Дэмсілы абмеркавалі з Радай Еўропы падтрымку беларусаў і прапанавалі распрацаваць «віленскія рашэнні»

У Вільнюсе адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл з генеральным сакратаром Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы Мэцью Моры. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінета і ініцыятыў грамадзянскай супольнасці.

Дарадца Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька расказаў пра працу над праектамі Канстытуцыі і закона аб мясцовым самакіраванні, прапанаваў развіваць сетку дэпутацкіх груп «За дэмакратычную Беларусь» на мясцовым узроўні і вылучыў ідэю канферэнцыі з удзелам еўрапейскіх мэраў.

Фота: t.me/tsikhanouskaya

Дарадца па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч звярнуў увагу на маштабы палітычных пераследаў у сферы адукацыі і бюракратычныя перашкоды, якія абмяжоўваюць дапамогу рэпрэсаваным настаўнікам і навучэнцам.

Прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская адзначыла, што рэпрэсіі ўнутры Беларусі не спыняюцца, а набываюць усё больш крыміналізаваны характар. Яна ўзняла пытанні, якія датычацца беларусаў у Грузіі і Украіне, а таксама праблему ануляваных пашпартоў у дэпартаваных палітвязняў.

Намесніца прадстаўніка па сацыяльнай палітыцы Юлія Міцкевіч дамовілася ўключыць гендарную роўнасць як скразны кампанент у праграмы навучання па мясцовым самакіраванні, а таксама абмеркавала арганізацыю стажыровак для маладых людзей, дзе яны змогуць на практыцы вывучаць еўрапейскія стандарты недыскрымінацыі і дзяржаўнага кіравання. Стажыроўкі будуць арганізаваны ў супрацоўніцтве з Саветам Еўропы і прадстаўніцай па маладзёжнай палітыцы Маргарытай Ворыхавай.

Каардынатар ініцыятывы “Вольныя” Вераніка Станкевіч прадставіла аналіз праблем адаптацыі былых палітвязняў у ЕС і прапанавала перавесці падтрымку на сістэмны ўзровень праз муніцыпальныя праграмы.

Па выніках сустрэчы беларускія дэмакратычныя сілы прапанавалі падпісаць мемарандум аб узаемадзеянні. Таксама была вылучана ідэя распрацаваць «віленскія рашэнні» па ўзоры люксембургскіх — практычныя рэкамендацыі для мэраў і муніцыпалітэтаў па падтрымцы беларусаў. Асобна абмяркоўвалася магчымыя дапамога Кангрэса ў інтэграцыі былых палітвязняў у грамадства пасля вызвалення, паведамілі ў Офісе Святланы Ціханоўскай.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!