Прэзідэнт літоўскай асацыяцыі перавозчыкаў Linava Эрландас Мікенас паведаміў, што сітуацыя з затрыманымі ў Беларусі грузавікамі не змянілася. Паводле яго слоў, транспартныя сродкі застаюцца на тэрыторыі краіны, а перавозчыкі працягваюць атрымліваць рахункі за абавязковае захоўванне на платных стаянках, піша LRT са спасылкай на ELTA.
«У прынцыпе, сітуацыя не змянілася — транспартныя сродкі, якія належаць літоўскім перавозчыкам, працягваюць затрымлівацца на тэрыторыі Беларусі. У цяперашні час у нас няма пацверджаных выпадкаў вяртання грузавікоў або паўпрычэпаў іх уладальнікам», — заявіў ён.
Паводле даных асацыяцыі, усяго ад 149 кампаній паступіла інфармацыя пра 1071 затрыманую адзінку транспарту — 496 грузавікоў і 575 паўпрычэпаў. Асобныя кампаніі могуць губляць сотні тысяч еўра, а агульныя страты галіны ацэньваюцца ў мільёны еўра.
«Гэтыя даныя не з’яўляюцца канчатковымі, паколькі яны ўключаюць толькі тыя кампаніі, якія звязаліся з асацыяцыяй і прадаставілі інфармацыю. Паводле папярэдніх ацэнак, рэальная колькасць затрыманых транспартных сродкаў можа дасягаць 4 тысяч», — пракаментаваў ён.
Паводле яго слоў, Linava сабрала даныя пра затрыманыя транспартныя сродкі ад некаторых сваіх членаў і перадала іх адказным літоўскім установам.
«Члены асацыяцыі паведамляюць, што рахункі за так званае захоўванне транспартных сродкаў працягваюць паступаць — спаганяецца плата ў памеры каля 120 еўра за транспартны сродак у дзень, а таксама патрабуецца заключэнне дамоваў на аказанне паслуг. У апошні час мы не зафіксавалі якіх-небудзь істотных пазітыўных змен у практыцы налічэння платы або затрымання», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, пытанне разглядаецца для далейшага вырашэння не толькі ў супрацоўніцтве з літоўскімі ўстановамі, але і шляхам яго ўзняцця на ўзроўні Еўрапейскага саюза.
«Мы працягваем актыўны дыялог з літоўскімі інстытутамі, перадусім з Міністэрствам замежных спраў. Ацэньваюцца магчымыя палітычныя, дыпламатычныя і прававыя меры, а таксама ўздымаецца пытанне на ўзроўні Еўрапейскага саюза», — адзначыў Мікенас.
Міністэрства замежных спраў ужо двойчы сустракалася з прадстаўнікамі транспартных кампаній у гэтым годзе.
Нагадаем, пасля таго, як Беларусь на працягу некалькіх месяцаў атакавала паветраную прастору Літвы метэазондамі, літоўскія ўлады ў кастрычніку 2025 года закрылі пункты пропуску Мядзінінкай і Шальчынінкай. Пазней Мінск забараніў літоўскім грузавікам перамяшчацца ўнутры краіны. Перавозчыкаў абавязалі пакінуць свае транспартныя сродкі на спецыяльных пляцоўках і за плату.
Два памежныя пункты пропуску былі адкрыты раней запланаванага тэрміну, аднак затрыманыя грузавікі дагэтуль не змаглі пакінуць тэрыторыю Беларусі.
