Мікалай Статкевіч на волі

Палітвязень Мікалай Статкевіч вызвалены і знаходзіцца дома ў Мінску. Пра гэта паведамляе яго жонка Марына Адамовіч. Паводле яе інфармацыі, у зняволенні ён перанёс інсульт, цяпер ён аднаўляецца.

“Пакуль праблемы з маўленнем. У астатнім усё нармальна. Усё будзе добра”, – напісала яна.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў 2021 годзе па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У калоніі ён доўгі час знаходзіўся ў рэжыме інкамунікада.

Мікалай Статкевіч быў сярод 52 палітвязняў, якія былі вызвалены 11 верасня 2025 года. Усіх палітвязняў вывезлі ў Літву. Аднак Мікалай Статкевіч адмовіўся выязджаць, ён выбег з аўтобуса і застаўся на тэрыторыі Беларусі. Некалькі гадзін ён знаходзіўся паміж двума пунктамі пропуску, пазней яго вывезлі людзі ў масках.

Пасля СМІ атрымалі інфармацыю, што Мікалай Статкевіч зноў знаходзіцца ў турме ў Глыбокім, аднак афіцыйна яна не была пацверджана. Марына Адамовіч падала ў міліцыю заяву аб яго знікненні.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!