Ціханоўская выступіла на адкрыцці Маладзёжнай канферэнцыі Усходняга партнёрства

Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці Маладзёжнай канферэнцыі Усходняга партнёрства. Яна стартавала сёння ў Стакгольме.

Як адзначылі ў Офісе Ціханоўскай, канферэнцыя сабрала каля 100 удзельнікаў, маладых лідараў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і еўрапейскіх інстытутаў. Самая вялікая група ўдзельнікаў — беларусы.

Святлана Ціханоўская адзначыла, што ў палітыцы павінна быць больш маладых людзей. Краінам Усходняга партнёрства неабходная больш эфектыўная маладзёжная палітыка, якая дае маладым магчымасці, абараняе іх, інвестуе ў іх і ўключае ў прыняцце рашэнняў.

«Многія таленавітыя, яркія, творчыя людзі ніколі не рэалізуюць свой патэнцыял, таму што маўчаць або проста не вераць у сябе. І, шчыра кажучы, я была зусім такой жа. Калі б не падзеі шасцігадовай даўніны, вы ніколі б не ўбачылі Святлану Ціханоўскую ў якасці палітычнай лідаркі.

Таму вось мая парада вам сёння: вылучайцеся. Будзьце іншымі. Будзьце смелымі. І не станьце канфармістамі. Не згаджайцеся, каб вас пасадзілі ў апошні рад.

Змагайцеся за сваё месца за сталом — нават калі гэта няёмка. Нават калі гэта здаецца немагчымым.

Задавайце складаныя пытанні. Аспрэчвайце старыя сістэмы. Настойвайце на зменах у інстытутах», — сказала Святлана Ціханоўская.

Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!