Reform.news

Дэцэнтралізаваны фармат: Беларуская Рада культуры выклала мапінг беларуска-ўкраінскай культурнай супрацы ў 2022–2026 гадах

Reform.news · 25 верасня 2026, 15:09

https://reform.news/be/djecjentralizavany-farmat-belaruskaja-rada-kultury-vyklala-maping-belaruska-krainskaj-kulturnaj-supracy-2022-2026-gadah/

У варшаўскім Цэнтры Беларускай Салідарнасці прайшла сустрэча з Сяргеем Будкіным, кіраўніком Беларускай Рады культуры, аўтарам ідэі і прадусарам праекта «Нерасстраляныя», на якой закранулі і беларуска-ўкраінскія стасункі.

Разам з мадэратарам Яраславам Іванюком удзельнікі сустрэчы разважалі пра тое, што адбываецца з беларусамі, калі нас спрабуюць выкрасліць, знішчыць, і што мы можам зрабіць у гэтай сітуацыі. Разважалі таксама пра тое, што эміграцыя культурных дзеячоў – цяжкая старонка, шмат для каго трагічная, а для некаторых фатальная, калі згадаць лёс Алеся Пушкіна, але пры гэтым пераадоленне выклікаў спрыяе нараджэнню новых сэнсаў і з’яў у беларускай культуры. «Што новага зʼявілася за апошні час у развіцці нашай культуры?» – спытаў Яраслаў Іванюк.

Сустрэча з Сяргеем Будкіным у Цэнтры Беларускай салідарнасці. Справа – мадэратар Яраслаў Іванюк. Фота: reform.news

Сяргей Будкін расказаў, што нядаўна вярнуўся з Кіева, дзе прэзентаваў даклад пра адносіны беларусаў і ўкраінцаў падчас вайны, зроблены на падставе аналізу 46 сумесных праектаў у розных сферах культуры. Ён выказаў меркаванне, што ёсць патрэба ў стварэнні асобнай доўгатэрміновай праграмы падтрымкі беларуска-ўкраінскага культурнага супрацоўніцтва – з уласным фінансаваннем, устойлівымі партнёрствамі і падтрымкай як творчых праектаў, так і інфраструктуры дыялогу.

На старонцы Беларускай Рады культуры ўжо выкладзены мапінг гэтай беларуска-ўкраінскай культурнай супрацы за 2022–2026 гады, падрыхтаваны інстытуцыяй сумесна з Дацкім інстытутам культуры.

Рэальны маштаб супрацы, верагодна, большы за пералічаныя праекты. Але нават гэтая выбарка паказвае ўстойлівасць сувязяў: дзясяткі супольных ініцыятыў былі рэалізаваныя менш чым за чатыры гады ва ўмовах вайны, эміграцыі, абмежаваных рэсурсаў і фактычнай адсутнасці сістэмнага міждзяржаўнага дыялогу.

Выбралі галоўнае з гэтага тэксту.

Перадгісторыя

Да 2020 года беларуска-ўкраінскія культурныя адносіны развіваліся па двух паралельных каналах. Першы быў звязаны з міждзяржаўнымі і афіцыйнымі кантактамі: удзелам у міжнародных кніжных выставах і кірмашах, днях культуры, праграмах амбасадаў і дзяржаўных культурных інстытуцый. Другі фармаваўся ў незалежным культурным полі – праз фестывалі, аўтарскія і мастацкія ініцыятывы, незалежныя пляцоўкі і супольныя праекты, якія ўзнікалі непасрэдна паміж прафесійнымі супольнасцямі. Пасля падзей 2020 года беларуская культура стала больш прыкметнай у незалежнай украінскай культурнай прасторы.

Сведчаннем гэтага сталі, у прыватнасці, выданне кнігі Іі Ківы «Ми прокинемось іншими…», прысвечанай беларускаму досведу трансфармацыі і супраціву, і выстава беларускага супраціву «Кожны дзень» у кіеўскім комплексе «Мистецький Арсенал», якая аб’яднала працы больш як 50 беларускіх і ўкраінскіх мастакоў.

