Беларусь і Узбекістан заняліся глыбокай прамысловай кааперацыяй. Пра гэта на адкрыцці форуму рэгіёнаў дзвюх краін заявіў віцэ-прэм’ер беларускага ўрада Юрый Шулейка. Форум прымеркаваны да візіту прэзідэнта Узбекістана ў Беларусь.
«Сёння Беларусь і Узбекістан пераходзяць ад гандлю па схеме „купля — продаж“ да глыбокай прамысловай і тэхналагічнай кааперацыі. Забяспечаны якасна новы ўзровень лакалізацыі ў сельскагаспадарчым машынабудаванні. Паралельна з лакалізацыяй вытворчасцей развіваецца фірмовае сэрвіснае абслугоўванне і забяспечваецца апераджальнае навучанне профільных спецыялістаў», — сказаў ён.
У якасці прыкладу Шулейка прывёў лёгкую прамысловасць.
«Спалучаючы баваўняную сыравіну Узбекістана, беларускі лён і сучасныя сінтэтычныя ніткі, а таксама нашы агульныя тэхналагічныя кампетэнцыі, мы ствараем якасную і запатрабаваную прадукцыю», — дадаў ён.
Віцэ-прэм’ер адзначыў перспектывы супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, лесапрамысловым комплексе.
«Тут таксама ёсць значны патэнцыял для аб’яднання нашых магчымасцей. Беларусь валодае сыравіннай базай, шматгадовым досведам і магутным вытворчым патэнцыялам у сферы глыбокай перапрацоўкі драўніны. Узбекскі рынак, які перажывае маштабны дэмаграфічны і будаўнічы бум, адчувае высокую і ўстойлівую патрэбу ў якаснай плітнай прадукцыі, піламатэрыялах і, што асабліва важна, у гатовай мэблі.
Таму лагічна больш актыўна ўжываць правераную мадэль пераходу ад простых прамых закупак сыравіны да стварэння сумесных высокатэхналагічных вытворчасцей», — расказаў ён.