ДАІ са стралянінай спрабавала спыніць п’янага кіроўцу-бяспраўніка ў Лідскім раёне
Рэдакцыя Reform.news · 24 кастрычніка 2026, 13:45
https://reform.news/be/dai-sa-straljaninaj-sprabavala-spynic-p-janaga-kiro-cu-bjaspra-nika-lidskim-rajone/У Гродзенскай вобласці інспектары ДАІ ўжылі зброю, каб спыніць п’янага кіроўцу-бяспраўніка. Як паведамілі ў МУС Беларусі, мужчына праігнараваў патрабаванне аб спыненні і спрабаваў схавацца ад міліцыі.
Інцыдэнт адбыўся каля горада Бярозаўка. Інспектары ДАІ Лідскага РАУС падалі сігнал аб спыненні кіроўцу Hyundai, аднак той не падпарадкаваўся. Падчас пераследу мужчына віляў па праезнай частцы, ствараючы пагрозу іншым удзельнікам руху. Пасля папярэджання аб выкарыстанні зброі інспектар зрабіў прыцэльныя стрэлы па колах аўтамабіля. У ведамстве заяўляюць, што страляніна вялася ў бязлюдным месцы за межамі населенага пункта.
За рулём аказаўся 48-гадовы мясцовы жыхар, які не меў вадзіцельскіх правоў па стане здароўя. Медыцынскі агляд паказаў каля 1 праміле алкаголю ў крыві.
У дачыненні да яго склалі 6 адміністрацыйных матэрыялаў. За кіраванне аўтамабілем у стане ап’янення яму пагражае 200 базавых велічынь штрафу (9 тысяч рублёў). Кіроўцу змясцілі ў ІЧУ, а аўто адправілі на ахоўную стаянку.
