У Літве разлічваюць атрымаць сродак супраць метэазондаў кантрабандыстаў да канца 2027 года
Рэдакцыя Reform.news · 25 верасня 2026, 14:39
https://reform.news/be/u-litve-razlichvajuc-atrymac-srodak-suprac-metjeazonda-kantrabandysta-da-kanca-2027-goda/У Літве праводзіцца новы конкурс па стварэнні сродкаў супрацьдзеяння метэазондам кантрабандыстаў. Летась ужо быў праведзены адзін конкурс. Тады адабралі тры кансорцыумы выканаўцаў.
Як піша LRT, сёлета было вырашана павялічыць аб’ём фінансавання праекта з 1 да 3 млн еўра. Кампаніі таксама атрымалі магчымасць падаваць новыя заявы да 24 верасня. Пазмагацца за кантракты вырашылі 9 кансорцыумаў. Пераможцаў конкурсу плануюць назваць у канцы кастрычніка або пачатку лістапада.
На першым этапе тры найлепшыя ўдзельнікі атрымаюць па 233 тысячы еўра кожны на стварэнне прататыпа тэхналагічнага рашэння і яго дэманстрацыю ў рэальных умовах. На другім этапе аднаму з найлепшых удзельнікаў будзе выдзелена 2,3 мільёна еўра на стварэнне пілотнай партыі і праверку канчатковага рашэння ў эксплуатацыі.
Чакаецца, што пілотную партыю дронаў або іншых сродкаў павінны паставіць да канца 2027 года, аднак гэтыя тэрміны з’яўляюцца арыенціровачнымі. Яны могуць зрушыцца.
Кантрабандысты, якія перапраўляюць цыгарэты з Беларусі, пасля ўзвядзення памежнай агароджы сталі актыўна выкарыстоўваць паветраныя сродкі дастаўкі, у тым ліку метэазонды. Летась было перахоплена 635 партый цыгарэт, дастаўленых паветранымі шарамі. Сёлета пакуль толькі 135. Большую частку года вятры дзьмуць з Літвы ў бок Беларусі. Аднак позняй восенню і зімой пераважае адваротны напрамак, што спрыяе кантрабандзе. Пры гэтым метэазонды могуць уяўляць патэнцыйную небяспеку для паветранага руху, з-за чаго даводзіцца прыпыняць працу Віленскага аэрапорта.