Адначасова Украіна стала адной з важных краін рэлакацыі беларускіх культурных дзеячаў, што паспрыяла новым прафесійным і асабістым сувязям.

Фота: фэйсбук Альгерда Бахарэвіча

Літаратура

Беларускія аўтары ўваходзяць ва ўкраінскую літаратурную прастору, а ўкраінскія творы перакладаюцца і выдаюцца па-беларуску.

Такія кнігі, як «Слоўнік вайны» Астапа Слывінскага ў перакладзе з украінскай на беларускую мову Ірыны Герасімовіч, трагічная сямейная сага «Салодкая Даруся» Марыі Маціёс у перакладзе з украінскай на беларускую мову, дакументальная кніга беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша «Беларускі Данбас», вершы Дзмітрыя Строцава «Украінскі іканапіс: паэтычны рэпартаж 2014–2025 гадоў», кніга-фотаальбом Алеся Плоткі, Алеся Пілецкага і Станіслава Крупажа Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine у перакладзе на ўкраінскую мову, спрыяюць фармаванню супольнага наратыву пра вайну і рэпрэсіі і паступоваму пераасэнсаванню беларуска-ўкраінскай гісторыі як узаемазвязанага досведу.

Украінскі ваенны досвед уваходзіць у сучасную беларускую паэзію не як знешняя тэма, а як частка актуальнага беларускага літаратурнага досведу. Так, Сяргею Прылуцкаму, беларускаму паэту і грамадзяніну Украіны, за паэтычную кнігу пра вайну «Нічога нястрашнага» была ўручаная прэмія Наталлі Арсеньевай.

За пераклад украінскай паэзіі беларускаму паэту Андрэю Хадановічу была ўручаная Прэмія Карласа Шэрмана.

А першы пераклад рамана Альгерда Бахарэвіча на ўкраінскую мову «Дзеці Аліндаркі» ўвайшоў у спіс найлепшых кніг года ва Украіне паводле Украінскага ПЭНа. Гэта паказвае, што беларуская літаратура можа быць цікавая ва Украіне не толькі ў кантэксце палітычнай салідарнасці, але і як самастойная літаратурная з’ява.

«Трызуб і Пагоня» культурна-асветніцкага партала «Будзьма беларусамі!». Скрын відэа

Медыяпраекты і кампаніі

Частка гэтых ініцыятыў працуе з тым, як Беларусь і беларусы прадстаўлены ва ўкраінскай інфармацыйнай прасторы, іншыя – з агульнай гісторыяй, мовай, памяццю, русіфікацыяй і сучасным досведам вайны і эміграцыі. Медыя тут выступаюць не проста каналам распаўсюду інфармацыі, а інструментам, які дапамагае карэктаваць спрошчаныя вобразы і паказваць больш складаную карціну адносінаў паміж дзвюма супольнасцямі.

Сярод пералічаных праектаў – #BelaruswithUkraine, прысвечаная фармаванню негатыўнага стаўлення беларусаў да расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, ініцыяваная шэрагам беларускіх незалежных арганізацый і каардынаваная Беларускай Радай культуры; «Трызуб і Пагоня» культурна-асветніцкага партала «Будзьма беларусамі!»; украінскамоўная газета пра Беларусь і беларусаў «Вісник», беларуска-ўкраінскі падкаст Rakamakafo і вялікае інтэрв’ю Алеся Плоткі на YouTube-канале Ukrainer, якое адбылася ў межах праекта «Моўнае пытанне», дзе асобная ўвага надаецца мовам, якім пагражае знікненне ва Украіне, у тым ліку беларускай.

Марына Напрушкіна. Праект «Птушкі з народам» на Кіеўскай біенале. Варшава, 2025. Фота: reform.news

Візуальныя мастацтвы

У жніўні 2022 года, да Дня Незалежнасці Украіны, Уладзімір Зяленскі з’явіўся ў вышыванцы з арнаментам, створаным беларускай мастачкай Руфінай Базловай. Узор спалучаў традыцыйную мову вышыўкі з вобразамі сучаснай вайны: танкамі, каласамі і людзьмі, якія трымаюцца за рукі. Такім чынам, традыцыйнае дэкаратыўнае мастацтва было ператворанае ў сродак сучаснага наратыву пра вайну, супраціў і еднасць.

