У межах зімовай сесіі ПА АБСЕ 19 лютага прайшоў сайд-івент «Беларусь і Парламенцкая асамблея АБСЕ: круглы стол пра шлях да дэмакратыі і гуманітарныя прыярытэты». У мерапрыемстве прыняла ўдзел беларуская дэлегацыя, у тым ліку прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Арцём Брухан, Аляксандра Мамаева, Юрый Губарэвіч, дарадцы Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька і Леанід Марозаў і Ігар Барысаў (Сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).
У сваім выступленні Святлана Ціханоўская адзначыла, што ў Асамблеі адсутнічае легітымная беларуская дэлегацыя, аднак, паводле яе слоў, беларускі народ заслугоўвае магчымасці быць пачутым. Яна падзякавала Швецыі, Нарвегіі і Літве за падтрымку беларускага грамадства, у тым ліку за стварэнне ў Нарвегіі парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» і запуск Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі палітвязням.
Асобную ўвагу ўдзельнікі надалі гуманітарнай сітуацыі ў краіне. Леанід Марозаў прадставіў аналіз маштабаў рэпрэсій, умоў утрымання палітвязняў і «нябачных» парушэнняў правоў чалавека.
Ціханоўская выказала ўпэўненасць, што АБСЕ можа адыграць ключавую ролю ў вырашэнні беларускага крызісу, падкрэсліўшы неабходнасць сістэмных змен і спынення рэпрэсій.
«Я шчыра веру, што АБСЕ можа адыграць ключавую ролю ў вырашэнні беларускага крызісу. Бо гэтая арганізацыя была створана менавіта для таго, каб спраўляцца з такімі выклікамі. Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, — гэта палітычны і прававы дэфолт. Правы чалавека ігнаруюцца. Выбары ператварыліся ў поўны фальш. Рэпрэсіі працягваюцца кожны дзень.
І ўсё ж, у мінулым годзе мы назіралі вызваленне палітычных зняволеных. Гэта стала вынікам сумесных намаганняў — гэта адбылося, перш за ўсё, дзякуючы гуманітарнай працы ЗША. Але таксама і дзякуючы еўрапейскаму ціску. Бо без ціску рэжым ніколі б не вызваляў людзей. Мы павінны забяспечыць, каб у Беларусі адбыліся сістэмныя змены. І пераканацца, што рэпрэсіі спыняцца і Беларусь стане свабоднай», — заявіла лідар дэмсіл.


