Літоўскія памежнікі расказалі пра затрыманне 9 мігрантаў на мяжы пасля месячнага перапынку

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы расказала пра першую пасля месячнага перапынку спробу парушэння мяжы мігрантамі.

Яна адбылася ноччу ў пятніцу на тэрыторыі Чапкеляйскага запаведніка. Тут пагранічнікі затрымалі 9 чалавек. Трэба адзначыць, што на тэрыторыі запаведніка адсутнічае суцэльнае памежнае загароджванне, аднак тут устаноўлены сродкі назірання, якія і зафіксавалі спробу пераходу мяжы.

Літоўскія пагранічнікі адзначылі, што мігранты былі гатовыя да пераходу мяжы ў зімовых умовах: у іх была цёплая вопратка, адпаведны абутак, запас ежы, тэлефоны. Мігранты адчувалі сябе добра, не мерзлі і не выказвалі ніякіх скаргаў або просьбаў.

Сярод затрыманых адзін грамадзянін Егіпта. У яго былі адпаведныя дакументы. Астатнія дакументаў не мелі. Пяцёра мужчын і дзве жанчыны назваліся грамадзянамі Марока, а яшчэ адзін назваўся грамадзянінам Алжыра. Усе яны былі выдвараны з тэрыторыі Літвы ў Беларусь.

Гэта была першая спроба парушэння мяжы Літвы мігрантамі пасля 30-дзённага перапынку. Да гэтага літоўскія пагранічнікі апошні раз разварочвалі мігрантаў 20 студзеня.

Адзначаецца, што ў сераду таксама была зафіксавана спроба парушэння польскай мяжы. Паўза на беларуска-польскай мяжы працягвалася 29 дзён.

“Лічыцца, што гэта адноснае зацішша ў апошні час абумоўлена суровымі зімовымі ўмовамі, якія ўскладняюць перасячэнне фізічнай мяжы, і прыпыненнем дзеянняў беларускіх службаў па аказанні дапамогі нелегальным мігрантам. Вядома, сваю ролю адыгрывае і ўзмацненне памежнага кантролю з Беларуссю ва ўсіх краінах, што перашкаджае спробам яе незаконнага перасячэння”, — гаворыцца ў паведамленні літоўскай пагранслужбы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!