Фото: Reform.by
МЗС Беларусі выступае супраць умяшання ва ўнутраныя справы Ірана і рэкамендуе грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў краіне, выконваць мясцовае заканадаўства і пазбягаць месцаў масавага збору людзей.
Беларусь выказвае ўпэўненасць, што ўрад і народ Ірана змогуць захаваць стабільнасць у краіне.
«Мы перакананыя, што Урад Ірана і іранскі народ здольныя пераадолець наяўныя цяжкасці і захаваць стабільнасць у краіне.
Кіруючыся асноватворнымі прынцыпамі Статута ААН, Беларусь катэгарычна адхіляе любыя формы ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў», — гаворыцца ў заяве МЗС.
МЗС раіць беларусам перад паездкай у Іран улічваць інфармацыю аб абмежаванні палётаў і сачыць за паведамленнямі ад авіякампаній і аэрапортаў, а тым, хто знаходзіцца ў Іране, — праяўляць асцярожнасць.
«Грамадзянам Беларусі, якія плануюць паездкі ў Іран у сувязі з неадкладнай неабходнасцю, варта абавязкова ўлічваць афіцыйныя паведамленні авіяцыйных уладаў (NOTAM) аб увядзенні абмежаванняў на выкарыстанне паветранай прасторы, паведамленні авіякампаній аб змяненні графіку палётаў у Іран, а таксама інфармацыю аб магчымых змяненнях у працы аэрапортаў.
Для беларускіх грамадзян, якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Ірана, дзейнічаюць стандартныя рэкамендацыі ва ўмовах ускладненай абстаноўкі: выконваць мясцовае заканадаўства, выконваць распараджэнні службовых асоб, праяўляць асцярожнасць і пазбягаць месцаў масавага збору людзей», — гаворыцца ў заяве.
Нагадаем, пратэсты ў Іране працягваюцца больш за два тыдні на фоне цяжкай эканамічнай сітуацыі і высокай інфляцыі. Вядома пра сотні загінулых. З 8 студзеня ў Іране цалкам адключаны інтэрнэт.