Беларуская супольнасць збірае подпісы ў падтрымку дырэктара Старамейскага дома культуры ў Варшаве Марціна Ясіньскага

Галоўнае
Марцін Ясіньскі каля Старамейскага дома культуры. Фота: Андрэй Дубінін

Беларуская культурная супольнасць падрыхтавала адкрыты ліст Прэзідэнту сталічнага горада Варшавы Рафалу Тшаскоўскаму з просьбай разгледзець магчымасць працягваць Марціну Ясіньскаму сваю працу ў структурах горада Варшавы або ў адной з падпарадкаваных яму інстытуцый.

Нагадаем, што Старамейскі дом культуры, які цяпер узначальвае культурны менеджар Марцін Ясіньскі, будзе перафарматаваны ў дом літаратуры. Марцін Ясіньскі не стаў удзельнічаць у выбарах дырэктара новай інстытуцыі, бо мяркуе, што калі дом культуры ператвораць у дом літаратуры, то іншыя праекты страцяць раўнапраўнае становішча або знікнуць. Для беларускай культурнай эміграцыі Марцін Ясіньскі выконвае выключную ролю пасярэдніка паміж польскай і беларускай культурамі. У інстытуцыі, якую ён узначальвае, знайшлі прытулак шмат беларускіх суполак і ініцыятыў.

Адкрыты ліст ужо падпісалі Галіна Казіміроўская, Наталля Задзяркоўская, Вольга Падгайская, Максім Знак, Таццяна Нядбай і іншыя дзеячы беларускай культуры.

***

Шаноўны спадару Прэзідэнце,

Апошнія пяць гадоў беларуская культурная супольнасць праходзіць складаны і вельмі важны шлях. Пасля 2020 года вялікая колькасць беларускіх музыкаў, мастакоў, пісьменнікаў, тэатральных дзеячаў, культурных менеджараў і незалежных арганізацый была вымушаная перанесці сваю дзейнасць за межы Беларусі. У гістарычнай перспектыве гэта беспрэцэдэнтны выпадак такой масавай культурнай эміграцыі. Сярод іх – амаль у поўным складзе трупа галоўнага тэатра краіны, Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы; Беларускі ПЭН; Вольны Хор; беларускія гурты і артысты: NaviBand, Лявон Вольскі, J:МОРС, Irdorath ды іншыя; вядомыя беларускія паэты і пісьменнікі: Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч, Наста Кудасава ды іншыя; а таксама мастакі, рэжысёры, акторы, кампазітары, дырыжоры, куратары і супрацоўнікі музеяў, навукоўцы, выкладчыкі, гісторыкі, даследчыкі – сотні выбітных прадстаўнікоў беларускай культуры.

У гэтай сітуацыі асаблівае значэнне маюць людзі, якія здолелі стаць своеасаблівымі мастамі паміж беларускай і польскай культурнымі сістэмамі. Марцін Ясіньскі – адзін з такіх людзей. За гады працы ён не толькі добра пазнаёміўся з беларускай культурнай супольнасцю, але і глыбока зразумеў яе ўнутраны кантэкст. Ён ведае актуальную сітуацыю ў беларускай культуры, яе праблемы і патрэбы, ведае прадстаўнікоў розных творчых сфер – музыкі, літаратуры, тэатра, кіно, выяўленчага мастацтва – і разумее, якія працэсы адбываюцца ў беларускай культурнай эміграцыі. Адначасова ён валодае прафесійнымі ведамі пра польскае культурнае асяроддзе і механізмы яго працы. Менавіта спалучэнне гэтых ведаў робіць яго экспертызу асабліва каштоўнай. Для многіх беларускіх культурных дзеячаў Марцін стаў чалавекам, які дапамагае зразумець, як працаваць у польскім культурным асяроддзі: прадстаўляць сваю дзейнасць, размаўляць з інстытуцыямі, шукаць партнёраў, будаваць доўгатэрміновыя адносіны і ператвараць асобную ідэю ў рэальны праект. Яго роля, аднак, значна шырэйшая за менеджарскую, Марцін валодае вельмі важным чалавечым і прафесійным рэсурсам – сеткай кантактаў і даверам, што выбудоўваліся на працягу многіх гадоў. Ён ведае людзей, разумее іх прафесійныя магчымасці і патрэбы і ўмее злучаць тых, чыя сустрэча можа прывесці да новай ідэі, супрацы або праекта.

