Латушка заснаваў прэмію для найлепшага настаўніка беларускай мовы ліцэя ў Гайнаўцы

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка заснаваў прэмію для найлепшага настаўніка беларускай мовы, літаратуры і гісторыі II агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў польскай Гайнаўцы, паведамляе АПК.

Гэтая ініцыятыва заклікана адзначыць высокі прафесіяналізм і адданасць педагогаў, якія на Падляшшы захоўваюць і папулярызуюць беларускую культуру і гісторыю. Грашовая прэмія будзе выплачвацца за кошт уласных сродкаў палітыка.

Рашэнне аб кандыдаце на атрыманне ўзнагароды будзе прымацца кіраўніцтвам ліцэя. У гэтым годзе прэмію плануецца ўручыць 26 чэрвеня на ўрачыстай цырымоніі заканчэння навучальнага года.

«Настаўнікі адыгрываюць выключную ролю ў лёсе нацыі, бо менавіта яны з малых гадоў прывіваюць дзецям любоў да беларушчыны. Варта ўспомніць, што песняры беларускага слова — Купала і Колас — працавалі настаўнікамі. Асобную важнасць мае падтрымка беларускай меншасці на Падляшшы. Гэты рэгіён з’яўляецца ўнікальным асяродкам, дзе ў рамках польскага грамадства стагоддзямі жыве і развіваецца беларуская традыцыя і мова.

Для мяне як беларускага палітыка, абранага дэлегата Каардынацыйнай Рады, вельмі важна падтрымліваць развіццё беларускай культуры і адукацыі, у тым ліку за мяжой», — заявіў Латушка.

Латушка падкрэсліў важнасць падтрымкі беларускай ідэнтычнасці і культуры, асабліва ва ўмовах, калі гэта адмаўляецца рабіць рэжым Лукашэнкі.

«Як малады беларускі дыпламат я ўпершыню наведаў Гайнаўскі ліцэй 30 гадоў таму, у 1996 годзе. Пазней як міністр культуры і пасол імкнуўся дапамагаць важнай місіі ліцэя — падтрымцы беларускасці. На жаль, сёння дзяржава ў асобе рэжыму Лукашэнкі адмаўляе ў беларускасці і адмаўляецца падтрымліваць беларускую культуру як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Таму гэтая задача таксама кладзецца на нашы плечы. І таму я лічу важным як беларускі палітык працягваць гэтую місію», — заявіў Латушка.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!