Фото: ОПК
23 лютага ў Вільнюсе прайшла сустрэча прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета і Офіса Святланы Ціханоўскай са спецпрадстаўнікамі Літвы, Латвіі і Эстоніі.
З боку балтыйскіх краін удзельнічалі спецпрадстаўнікі Аста Андрыяускене (Літва), Кармен Лаус (Эстонія), Гунта Пасторэ (Латвія), з беларускага — дырэктар Офіса Ціханоўскай у Вільнюсе Дзяніс Кучынскі, дарадца Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч, пазаштатны дарадца Ціханоўскай па пытаннях экалогіі Дзмітрый Кучук, прадстаўніца ОПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская, паведамляе ОПК.
Зазулінская падзякавала балтыйскім партнёрам за ўдзел у фінансаванні Міжнароднага гуманітарнага фонду, прадставіла сацыяльныя прыярытэты ОПК і абазначыла асноўныя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца беларусы ў краінах пражывання — ад легалізацыі да доступу да сацыяльных і адукацыйных паслуг. Асобна абмяркоўвалася сітуацыя з палітвязнямі і рэпрэсаванымі, а таксама пытанні гуманітарнай, прававой і фінансавай дапамогі.
«Мы вызначылі, якая дапамога цяпер найбольш неабходная — гуманітарная, прававая, інстытуцыйная і фінансавая», — расказала Зазулінская пра сустрэчу.
Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся аб далейшым узаемадзеянні.