Святлана Ціханоўская пракаментавала нефармальны ліст Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, накіраваны ўладам Літвы, Польшчы і Украіны з прапановай зняць санкцыі з беларускага калію і дазволіць яго транзіт праз іх тэрыторыю. Інтэрв’ю “Радыё Свабода” яна дала ў Празе на палях канферэнцыі па бяспецы GLOBSEC.
Паводле слоў лідара дэмсіл, пазіцыя дэмакратычных сіл адназначная: цяпер не час аслабляць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ні ва Украіне, ні ў Літве, ні ў Польшчы.
«Мы павінны разумець, што гэты ліст — не інструкцыя для кіравання палітыкай. Гэта можа быць прапанова. Але, вядома ж, нашы амерыканскія партнёры добра разумеюць, што кожная краіна сама прымае рашэнне, як камунікаваць ці не камунікаваць з Лукашэнкам, таму што тут вельмі шмат інтарэсаў закранута. Гэта перш за ўсё бяспека.
Вядома ж, наша пазіцыя ў тым, што цяпер ніякім чынам не час аслабляць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ні ва Украіне, ні ў Літве, ні ў Польшчы. Таму што калі ў Беларусі дагэтуль працягваюцца рэпрэсіі, дагэтуль саджаюць людзей, то ні пра якія сістэмныя змены, якіх мы дамагаемся, гаворкі быць не можа.
Бяспечная і свабодная Беларусь таксама ў інтарэсах нашых суседзяў. Яны не наіўныя, і яны таксама разумеюць, што пакуль там Лукашэнка, шары лётаюць над Літвой, у Беларусі дэманструюць «Арэшнік» і ядзерную зброю, праводзяць вучэнні. Здымаць тут санкцыі — гэта не падыход», — заявіла яна.
Ціханоўская выказала падзяку ЗША за намаганні па вызваленні палітвязняў і падкрэсліла, што ў Вашынгтона дастаткова сілы, каб дамагчыся вызвалення ўсіх. Аднак яна чарговы раз нагадала пра размежаванне двух трэкаў.
«Амерыканскія санкцыі — для вызвалення людзей, еўрапейскія — для вызвалення краіны», – падкрэсліла палітык.
Паводле яе слоў, гаворка пра гэтую формулу не раз ішла ў дыялогу з Джонам Коўлам і Крысам Смітам.
“Цяпер адбываецца нават большая эскалацыя з боку рэжыму — немагчыма нават разглядаць такую магчымасць зняцця санкцый. Нашы еўрапейскія партнёры добра гэта разумеюць. Мы, вядома ж, паднімем гэтае пытанне падчас сустрэч ва Украіне, але я ўпэўненая, што там не будзе ніякага апетыту на зняцце санкцый, таму што вось толькі нядаўна ўводзіліся новыя. І Украіна, як ніхто іншы, разумее, што толькі сістэмным ціскам на беларускі рэжым, на Расію можна іх спыніць у іх агрэсіўных дзеяннях.
Таму кожная краіна выбірае свой шлях. Я ўдзячная Еўропе за іх прынцыповасць, за іх сістэмнасць і за іх добрае разуменне сітуацыі вакол Беларусі”, – адзначыла яна.
Нагадаем, напярэдадні «Радыё «Свабода» са спасылкай на ліст спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла паведаміла, што ЗША неафіцыйна папрасілі Літву, Польшчу і Украіну зняць санкцыі з беларускага калію, каб забяспечыць яго транзіт. МЗС Украіны пацвердзіў атрыманне гэтага ліста. Знешнепалітычныя ведамствы Польшчы і Украіны пакуль не адказалі на запыт «Свабоды».