З вясны 2023 года Яўген Жураўскі, жаўнер Палка Каліноўскага з пазыўным «Салам», здымае на плёнку паўсядзённасць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне – навучанне, чаканне, побыт, кароткія моманты адпачынку і жыццё паміж баявымі задачамі. Аўтар свядома пазбягае гераізацыі і рамантызацыі вайны, паказваючы яе праз звычайны чалавечы досвед. У Музеі Вольнай Беларусі сёлета працавала выстава «Праз фотаплёнку. Штодзённасць ваяроў».

У 2025-м у Познані прайшла беларуска-ўкраінска-польская выстава «Dom Możliwy / A Possible Home», якая аб’яднала мастакоў, чый асабісты і прафесійны досвед звязаны з гэтым горадам. У цэнтры праекта была тэма дому – як месца, якое чалавек выбірае сам або вымушаны шукаць нанова праз вайну, пераезд, эміграцыю і страту ранейшага жыцця.

Украінскія і беларускія мастакі працавалі разам на Арт-рэзідэнцыі Mochnarte на Падляшшы з тэмамі памежжа, вайны, страты, міграцыі і памяці.

Уладзімір Зяленскі ў «выжыванцы» з арнаментам ад Руфіны Базловай. Фота: president.gov.ua.

Беларускія мастакі – Марына Напрушкіна, Воля Сасноўская і Ала Савашэвіч – ўдзельнічалі ў Кіеўскай біенале – 2025. Гэтыя аўтаркі працуюць у міжнародным кантэксце і па-за межамі Беларусі. Беларусь у межах праекту не была прадстаўленая як дзяржава ці асобная культурная сцэна, але прысутнічала праз незалежных мастакоў як частка шырэйшага ўсходнееўрапейскага і постсавецкага досведу. У такім фармаце беларускае выказванне ўключаецца ў агульную размову пра вайну, імперыю, памяць і дэкаланізацыю – разам з украінскімі і іншымі еўрапейскімі аўтарамі, а не ў ізаляцыі. Гэта важна як прыклад мадэлі, у якой беларускае мастацтва не ізалюецца ў асобную «беларускую тэму», а становіцца часткай агульнай размовы пра досвед Усходняй Еўропы.

Яшчэ адзін важны прыклад супрацы – міжнародны мастацкі рух Antiwarcoaliton.art, што функцыянуе адначасова як адкрыты архіў антываеннага мастацтва і сетка салідарнасці. Важнай часткай дзейнасці сталі афлайнпраекты, у тым ліку выстава «Пачуццё бяспекі» ў Харкаве – горадзе, які стаў адным з сімвалаў украінскага супраціву. Правядзенне выставы непасрэдна ва ўмовах вайны надало праекту дадатковае значэнне як форме культурнай прысутнасці і падтрымкі. «Пачуццё бяспекі» атрымала міжнароднае прызнанне і была намінаваная на Нацыянальную прэмію Украіны імя Тараса Шаўчэнкі – адну з найбольш прэстыжных культурных узнагарод краіны.

Адкрыццё мемарыяльнага барэльефа ў гонар Канстанціна Астрожскага. Фота: ukrinform.ua

Фестывалі і прасторы для дыялогу

У фестывалях асабліва відавочны паступовы пераход ад сімвалічных жэстаў і разавых акцый да больш працяглых форм супрацы. З’яўляюцца ініцыятывы, якія спалучаюць культуру з адукацыяй, медыя, рэзідэнцыямі, захаваннем памяці і практычнай салідарнасцю.

У 2023–2025 гадах у Кіева-Пячэрскай лаўры паслядоўна адбываліся мерапрыемствы, прысвечаныя гадавінам Бітвы пад Оршай і памяці князя Канстанціна Астрожскага. Быў адкрыты мемарыяльны барэльеф у яго гонар, прайшлі афіцыйныя ўрачыстасці з удзелам мітрапаліта Эпіфанія; а ў 2025 годзе, да 511-й гадавіны, акцэнт быў на сімвалічным і гістарычным вымярэнні памяці – з ліціямі, ушанаваннем і прэзентацыяй адноўленых харугваў войска Астрожскага. Паслядоўнасць гэтых падзей сведчыць, што памяць пра Бітву пад Оршай і постаць Астрожскага паступова замацоўваюцца ва ўкраінскай культурнай і мемарыяльнай прасторы і разглядаюцца ў тым ліку як частка агульнай украінскай і беларускай гісторыі.

