Эйсмант: Лукашэнка ўхваліў просьбу родных Статкевіча адпусціць яго пасля хваробы

Аляксандр Лукашэнка ўхваліў просьбу родных палітвязня Мікалая Статкевіча адпусціць яго пасля хваробы. Пра гэта заявіла прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант у каментарыі РИА “Новости”.

«Для пачатку хачу нагадаць, што рашэнне аб памілаванні Мікалая Статкевіча прэзідэнт прыняў ужо даўно. Але тады ехаць у «райскі сад» Статкевіч адмовіўся. І — вярнуўся ў турму. З таго часу прайшло нямала часу — у асуджанага пачаліся праблемы са здароўем. У прыватнасці, здарыўся інфаркт галаўнога мозга”, — заявіла яна.

Паводле слоў Эйсмант, пра гэта было дакладзена Лукашэнку, і ён прыняў рашэнне “аб яго неадкладным пераводзе ў бальніцу, дзе была забяспечана ўся неабходная і своечасовая дапамога — яго выратавалі”.

“Затым кіраўніку дзяржавы паступілі шматлікія звароты родных — жонкі, блізкіх — з просьбамі адпусціць асуджанага дадому, каб мець магчымасць даглядаць і клапаціцца пра яго. Прэзідэнт і з гэтым пагадзіўся. У гэтай сувязі (наколькі нам вядома) згодна з просьбай родных — цяпер ён дома, аднаўляецца», — заявіла яна.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў 2021 годзе па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У калоніі ён доўгі час знаходзіўся ў рэжыме інкамунікада.

Мікалай Статкевіч быў сярод 52 палітвязняў, якія былі вызвалены 11 верасня 2025 года. Усіх палітвязняў вывезлі ў Літву. Аднак Мікалай Статкевіч адмовіўся выязджаць, ён выбег з аўтобуса і застаўся на тэрыторыі Беларусі. Некалькі гадзін ён знаходзіўся паміж двума пунктамі пропуску, пазней яго вывезлі людзі ў масках.

Пазней СМІ атрымалі інфармацыю, што Мікалай Статкевіч зноў знаходзіцца ў турме ў Глыбокім, аднак афіцыйна яна не была пацверджана. Марына Адамовіч падала ў міліцыю заяву пра яго знікненне.

Учора жонка паведаміла пра яго вызваленне. У цяперашні час Статкевіч знаходзіцца ў сябе дома ў Мінску. 21 студзеня ён перанёс інсульт, у яго парушана маўленне.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!