Скриншот видео
У інтэрв’ю «Зеркалу» прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі фактычна папярэдзіў Аляксандра Лукашэнку — далейшая падтрымка беларускім рэжымам Расіі ў вайне, што працягваецца, можа мець сур’ёзныя наступствы для Беларусі.
Уладзімір Зяленскі выразна размежаваў папярэдні і цяперашні фарматы дапамогі, якую беларускі рэжым аказвае Расіі, што напала на Украіну.
Паводле яго слоў, у мінулым, ацэньваючы ўдзел афіцыйнага Мінска ў вайне, у Кіеве рабілі зніжку на «дзеянні, якія не залежалі ад Лукашэнкі». У гэтым, як сцвярджае Зяленскі, яго ў тэлефоннай размове пераконваў асабіста беларускі палітык: маўляў, ва Украіну, «ракеты (з тэрыторыі Беларусі — прим. Reform.news) паляцелі, але яны „там даўно стаяць, мы гэта не кантралюем, запуск не кантралюем”».
Зразумела, што на першых этапах вайны кіраўніцтву Украіны было выгадней зрабіць выгляд, што ў Кіеве вераць такім апраўданням. І не наносіць у адказ удары па беларускай тэрыторыі. Зяленскі патлумачыў, чаму, нягледзячы на тое, што «ўсе хотелі адказаць», тады было прынята менавіта такое рашэнне. «На мой погляд, Пуцін толькі гэтага і чакаў — каб мы нанеслі ў той момант удары. Тады ён вельмі хацеў, каб і з гэтага напрамку беларусы маглі б заходзіць сваімі войскамі», — сказаў украінскі палітык.
Кіеў быў гатовы заплюшчваць вочы, пакуль беларускі рэжым займаўся «іншымі рэчамі». Напрыклад, боепрыпасы беларускай арміі масава вывозіліся ў РФ і выкарыстоўваліся ў баявых дзеяннях супраць Украіны. Нават на тое, што Беларусь і сёння «працягвае вырабляць артылерыю для расіян».
Але ў апошні час трывогу ва Украіне выклікае «новы фармат адносін [паміж Беларуссю і РФ]». Цяпер, сцвярджае Зяленскі, беларускі рэжым «дакладна ведае, што адбываецца на яе тэрыторыі». І патурае гэтым працэсам.
«Каардынацыя, рэтранслятары (якія выкарыстоўваюцца для навядзення расійскіх дронаў — прим. Reform.news), інфармацыя, карэкціроўка рэактыўных «Шахедаў» — усё гэта, перакананы прэзідэнт Украіны, сёння залежыць ад беларускага рэжыму. «Такіх дронаў, як цяпер, не было да пачатку вайны, такіх рэтранслятараў не існавала, якімі яны карыстаюцца, ніякага «Арэшніка» фізічна на тэрыторыі Беларусі не было», — кажа Зяленскі.
Увага кіраўніцтва Украіны, паводле слоў Зяленскага, прыкавана і да сумесных расійска-беларускіх ваенных вучэнняў на тэрыторыі нашай краіны. Напэўна, не засталася незаўважанай нетыпова высокая актыўнасць праверак у беларускіх узброеных сілах — проста цяпер у войсках праходзяць адразу два праверачныя мерапрыемствы. Адно ініцыяваў Лукашэнка ў абыход Мінабароны, другое паводле ўласнага плана праводзіць само міністэрства.
Зразумела, што ў інтэрв’ю Зяленскі не дагаворвае ўсяго. Верагодна, ёсць і іншыя фактары, якія прымушаюць кіраўніцтва Украіны па-новаму ацэньваць рызыкі ўступлення нашай краіны ў вайну. Цалкам магчыма, што інфармацыя, якая паступае прэзідэнту Украіны, у выніку і стала прычынай увядзення персанальных санкцый супраць Лукашэнкі. Зяленскі адзначыў, што наконт санкцый да яго «даўно звярталіся еўрапейцы, якія ўводзілі абмежаванні, шмат іншых краін». Але Украіна, паводле слоў яе прэзідэнта, мела «свае „чырвоныя лініі” па гэтым пытанні».
Цяпер жа, відаць, чырвоныя лініі зрушыліся. Вынікам чаго, верагодна, стала, у тым ліку, размарозка адносін з беларускімі дэмсіламі і незалежнымі медыя. Зяленскі наўпрост заявіў, што «цяпер ён (Аляксандр Лукашэнка — прим. Reform.news) нас правакуе [на гэтыя крокі].
Падставай для перагляду стратэгіі адносна Беларусі і рэжыму Лукашэнкі з вялікай доляй верагоднасці магло стаць якраз чаканае маштабаванне ўдзелу афіцыйнага Мінска ў вайне. Да таго ж да «Арэшніка» ў інтэрв’ю Зяленскі вяртаецца неаднаразова, называючы з’яўленне ў нашай краіне гэтай зброі «эскалацыяй і без таго складаных адносін з Беларуссю».