У 2025 годзе на беларуска-ўкраінскім Форуме імя Астрожскіх упершыню за чатыры гады правядзення з’явілася асобная культурніцкая панэль. Дыскусія «Супраца Украіны і Беларусі ў культуры: дэкаланіяльнае вымярэнне», арганізаваная Беларускай Радай культуры, вывела ў гэты дыялог пытанні мовы, памяці, ідэнтычнасці, агульнай гісторыі і культурнай супрацы.

У 2022 годзе вуліца ў Пячэрскім раёне ўкраінскай сталіцы, раней названая ў гонар расійскага крытыка Мікалая Дабралюбава, атрымала імя беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Гэта знак павагі да творчасці аўтара, ушанаванне супольных старонак гісторыі (Караткевіч жыў у Кіеве і вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта) і жэст культурнай салідарнасці з беларускім народам.

У верасні 2024 года па ініцыятыве беларускай супольнасці і кіраўніка дабрачыннага фонду «Вільна Беларусь» Аляксея Францкевіча ў Львове зʼявіўся «Дом Вольнай Беларусі», які спалучае грамадскую, культурную і мемарыяльную функцыі. Тут праходзяць культурныя і грамадскія мерапрыемствы, працуе музейная экспазіцыя «Вольная Беларусь з Украінай у сэрцы», прысвечаная, у прыватнасці, беларусам, якія загінулі, абараняючы Украіну. Значэнне гэтай пляцоўкі ў тым, што яна стварае фізічную прастору пастаяннага кантакту паміж беларусамі і ўкраінцамі.

Хор “Спевы з-пад моста”. Фота: Bartek Wieczorek

Музыка

Хор «Унія» стаў прыкладам натуральнага спалучэння беларускай і ўкраінскай музычных традыцый у межах аднаго калектыву. У яго складзе разам з беларусамі выступаюць літоўцы, палякі і ўкраінцы. Адным з першых рэакцый хору на пачатак поўнамаштабнай вайны стала выкананне ўкраінскай песні «Ой у лузі червона калина». У сучасным рэпертуары «Уніі» прысутнічаюць таксама беларускія, польскія і ўкраінскія калядкі.

Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук стала адной з самых прыкметных беларускіх музычных постацяў у кантэксце беларуска-ўкраінскай салідарнасці. Яна выконвала ўкраінскі рэпертуар, у тым ліку песню 18«Черемшина», удзельнічала ў сумесных музычных праектах з украінскімі артыстамі і выступала перад беларускімі добраахвотнікамі і ўкраінскімі вайскоўцамі ў межах «Культурнага дэсанту». Музычная дзейнасць Ляўчук у гэтым выпадку выходзіць за межы сімвалічнай падтрымкі і становіцца часткай непасрэднай культурнай прысутнасці ва ўкраінскім грамадстве.

У першыя тыдні пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну Лявон Вольскі запісаў песню «Героям слава!» У запісе разам з Лявонам Вольскім удзельнічалі беларускія музыкі Юры Стыльскі і Аляксандр Памідораў, польскі музыка Томаш Арганэк і Warsaw Freedom Orchestra. Музыку і першапачатковы тэкст напісаў Вольскі, украінскую версію тэксту падрыхтаваў Вячаслаў Лявіцкі. Самі аўтары вызначалі гэты запіс як свой музычны ўнёсак у падтрымку Украіны і яе барацьбы супраць расійскай агрэсіі.

