Фото: pixabay.com
Суд Савецкага раёна Мінска прызнаў вінаватым у махлярстве ў асабліва буйным памеры 60-гадовага жыхара Гомеля. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 5 гадоў са штрафам у памеры 200 базавых велічынь (9 тыс. рублёў).
Як паведамілі ў пракуратуры, мужчына быў заснавальнікам і дырэктарам унітарнага прадпрыемства і аказваў паслугі па набыцці аўтамабіляў за мяжой і дастаўцы іх у Беларусь.
Паводле версіі абвінавачання, ён загадзя не меў намеру выконваць абавязацельствы перад пацярпелымі, на што ўказвалі “крайне неспрыяльнае фінансавае становішча яго арганізацыі, эканамічная неабгрунтаванасць і нерэальнасць прынятых абавязацельстваў”.
“Пры гэтым ён ажыццяўляў вяртанне грашовых сродкаў шэрагу пацярпелых з грошай, атрыманых ад іншых пацярпелых, ужо пасля іх звароту ў праваахоўныя органы.
У выніку супрацьпраўных дзеянняў абвінавачаны завалодаў грашовымі сродкамі 15 грамадзян на суму больш за 544 тыс. рублёў”, — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
У судзе абвінавачаны фактычна не прызнаў віну. Ён патлумачыў, што атрымаў грошы ад заказчыкаў, аднак не змог гэтага зрабіць з-за “увядзення абмежаванняў на ўвоз аўтамабіляў у Рэспубліку Беларусь з боку заходніх краін”.
Шкода, прычыненая пацярпелым, кампенсавана часткова.
Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.