Можна дапусціць, што менавіта сукупнасць узрослых пагроз з боку Беларусі, а зусім не сыход Андрэя Ермака і яго прызначэнцаў з пасад у Офісе прэзідэнта Украіны, стала спускавым механізмам, які прымусіў Кіеў перагледзець свае «чырвоныя лініі».
Украінскі палітык заявіў, што ў вайне, якая працягваецца, «Лукашэнка з’яўляецца саўдзельнікам — але пакуль не беларускі народ. Чаму „пакуль“? Бо, яшчэ раз кажу, беларусаў уцягваюць у гэтую вайну».
І гэтае «пакуль» з вуснаў Зяленскага насцярожвае.
«Беларусь моцна рызыкуе. Лукашэнка штурхае вас да Пуціна. І цяпер гэта пытанне не толькі суверэнітэту Беларусі, а пытанне бяспекі. <…> У вас знаходзяцца тэхналогіі, тэхніка, якая пагражае Украіне, а сёння і ўсёй Еўропе». Зяленскі называе гэта рызыкамі для Украіны. Але і «вялікімі рызыкамі для беларусаў».
Сказанае прэзідэнтам Украіны можна расцэньваць як папярэджанне Лукашэнку. «Мы не выкарыстоўваем нашы дроны супраць Беларусі, бо мы не ваюем з вашай краінай — я гэта яшчэ раз падкрэслю», — заявіў Зяленскі.
Але затым ідзе пасаж, які можна трактаваць двухсэнсоўна. «Мы не на першым годзе вайны, і нам не трэба выкарыстоўваць нашу жывую сілу і нашых вайскоўцаў. Мы можам з тэрыторыі Кіева кіраваць многімі рэчамі. І таму я лічу, што яму (Лукашэнку — прим. Reform.news) трэба ўсё ж такі «прийти до тями», як кажуць ва Украіне, працверазець, не ўцягвацца ў вайну».
Кіраванне якімі «рэчамі» меў на ўвазе ўкраінскі прэзідэнт? Магчыма, разгадка крыецца ў іншым яго выказванні. Гаворка там ідзе пра тыя самыя размешчаныя ў Беларусі рэтранслятары для кіравання дронамі, якія дапамагаюць расійскім «Шахедам» забіваць украінцаў.
«Я не буду казаць, якім спосабам, але нашы хлопцы займаліся тым, каб тры-чатыры рэтранслятары ўжо не працавалі на тэрыторыі Беларусі. У нас проста няма іншага выхаду, інакш будуць працягвацца атакі на нашу зямлю. І з гэтага напрамку цяпер лятае значна менш, хачу вам сказаць», — заявіў Зяленскі.
Як удалося дамагчыся вываду рэтранслятараў з ладу, прэзідэнт Украіны не патлумачыў. Аднак яго рэмарку пра адсутнасць «іншага выхаду» ў выпадку працягнення атак з беларускай тэрыторыі не варта пакідаць без увагі. Падобна, Украіна на пэўныя «фарматы саўдзелу» гатовая адказваць. І адказваць жорстка. Гэта Зяленскі недвухсэнсоўна даў зразумець Лукашэнку. Дарэчы, узгадаўшы і пра Мазырскі НПЗ, па якім, як сцвярджае ўкраінскі прэзідэнт, беларускі палітык сам прапаноўваў яму ўдарыць у адказ у 2022 годзе, усвядоміўшы, што расійскі бліцкрыг ва Украіне праваліўся.
Другое папярэджанне Зяленскага датычыцца адносін Лукашэнкі з ЗША. «Яму здаецца, што яго, скажам так, новы этап адносін з амерыканцамі дае яму нейкую там, ведаеце, недатыкальнасць. Не», — заявіў прэзідэнт Украіны.
Ён адзначыў, што Кіеў раней не падымаў пытанне Лукашэнкі з амерыканскім бокам, бо ва Украіне бачылі, «што амерыканцы настроеныя знайсці камунікацыю з ім, выйсці на вынік дыпламатычным шляхам». Але цяпер, паводле слоў Зяленскага, Украіна гатовая «ўключацца ў гэты трэк». У тым ліку, прадставіўшы новыя доказы непасрэднага саўдзелу Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі.
Выглядае так, нібыта ў інтэрв’ю «Зеркалу» Уладзімір Зяленскі паслаў Лукашэнку недвухсэнсоўнае папярэджанне пра магчымыя наступствы эскалацыі і маштабавання ўдзелу беларускага рэжыму ў вайне. Характэрна, што зроблена гэта было акурат напярэдадні запланаванага на 26 лютага візіту беларускага палітыка да Уладзіміра Пуціна. Падстава — пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, аднак відавочна, што пытанні вайны, якая працягваецца, таксама будуць абмяркоўвацца саюзнікамі. Цяпер жа Лукашэнка едзе ў Расію, маючы пры сабе «чорную метку» ад Зяленскага. Ёсць пра што падумаць напярэдадні прызначанай сустрэчы.
Падпішыцеся на наш тэлеграм-канал «Reform.news: Самае цікавае»
***
Меркаванні і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news