У Мсціславе абмеркавалі будаўніцтва ядзернага могільніка

У Мсціславе 26 жніўня прайшлі грамадскія абмеркаванні справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе праекта пункта пахавання і часовага захоўвання радыеактыўных адходаў (ПЗРА). На сустрэчы дырэктар БелРАА Міхаіл Кісель расказаў пра падрыхтоўку праекта і адказаў на пытанні жыхароў, піша БелТА.

Ён адзначыў, што радыеактыўныя адходы ўтвараюцца не толькі ў атамнай энергетыцы, але таксама ў медыцыне, прамысловасці і навуковай дзейнасці. Цяпер іх цэнтралізаваны збор і доўгатэрміновае захоўванне ажыццяўляе спецыялізаванае прадпрыемства «Экарэс».

Згодна са стратэгіяй абыходжання з радыеактыўнымі адходамі да 2050 года, існуючае сховішча неабходна вывесці з эксплуатацыі, а да 2030 года стварыць цэнтралізаваны пункт пахавання. БелРАА адказвае за праектаванне, будаўніцтва, увод у эксплуатацыю і далейшую працу аб’екта.

«Стварэнне цэнтралізаванага пункта пахавання радыеактыўных адходаў дазволіць забяспечыць бяспечнае і эканамічна эфектыўнае абыходжанне з РАА», — запэўніў Кісель.

Паводле яго слоў, супрацоўнікі прадпрыемства маюць профільную інжынерную адукацыю і прайшлі неабходную падрыхтоўку. Ён сцвярджае, што праца па павышэнні кваліфікацыі вядзецца на пастаяннай аснове, а персанал у галіне будаўніцтва атэставаны ў адпаведных структурах Мінбудархітэктуры.

Кісель адзначыў, што канчатковае рашэнне па размяшчэнні аб’екта дзяржаўная камісія прыме пазней. Пры выбары месца размяшчэння ПЗРА неабходна вывучэнне ўсіх прыродных характарыстык і з’яў, якія могуць паўплываць на бяспеку.

«На пункце пахавання адпрацаванае ядзернае паліва БелАЭС захоўвацца не будзе. Падпісана пагадненне паміж урадамі Беларусі і РФ аб вывазе яго на перапрацоўку ў Расію», — заявіў Кісель.

Нагадаем, месца для будаўніцтва пакуль не вызначана. Разглядаюцца тры патэнцыйныя пляцоўкі: у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці паблізу БелАЭС, Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці і Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці паблізу Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Паведамлялася, што для будаўніцтва аб’екта спатрэбіцца плошча каля аднаго квадратнага кіламетра. Пункт пахавання радыеактыўных адходаў Беларускай АЭС павінен быць пабудаваны да канца 2030 года і гатовы прымаць першыя кантэйнеры да 2031 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!