Праезд у наземным грамадскім транспарце Мінска можна будзе аплачваць банкаўскай карткай у канцы гэтага або ў пачатку наступнага года. Пра гэта ў інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню распавёў дырэктар ДП “Сталічны транспарт і сувязь” Юрый Супрановіч. Пакуль такая магчымасць ёсць толькі на пілотных маршрутах.
“У цяперашні час работа па аснашчэнні тэрміналамі, якія дазваляюць праводзіць аплату банкаўскай карткай, праходзіць у наземным транспарце. У нас ёсць два маршруты, якія ў пілоце – гэта першы тралейбусны і першы аўтобусныя маршруты – якія цяпер у пілоце эксплуатуюць гэтую банкаўскую сістэму.
Я ўпэўнены, што да заканчэння бягучага года, максімум у пачатку наступнага, усе транспартныя сродкі Мінсктранса будуць абсталяваны адпаведнай сістэмай, і пасажыр у поўнай меры і ў поўным аб’ёме будзе карыстацца гэтай магчымасцю аплачваць праезд банкаўскай карткай”, – сказаў ён.
Пілотны праект рэалізуецца з мінулага года. Раней у “Беларусбанку”, які забяспечвае працу тэрміналаў, ужо паведамлялі, што чакаюць пашырэння аплаты банкаўскімі карткамі ў гэтым годзе.
Аплаціць праезд банкаўскімі карткамі ў сталічным метро ўжо можна некалькі гадоў.
