Reform.news

Літва абвясціла надзвычайную сітуацыю з-за метэазондаў кантрабандыстаў

Рэдакцыя Reform.news · 9 снежня 2025, 10:05

https://reform.news/be/litva-abvjascila-nadzvychajnuju-situacyju-z-za-metjeazonda-kantrabandysta/

Урад Літвы прыняў рашэнне абвясціць у краіне надзвычайную сітуацыю з-за крызісу з метэазондамі кантрабандыстаў цыгарэт, якія парушаюць паветраную прастору краіны з боку Беларусі. Паветраныя шары прыводзяць да парушэнняў у працы аэрапорта Вільнюса.

Кіраўніком дзяржаўных аперацый ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі прызначаны міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч.

“У сувязі з захаваннем пагрозы інтарэсам нацыянальнай бяспекі дзяржавы, а таксама небяспекай для жыцця, здароўя, маёмасці людзей і/або навакольнага асяроддзя, створанай атакамі паветраных шароў з кантрабандай, якія запускаюцца з тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Літвы, пастановай урада з сённяшняга дня на ўсёй тэрыторыі краіны ўводзіцца надзвычайная сітуацыя”, — гаворыцца ў паведамленні ўрада Літвы.

«У барацьбе з беларускай гібрыднай атакай мы павінны прыняць найбольш строгія меры і абараніць раёны, што найбольш пацярпелі ад яе. Усе адпаведныя ўстановы аб’ядноўваюць намаганні для прадухілення пагрозы, якая зыходзіць ад кантрабандных паветраных шароў. Грамадскасць не адчуе ніякіх нязручнасцей з-за абвешчанай надзвычайнай сітуацыі», — заявіла прэм’ер-міністр Інга Ругінене.

Рэжым НС дазволіць дасягнуць больш цеснай каардынацыі сілавых ведамстваў. Ён таксама дасць магчымасць больш актыўна задзейнічаць вайскоўцаў. Яны змогуць дзейнічаць разам з супрацоўнікамі службаў МУС, а таксама індывідуальна.

НС абвешчана на ўсёй тэрыторыі Літвы, бо ў залежнасці ад напрамку і сілы ветру паветраныя шары могуць залятаць даволі далёка.

Рэклама

Пакінуць адказ