У 2022 годзе беларуская спявачка і кампазітарка Ірэна Катвіцкая стала пераможцай украінска-брытанскага конкурсу Golden Time Talent, атрымаўшы два дыпломы I ступені – у намінацыях «Фолк-вакал» і «Кампазітар. Вакальная музыка». Для конкурсу яна абрала аўтэнтычны беларускі матэрыял: баладу «Сілязенька» з Паазер’я і ўласную кампазіцыю «Вясна», заснаваную на беларускім фальклорным матэрыяле. Гэты прыклад паказвае беларускую традыцыйную музыку не толькі як сродак салідарнасці, але і як самастойную мастацкую каштоўнасць, прадстаўленую ва ўкраінскім культурным полі.

Беларускі дырыжор Віталь Алексяёнак быў мастацкім кіраўніком KharkivMusicFest-2022. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання фестываль апынуўся пад пагрозай скасавання, аднак арганізатары вырашылі яго правесці – ужо ў ваенных умовах. 26 сакавіка 2022 года адкрыццё адбылося на станцыі харкаўскага метро «Істарычны музей», якая выкарыстоўвалася як сховішча, пад назвай «Канцэрт паміж выбухамі». У праграме гучалі творы Баха, Шуберта, Дворжака і Скарыка, а таксама апрацоўкі ўкраінскіх народных песень. Алексяёнак падкрэсліваў, што фестываль для яго – гэта не толькі канцэрты, але і праява волі да развіцця культуры і грамадзянскай супольнасці. У выніку беларускі дырыжор аказаўся не проста ўдзельнікам украінскага культурнага жыцця, а адным з людзей, якія ў самы цяжкі перыяд дапамаглі захаваць культурную прысутнасць Харкава.

Асобны транснацыянальны прыклад – песня Pink Floyd «Hey Hey Rise Up» з удзелам Андрэя Хлыўнюка, запісаная ў 2022 годзе ў падтрымку Украіны. Да яе стварэння ўскосна спрычыніліся заснавальнікі Беларускага Свабоднага тэатра Наталля Каляда і Мікалай Халезін: яшчэ ў 2015 годзе ў межах музычнага фестывалю Staging a Revolution яны звялі Дэвіда Гілмара з музыкамі «Бумбоксу». Пазней гэтая сетка даўніх кантактаў стала адным з фактараў, якія дапамаглі ўзнікнуць новай міжнароднай калабарацыі. У выніку ўкраінскі вакал Хлыўнюка на аснове «Ой у лузі червона калина» стаў цэнтральным элементам кампазіцыі Pink Floyd.

У складзе жаночага хору «SPIEVY z-pad mosta», які паўстаў у Варшаве ў 2023 годзе, ёсць эмігранткі з Беларусі і Украіны. Хор даследуе і выконвае старадаўнія беларускія жаночыя песні, а таксама рэпертуар культурнага памежжа, у тым ліку песні Украіны, Польшчы і Літвы.

Сцэна са спектакля «Па што ідзеш, воўча?». Фота: Аляксандр Драгавоз

Тэатр

Вайна, эміграцыя, страта дому, рэпрэсіі і памяць становяцца тэмамі, з якімі беларускія і ўкраінскія ўдзельнікі працуюць разам. Менавіта гэта робіць тэатр асабліва важным фарматам: ён дазваляе не проста распавядаць пра розны досвед, а супастаўляць яго, пражываць калектыўна і ператвараць у супольны мастацкі матэрыял. Беларуская, украінская, польская, руская і англійская мовы існуюць у адной сцэнічнай прасторы, часта без жорсткага падзелу паміж «сваім» і «чужым». Гэта дакладна адлюстроўвае рэальнасць эміграцыі і жыцця паміж некалькімі краінамі, а таксама паказвае культурную супольнасць як складаную, рухомую і шматгалосую.

Опера «Дзікае паляванне караля Стаха» Беларускага Свабоднага тэатра стала яскравым прыкладам жывой беларуска-ўкраінскай культурнай супрацы ва ўмовах вайны і выгнання. Разам з беларускімі акторамі на сцэну выходзілі ўкраінскія оперныя спевакі (галоўныя партыі выканалі ўкраінцы Андрэй Бандарэнка і Тамара Калінкіна), дырыжорам быў Віталь Алексяёнак – беларус, які меў досвед супрацы з Харкаўскім оперным тэатрам. Пастаноўка была намінаваная на галоўную брытанскую тэатральную ўзнагароду Olivier Awards.

