Кадр з трэйлера фільма Рыгора Азаронка "Душа абаронцы".
Трэйлер новай карціны прапагадыста Рыгора Азаронка «Душа абаронцы» апублікавалі на сайце мінскага «Кінавідэапраката». Дакументальны фільм, зняты на падраздзяленні «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм», выйдзе ў рэспубліканскі пракат 12 лютага.
Стужка распавядае пра «адказныя» будні Мазырскага пагранатрада.
У ліпені мінулага года пра здымкі гэтай карціны пісаў Флагшток. Паведамлялася, што неігравая стужка кінастудыі «Беларусьфільм» (тады яна мела рабочую назву «Душа арміі») у рэжысуры Рыгора Азаронка будзе прысвечана памежнікам.
«Фільм пра сілу і мужнасць людзей, якія штодня знаходзяцца на мяжы. На мяжы паміж жыццём і смерцю. Унікальныя падзеі, захапляльныя трэніроўкі і спецаперацыі, кранальныя асабістыя гісторыі — пра ўсё гэта раскажа фільм. Любоў, Гонар, Адвага, а самае галоўнае — душа чалавека ў такі складаны момант», — з пафасам гаварылася ў анонсе кіно.
«Флагшток» нагадаў, што вайскоўцы менавіта Гомельскай пагранічнай групы, да якой адносіцца Мазырскі пагранатрад, праявілі асаблівы «гераізм» пры нападзенні РФ на Украіну з тэрыторыі Беларусі: не перашкаджалі перасячэнню дзяржаўнай мяжы з Украінай ваеннай тэхнікі іншай дзяржавы.
Зараз на сайце «Кінавідэапраката» апісанне да карціны адсутнічае. Даецца інфармацыя пра адукацыю Рыгора Азаронка, што ён закончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію па спецыяльнасці «Рэжысура кіно і тэлебачання», і працуе ЗАТ «Столичное телевидение». Хто фігуруе ў кіно — не паведамляецца.
Трэйлер выдае шчыльную «нарэзку» дзеянняў сілавікоў у ваеннай тэхніцы пад пафасную музыку.
Летась карціна была паказана на фестывалі «Лістапад» у межах Нацыянальнага конкурсу і атрымала прыз журы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram