Ціханоўская: Адчуваю вялікую палёгку ад таго, што Мікалай Статкевіч нарэшце на волі

Святлана Ціханоўская пракаментавала інфармацыю пра вызваленне палітвязня Мікалая Статкевіча, якую сёння паведаміла яго жонка, Марына Адамовіч.

«Я адчуваю вялікую палёгку ад таго, што Мікалай Статкевіч нарэшце на волі і дома. Асабліва рада за Марыну, якая так доўга чакала і так настойліва змагалася за Мікалая ўсе гэтыя гады. Я шчыра жадаю яму сіл, здароўя і як мага хутчэй аднавіцца пасля перанесенага інсульту. Цяпер важна, каб Мікалай атрымаў неабходнае лячэнне, цяпло сям’і і падтрымку блізкіх”, — заявіла палітык.

Яна дадала, што за кратамі застаюцца яшчэ не менш за 1100 палітычных зняволеных.

“Усе павінны быць вызвалены», — падкрэсліла лідар дэмсіл.

Вызваленне Мікалая Статкевіча пракаментаваў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і былы палітвязень Алесь Бяляцкі.

«Цудоўная, доўгачаканая навіна. Мікалай Статкевіч, патрыярх беларускага супраціву, які столькі гадоў знаходзіўся ў турме, нарэшце выйшаў на волю. Ён дамогся свайго, застаўся ў Беларусі. Радасць з горкім прысмакам. Свабода дасталася яму дарагой цаной, у Мікалая сур’ёзныя праблемы са здароўем. У турме ўлады адбіраюць у палітвязняў здароўе, а часам і жыццё. Садысцкі рэжым не ведае літасці. Дарагі Мікалай, папраўляйся! Наша справа яшчэ не скончана, ты патрэбны Беларусі!»прыводзіць яго словы “Вясна”.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!