Иллюстративное фото: @belwarriors
З пачатку расійскай агрэсіі грамадзянства Украіны атрымалі 52 беларускія добраахвотнікі, якія ваявалі на баку Украіны. Яшчэ 22 справы накіраваны на разгляд Камісіі пры прэзідэнце Украіны па пытаннях грамадзянства. Пра гэта Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны паведаміла «Суспільному» у адказ на запыт.
Да пачатку поўнамаштабнага ўварвання ўкраінскае грамадзянства атрымалі 12 беларускіх добраахвотнікаў, яшчэ 40 сталі грамадзянамі Украіны пасля лютага 2022 года.
У міграцыйнай службе таксама паведамілі, што разгледзелі 22 справы беларускіх добраахвотнікаў і перадалі іх на разгляд прэзідэнцкай камісіі па пытаннях грамадзянства.
У чэрвені 2025 года Вярхоўная рада Украіны ўнесла змены ў заканадаўства аб набыцці і захаванні грамадзянства. У прыватнасці, для замежнікаў, якія праходзяць службу ў Сілах абароны Украіны па кантракце, тэрмін службы, неабходны для атрымання права прэтэндаваць на грамадзянства, скарацілі з трох гадоў да аднаго года.
Паводле інфармацыі міграцыйнай службы, агульны тэрмін разгляду заяў аб прыняцці ў грамадзянства пры адсутнасці неабходнасці ў дадатковай праверцы не павінен перавышаць 8 месяцаў. Пры гэтым заявы замежнікаў, якія ўдзельнічалі або ўдзельнічаюць у абароне Украіны, разглядаюцца ў прыярытэтным парадку.
Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны, а таксама члены іх сем’яў могуць легалізаваць знаходжанне ў краіне нават з пратэрмінаваным беларускім пашпартам. У прыватнасці, яны могуць атрымаць від на жыхарства або звярнуцца па грамадзянства. Пры гэтым неабходна мець арыгінал дакумента.
У ведамстве адзначылі, што для многіх беларускіх добраахвотнікаў замена пашпарта немагчымая без вяртання ў Беларусь, што можа ствараць для іх пагрозу. У той жа час дакладнай працэдуры аднаўлення беларускага пашпарта ва Украіне пакуль няма.
Для вырашэння гэтай праблемы міграцыйная служба распрацавала законапраект і перадала яго ў Міністэрства ўнутраных спраў для візавання і далейшага ўзгаднення з іншымі дзяржаўнымі органамі. Пакуль замежныя вайскоўцы, якія засталіся без асноўнага дакумента, могуць звярнуцца па статус бежанца або асобы, якая мае патрэбу ў дадатковай абароне.
Акрамя таго, з мая па жнівень 2026 года часовыя віды на жыхарства ўпершыню або ў выніку абмену атрымалі 45 грамадзян Беларусі, якія служаць у Сілах абароны Украіны.
Улік такіх відаў на жыхарства пачалі весці ў маі. Раней замежным добраахвотнікам для пацвярджэння законнасці знаходжання ва Украіне было дастаткова ваеннага білета і кантракта. Згодна з абноўленымі правіламі, усе дзейныя замежныя вайскоўцы Сіл абароны павінны прайсці працэдуру легалізацыі да 10 лістапада 2026 года.