Прэс-служба МУС папярэджвае аб новай схеме тэлефонных і кіберашуканцаў. Яны пачалі інсцэніраваць выкраданне дзяцей.
Як паведамілі ў прэс-службе, у мінскую міліцыю звярнулася жыхарка сталіцы, якой патэлефанаваў невядомы і паведаміў, што яе 15-гадовая дачка выкрадзена. Жанчыне дасылалі фота дзяўчыны і пакояў кватэры, патрабуючы перавесці грошы на крыптакашалёк.
Пасля звароту ў міліцыю жанчына паехала дадому, але дачкі там не знайшла. Яе на працягу двух гадзін знайшлі міліцыянеры ў адной з загарадных кавярняў. З дзяўчынай усё было ў парадку.
“Днямі школьніцы ў мэсэнджары патэлефанаваў нібыта кур’ер маркетплэйса і паведаміў пра пасылку. Пад падставай удакладнення адраса дастаўкі папрасіў прадыктаваць электронную пошту і код з паведамлення. Яна паслухалася і перайшла па спасылцы з ліста.
Далей з непаўналетняй звязаліся лжэправаахоўнікі з гісторыяй пра тое, што ад яе імя зламыснікі здзяйсняюць незаконныя пераводы за мяжу. Каб бацькоў не пасадзілі ў турму, а яе саму не аддалі ў прытулак, загадалі ахвяры абшукаць дом у пошуках зберажэнняў.
Калі дзевяцікласніца не знайшла грошай, яе прымусілі ўдзельнічаць у “спецаперацыі”. Па ўказанні аферыстаў падлетак паехала за горад, адключыла тэлефон і дастала SIM-карту, “каб пазбегнуць праслухоўвання”, – распавялі ў МУС.
Міліцыя праводзіць праверку.
