Апеляцыю па справе Юрыя Гараўскага разгледзяць 22 верасня

Апеляцыйнае слуханне па справе былога байца беларускага САБРа Юрыя Гараўскага адбудзецца ў кантанальным судзе Санкт-Галена 22 верасня, паведамляе «Новы час».

Слуханне было запланавана на 24 чэрвеня, але тады яго перанеслі на нявызначаны тэрмін.

Справа датычыцца датычнасці Гараўскага да гвалтоўных знікненняў трох беларускіх апазіцыйных палітыкаў у 1999 годзе. Крымінальны іск быў пададзены вясной 2021 года сваякамі ахвяр пры падтрымцы TRIAL International, Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека і праваабарончага цэнтра «Вясна».

У 2019 годзе Гараўскі сам прызнаўся журналістам у датычнасці да знікненняў былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, былога віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага. Тым не менш у верасні 2023 года акруговы суд Роршаха яго апраўдаў. Суддзя палічыў, што некаторыя са сведчанняў Гараўскі прыдумаў, і заявіў, што яго роля ў выкраданнях не ясная.

Дачка аднаго са зніклых палітыкаў Алена Захаранка, якая выступае ісціцай па справе, выказала надзею на больш уважлівы разгляд паказанняў абвінавачанага ў апеляцыйнай інстанцыі. Паводле яе слоў, слуханне ў судзе першай інстанцыі суправаджалася шматлікімі памылкамі перакладу.

“Слуханне справы адказчыка ў судзе першай інстанцыі было сапсавана. Я чула вельмі шмат памылак у перакладзе. Я спадзяюся, што апеляцыйны суд надасць адказчыку і яго заявам увагу, якой яны заслугоўваюць”, — сказала яна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!