Магілёўчанку абвінавачваюць у катаванні 6-гадовай пляменніцы

Магілёўская пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 21-гадовай жыхаркі горада. Яе абвінавачваюць у катаванні непаўналетняга, які знаходзіцца ў бездапаможным стане (ч. 2 арт. 154 Крымінальнага кодэкса).

У чэрвені мінулага года старэйшая сястра папрасіла дзяўчыну прыгледзець за малалетнімі пляменнікамі двух, чатырох і шасці гадоў. Паводле версіі абвінавачання, калі дзеці адмовіліся класціся спаць і не выканалі патрабаванні сваячкі, яна нанесла 6-гадовай дзяўчынцы «не менш за 20 удараў рамянём з металічнай спражкай па ягадзіцах і сцёгнах, прычыніўшы працяглы боль, а таксама цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя».

Як адзначылі ў пракуратуры, пасля здарэння трое дзяцей былі прызнаныя тымі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Абвінавачаная знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!