Лукашэнка адправіў былога міністра і свайго памочніка кіраваць Гомелем

Былы міністр архітэктуры і будаўніцтва, памочнік-інспектар Лукашэнкі па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч узначаліць Гомельскі гарвыканкам. Яго кандыдатуру сёння ўзгадніў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Лукашэнкі, досвед Пархамовіча будзе падмогай для старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко.

«Вялікі досвед, вельмі вялікі — член урада, з кадрамі давялося працаваць. Думаю, гэта Івану Іванавічу будзе добрай падмогай», — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.

Лукашэнка пацікавіўся ў Пархамовіча, чаму ён пагадзіўся на новую пасаду.

«Я больш схільны да практычнай дзейнасці. Паспрабаваў сябе ў розных іпастасях. Але праца “ў полі”, напэўна, для мяне больш зручная. Я дастаткова глыбока пагружаны ў сітуацыю ў другім па велічыні горадзе нашай краіны. Бачу, што ёсць перспектывы для горада. Трэба заняцца камуналкай, будоўляй. Трэба заняцца ў тым ліку і аховай здароўя з адукацыяй. Ёсць апорныя пункты. Але рэзерваў у горада дастаткова», — адказаў той.

Лукашэнка выказаў надзею, што з прыходам Пархамовіча справы ў Гомелі пойдуць у лепшы бок.

«Прыгожы горад. Нямала там зрабілі ў апошні час для таго, каб ён добра выглядаў. Вады там хапае. Людзі там вельмі добрыя. У Гомелі і на Гомельшчыне наогул людзі добрыя. Таму працаваць там можна. Я вельмі спадзяюся, што з прыходам новага мэра Гомеля там усё пойдзе ў лепшы бок. Тым больш досвед у цябе ўжо прыстойны. Таму вельмі хачу, каб атрымалася. Толькі наперад», — сказаў ён.

Лукашэнка сёння таксама ўзгадніў Аляксандра Верамеева на пасаду старшыні Мазырскага райвыканкама.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!