Экс-сілавіка судзяць у Мінску па артыкулах аб «тэрарызме» і «здрадзе дзяржаве»
Рэдакцыя Reform.news · 25 верасня 2026, 14:52
https://reform.news/be/jeks-silavika-sudzjac-u-minsku-pa-artykulah-ab-tjeraryzme-i-zdradze-dzjarzhave/У Мінскім абласным судзе ў канцы верасня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Генрыха Агеева, Юрыя Васілеўскага і Івана Балашэнкі. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», іх абвінавачваюць па дзевяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку аб «акце тэрарызму», «ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі» і «здрадзе дзяржаве».
У залежнасці ад ролі кожнаму з абвінавачаных выстаўленыя абвінавачанні па артыкулах аб наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін, акце тэрарызму, арганізацыі дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзеле ў ёй, стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзеле ў ёй, здрадзе дзяржаве, распальванні варожасці, незаконным зборы або распаўсюджванні інфармацыі аб прыватным жыцці, незаконных дзеяннях з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі, а таксама арганізацыі або падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх.
32-гадовы Генрых Агееў — былы сілавік з Брэсцкай вобласці. Ён быў затрыманы ў лютым 2024 года ў акупаваным Расіяй Крыме. Паводле інфармацыі «Вясны», ён праходзіць па «справе BYPOL». Ён нібыта ездзіў па заданні былога супрацоўніка ГУБАЗіК, а цяпер прадстаўніка ініцыятывы BYPOL Аляксандра Азарава. Сам Азараў адмаўляе датычнасць да паездкі Агеева ў Крым па яго заданні. Каля 7 месяцаў Агееў знаходзіўся ў СІЗА ФСБ, пасля чаго ў верасні 2024 года яго перавезлі ў Беларусь і змясцілі ў СІЗА КДБ. Паводле слоў былога сукамерніка, Агееў расказваў пра збіццё і катаванні падчас утрымання ў Крыме.
Юрыя Васілеўскага затрымалі ў верасні 2025 года. Ён працаваў выкладчыкам і старшым выкладчыкам БНТУ, а з 2017 года знаходзіўся ў рэестры судовых экспертаў па спецыяльнасці «судовая будаўніча-тэхнічная экспертыза». Спачатку Васілеўскі знаходзіўся ў СІЗА КДБ, а ў сакавіку 2026 года яго перавялі ў СІЗА №1.
Пра Івана Балашэнку праваабаронцам нічога не вядома.
Падрабязнасці крымінальнай справы таксама невядомыя.