Спектакль «Па што ідзеш, воўча?» – тэатральная пастаноўка на аснове аповесці беларускай аўтаркі Евы Вежнавец – аб’яднаў беларускіх актрыс Святлану Зелянкоўскую і Яўгенію Кульбачную, украінскую актрысу Паліну Чабатарову і польскую актрысу Моніку Давідзюк, а польская рэжысёрка Моніка Дабраўлянска выбудавала дзею як шматмоўны праект пра памежжа і агульны досвед рэгіёна. На сцэне гучыць пяць моў (беларуская, украінская, польская, ангельская і руская), адметна, што мовы не падзеленыя «па ролях» і не з’яўляюцца характарыстыкай пэўнага персанажу, а пераплятаюцца. Гэта адлюстроўвае змяшаную ідэнтычнасць рэгіёна, досвед міграцыі і выгнання, камунікацыю праз розныя культурныя коды.

Спектакль «Маці. Песня падчас вайны» створаны рэжысёркай Мартай Гурніцкай разам з хорам з 21 жанчыны з Украіны, Беларусі і Польшчы. У аснове – рэальныя гісторыі маці і дзяцей, закранутых вайной: уцякачак з Марыупаля, Кіева, Ірпеня, Харкава, а таксама жанчын, якія дапамагалі ім.

Спектакль «Як справы» (How are you) стварыў ў Варшаве Team Theatre – група артыстаў-бежанцаў з Беларусі і Украіны. Пастаноўка пабудаваная на асабістых успамінах і сведчаннях людзей, якія перажылі вайну, у тым ліку з Кіева, Вінніцы, Бучы і Марыупаля. Спектакль ідзе на беларускай, украінскай і рускай мовах. Такім чынам, беларускі і ўкраінскі досвед вымушанай міграцыі і вайны ўпершыню апынуліся ў адной дакументальнай тэатральнай прасторы.

Свабодны тэатр у Варшаве стварыў спектакль «Postchildhood. Postescape» з удзелам вучняў тэатральнай школы Free Artist – падлеткаў з Беларусі і Украіны, якія апынуліся ў эміграцыі. Спектакль быў пабудаваны на іх асабістых гісторыях. Частка ўдзельнікаў стала «двойчы бежанцамі»: спачатку яны пакінулі Беларусь праз рэпрэсіі, а пасля апынуліся ва Украіне, дзе іх сем’і знайшлі прытулак, і зноў былі вымушаныя ўцякаць праз расійскае ўварванне. Так тэатр стаў прасторай, дзе беларуская і ўкраінская моладзь разам пераасэнсоўвае досвед выгнання, вайны і сямейных адносінаў.

Тэатр і школа «Купалінка» ўзніклі ў Варшаве як беларуская ініцыятыва, але пасля пачатку поўнамаштабнай вайны да яе далучыліся ўкраінскія дзеці і дарослыя. Сёння групы аб’ядноўваюць беларусаў і ўкраінцаў розных узростаў, а спектаклі выкарыстоўваюць беларускую і ўкраінскую мовы, жэсты і рух як сродкі ўзаемнага разумення.

Аўтар фота – Яўген Жураўскі, жаўнер Палка Каліноўскага з пазыўным «Салам».

Высновы

Мапінг паказвае, што пасля 2022 года беларуска-ўкраінская культурная супраца не знікла разам з фактычным спыненнем міждзяржаўных кантактаў. Наадварот, яна перайшла ў гарызантальны і дэцэнтралізаваны фармат, заснаваны на прафесійных і асабістых сувязях аўтараў, перакладчыкаў, куратараў, журналістаў, актывістаў і незалежных арганізацый. Каля паўсотні выяўленых праектаў у літаратуры, медыя, візуальным мастацтве, тэатры, музыцы, адукацыі і мемарыяльных практыках сведчаць, што гэта ўжо не сукупнасць адзінкавых жэстаў салідарнасці, а рэальнае і разнастайнае поле культурнай супрацы.

Цалкам тэкст можна пачытаць на сайце Беларускай Рады культуры.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Рэклама

Пакінуць адказ