Фото: t.me/pul_1
Каля 140 прадпрымальнікаў “з усёй Беларусі” наведалі Палац Незалежнасці, дзе пасля экскурсіі паразмаўлялі з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчынам. Як заявілі ў прэс-службе ўрада, ініцыятыва зыходзіла ад саміх прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу.
Сцвярджаецца, што падчас адной з экскурсій яны перадалі Аляксандру Лукашэнку просьбу наведаць Палац Незалежнасці, і той падтрымаў яе.
Пасля трохгадзіннай экскурсіі да прадпрымальнікаў прыехаў прэм’ер-міністр. Яго прыезд названы “нечаканым”. Падчас двухгадзіннай сустрэчы ішла гаворка пра пытанні канкурэнцыі, абарону ўнутранага рынку, падтрымку айчынных вытворцаў, якасць імпарту, развіццё фермерскіх гаспадарак і турызму, фінансаванне інавацый, лічбавізацыю і выкарыстанне штучнага інтэлекту.
Асобна Турчын спыніўся на справядлівай канкурэнцыі і абароне ўнутранага рынку ад няякаснага імпарту. Паводле яго слоў, урад мае намер стымуляваць айчынных вытворцаў, а не абмяжоўваць імпарт, аднак меры супраць няякаснай імпартнай прадукцыі будуць узмацняцца.
«Урад будзе прымаць усе меры для стымулявання ўласнага вытворцы, а не для абмежавання імпарту. Але барацьба з няякасным імпартам будзе толькі ўзмацняцца, гэта я кажу адкрыта. Мы павінны забяспечыць на сваім рынку сумленную і справядлівую канкурэнцыю і абараняць нашага спажыўца ад няякаснага імпарту. У гэтым напрамку Урад будзе прымаць самыя жорсткія меры», – запэўніў ён.
Яшчэ адной тэмай стала рэгуляванне цэн. Турчын адзначыў, што ўрад працягвае маніторыць кошт тавараў. Калі па асобных пазіцыях будуць зафіксаваныя рэзкія скачкі, іх могуць вярнуць у пералік тавараў, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай.
«Мы спадзяёмся на адказнасць бізнесу. Давайце дзейнічаць справядліва. Трэба суадносіць жаданне атрымаць прыбытак і разумныя падыходы да цэн. Нам вельмі не хацелася б нейкія пазіцыі вяртаць назад», – заклікаў Турчын.
Прэс-служба Лукашэнкі назвала мерапрыемства «тымбілдынгам бізнесу і кіраўніцтва краіны» і падкрэсліла, што падобны фармат у Палацы Незалежнасці праводзіцца ўпершыню.