Мирослав Лозовский. Источник фото: radabnr.org
Дэпутаты Ровенскай гарадской рады 13 жніўня пасмяротна прысвоілі званне «Ганаровы грамадзянін Роўна» 201 абаронцу Украіны. Сярод іх – беларускі добраахвотнік Міраслаў Лазоўскі, піша “Радыё Свабода”.
Цяпер яго імя унесена ў афіцыйны спіс ганаровых грамадзян горада пад нумарам 665.
“Лазоўскі Міраслаў Уладзіміравіч — грамадзянін Украіны, які загінуў (памёр) пры абароне незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў расійска-ўкраінскай вайне, прымаў непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні мерапрыемстваў па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі і абароны, адбіцці і стрымліванні ўзброенай агрэсіі ў дачыненні да Украіны”, – пазначана ў спісе.
У 2024-м у Роўна пастанавілі назваць вуліцу ў гонар Міраслава Лазоўскага.
У дзевяностых Міраслаў Лазоўскі стаў адным з заснавальнікаў “Белага легіёна”. У 2017 годзе быў арыштаваны разам з больш чым трыма дзясяткамі чалавек па так званай «справе патрыётаў». Пасля гэтая справа была спыненая. У 2020 годзе Міраслаў Лазоўскі пераехаў ва Украіну, дзе ўступіў у шэрагі беларускіх добраахвотнікаў. Ён ваяваў у палку імя Кастуся Каліноўскага пад пазыўным «Мыш».
Лазоўскі загінуў у маі 2023 года ў Бахмуце. Ён кіраваў эвакуацыяй групы байцоў батальёна «Волат», якая апынулася ў адным з будынкаў пад агнём расійскай артылерыі. У выніку ўдару загінулі 4 чалавекі. Яшчэ некалькіх байцоў, сярод якіх быў былы кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, удалося выратаваць.
Лазоўскі прыкрываў эвакуацыю і адыходзіў апошнім. Ён не паспеў дабрацца да сховішча некалькі дзясяткаў метраў і загінуў. Яго цела ўдалося вывезці з зоны баёў і пахаваць у Кіеве. Целы чатырох загінулых, якія засталіся ў разбураным будынку, забраць не змаглі.
У сакавіку 2023 года Міраслаў разам з яшчэ 21 байцом палка Каліноўскага атрымаў медаль БНР за баявыя заслугі. У чэрвені таго ж года Рада БНР пасмяротна ўзнагародзіла Лазоўскага Ордэнам Жалезнага рыцара.