Сергей Глазьев в ожидании встречи с Лукашенко 16 февраля. Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым назваў новую дату пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Ён сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным 26 лютага.
«Вядома — 26-га па ўзгадненні з прэзідэнтам Расіі», – сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Раней Сяргей Глазьеў анансаваў правядзенне ВДC 25 лютага.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асноўнай тэмай яго размовы з Уладзімірам Пуціным 8 лютага стала менавіта пасяджэнне дзяржсавета, а не Савет міру.
«Апошні раз мы абмяркоўвалі гэтае пытанне, гэта было асноўнае пытанне нашай тэлефоннай размовы. Хаця тут канспіралогія вялікая пасля гэтай размовы. Тым больш што гэтае пытанне супала якраз з Саветам міру, які Дональд Трамп будзе праводзіць у Вашынгтоне, і маім запрашэннем на гэты савет.
Таму ўсе нашы перамовы, размовы з прэзідэнтам Пуціным зацямніла гэтае пытанне. Тым не менш галоўнае, асноўнае пытанне, якое мы абмяркоўвалі, — гэта пасяджэнне вышэйшага органа нашай Саюзнай дзяржавы і далейшыя кантакты нашы з прэзідэнтам Расіі і перамовы па тых пытаннях, якія датычацца Беларусі і Расіі», – дадаў ён.
Нагадаем, праз пару дзён пасля размовы з Пуціным прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што ён не паедзе на першую сустрэчу Савета міру з-за шчыльнага графіка і лагістычных цяжкасцяў. Беларусь на сустрэчы будзе прадстаўляць міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.