай лэдзі Венесуэлы. Наступнае пасяджэнне па іх справе прызначана на 17 сакавіка.