Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, расказала «Новай газеце. Еўропа», што ўвесь гэты час яе муж знаходзіўся ў калоніі ў Глыбокім, адкуль яго вывезлі ў верасні 2025 года.
Паводле яе слоў, пасля адмовы пакідаць Беларусь у верасні Статкевіча зноў даставілі ў тую ж калонію. Паводле яе слоў, этапаванне адбывалася з мяшком на галаве і са сцяжкамі на руках. Адамовіч паведаміла, што за апошнія месяцы тройчы прыязджала ў калонію і накіроўвала звароты, аднак не атрымала адказаў.
“Аказваецца, увесь гэты час ён знаходзіўся ў той жа калоніі ў Глыбокім, з якой яго вывезлі ў верасні, — расказала яна. — Мікалай сказаў, што яго як з калоніі везлі з мяшком на галаве, так і зваротным шляхам, з мяжы ў калонію, з тым жа мяшком на галаве і сцяжкамі на руках. Я пісала туды, у калонію. Я за гэтыя месяцы ездзiла туды тройчы. І мне ніхто нічога не сказаў, не даў ніводнага адказу на мае звароты. Але ён увесь гэты час быў там. А інфаркт у Мікалая здарыўся яшчэ 21 студзеня, і яго ў той жа вечар вывезлі ў Мінск. (На заднім плане ў гэты час гучыць голас Мікалая. Неразборліва, але Марына разумее. — Заўв. аўт.) Мікалай кажа, што лекары сапраўды рабілі ўсё магчымае, каб выратаваць яго жыццё: тры тыдні рэанімацыі, кармленне праз трубку”.
Паводле слоў жонкі, пасля вызвалення дома яго сустрэлі яна і хатнія жывёлы — сабакі і каты.
«Нашы старыя коцікі нават праз пяць гадоў пазналі свайго гаспадара», — сказала яна.
Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў 2021 годзе па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У калоніі ён доўгі час знаходзіўся ў рэжыме інкамунікада. За час зняволення ў яго было толькі адно кароткатэрміновае спатканне з жонкай — у чэрвені 2022 года.
Мікалай Статкевіч быў сярод 52 палітвязняў, якія былі вызвалены 11 верасня 2025 года. Усіх палітвязняў вывезлі ў Літву. Аднак Мікалай Статкевіч адмовіўся выязджаць, ён выбег з аўтобуса і застаўся на тэрыторыі Беларусі. Некалькі гадзін ён знаходзіўся паміж двума пунктамі пропуску, пазней яго вывезлі людзі ў масках.
Пазней СМІ атрымалі інфармацыю, што Мікалай Статкевіч зноў знаходзіцца ў турме ў Глыбокім, аднак афіцыйна яна не была пацверджана. Марына Адамовіч падала ў міліцыю заяву пра яго знікненне.
Учора жонка паведаміла пра яго вызваленне. У цяперашні час Статкевіч знаходзіцца ў сябе дома ў Мінску. 21 студзеня ён перанёс інсульт, у яго парушана маўленне.
Сёння прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што ён ухваліў просьбу родных Мікалая Статкевіча адпусціць яго пасля хваробы.