За апошнія 5 гадоў з удзелам Марціна і інстытуцыі, якую ён узначальвае, было рэалізавана шмат культурных і адукацыйных праектаў. Падчас яго кіраўніцтва сваю дзейнасць працягнулі Вольны хор, Concordia Choir, Тутэйшы тэатр, Беларускі ПЭН, была створана Беларуская школа мастацтваў імя М. Равенскага. Пры ўдзеле Марціна адбыўся I Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі, а таксама выставы беларускіх мастакоў і фатографаў, рэзідэнцыі, розныя культурныя мерапрыемствы і, найперш, наладжванне кантактаў з рознымі інстытуцыямі.

За гэтыя пяць гадоў мы як дыяспара прайшлі доўгі шлях. Пачалі ўзнікаць новыя праекты, арганізацыі, супольнасці і партнёрствы. Аднак пераезд у іншую краіну азначаў не толькі фізічную змену месца працы, беларускім культурным дзеячам трэба было навучыцца дзейнічаць у іншай культурнай сістэме: зразумець яе механізмы, спосабы камунікацыі, прынцыпы фінансавання, знайсці партнёраў і пабудаваць новыя прафесійныя сувязі. Мы апынуліся ў новай рэальнасці з іншымі правіламі, механізмамі фінансавання, камунікацыі і супрацы. Нам трэба было не толькі працягваць ствараць культуру, але і вучыцца працаваць у новым асяроддзі, знаходзіць партнёраў, будаваць давер, прадстаўляць беларускую культуру польскім інстытуцыям і польскай грамадскасці.

І мы не маглі проста пачаць з чыстага ліста і цалкам інтэгравацца ў польскае культурнае жыццё, бо, акрамя ўнутранай патрэбы самавыяўлення, мы нясём вялікую адказнасць перад будучыняй Беларусі, у якой цяпер яшчэ больш агрэсіўна і сістэмна руйнуецца ўсё беларускае і будуецца «русский мир». Нашая задача – захаваць сябе ў беларускім культурным полі, развіваць і ствараць новае, назапашваць культурны капітал, весці асветніцкую і адукацыйную працу для беларусаў унутры і за межамі нашай краіны. І, канечне, гэты гістарычны паварот неабходна выкарыстаць для рэпрэзентацыі нашай краіны ў Еўропе, наладжвання мастоў і развіцця супрацы.

Праекты, рэалізаваныя пры падтрымцы Марціна, важныя не толькі сваімі непасрэднымі вынікамі, яны стварылі новыя сувязі паміж беларускім і польскім культурнымі асяроддзямі, далі магчымасць беларускім творцам быць заўважанымі ў Польшчы і адначасова дазволілі польскім культурным інстытуцыям лепш пазнаёміцца з сучаснай беларускай культурай.

Беларуская культура ў эміграцыі працягвае развівацца, але яе становішча застаецца складаным. Нам патрэбныя не толькі асобныя праекты, але і людзі, якія здольныя сістэмна будаваць сувязі паміж беларускімі творцамі і польскімі інстытуцыямі, паміж беларускай культурнай супольнасцю і польскім грамадствам. У гэтым сэнсе Марцін ужо фактычна выконвае ролю прадстаўніка і культурнага менеджара паміж беларускай і польскай культурнымі прасторамі. Гэтая роля ўзнікла натуральным чынам – праз шматгадовую працу, асабістыя кантакты, веданне людзей і рэальнага культурнага жыцця. Але сёння, на наш погляд, яна заслугоўвае інстытуцыйнага прызнання ды падтрымкі.

Таму мы звяртаемся да Вас, спадару Прэзідэнце, з просьбай разгледзець магчымасць працягваць Марціну Ясіньскаму сваю працу ў структурах горада Варшавы або ў адной з падпарадкаваных яму інстытуцый. А таксама стварыць адпаведную прастору і прафесійную пазіцыю для Марціна Ясіньскага, у якой ён мог бы працягваць гэтую надзвычай важную працу – асабліва неабходную ў сённяшнім неспакойным свеце. Сёння, у час вайны, палітычных крызісаў і глыбокіх падзелаў у Еўропе, праца дзеля пабудовы мастоў паміж народамі, узаемнага разумення і культурнага дыялогу набывае асаблівае значэнне. Менавіта культура часта робіцца прасторай, у якой магчыма захоўваць сувязі, будаваць давер і разам шукаць шляхі да будучыні. Асабліва сімвалічна, што гэтая просьба гучыць у Год Ежы Гедройця – чалавека, для якога разуменне Усходняй Еўропы, добрасуседства і незалежнасці народаў рэгіёна былі не толькі палітычнымі ідэямі, але і важнай часткай польскай інтэлектуальнай і культурнай традыцыі.

Мы як беларуская супольнасць па-ранейшаму маем патрэбу ў Марціне. Мы перакананыя, што працяг гэтай працы будзе карысны не толькі для беларускай культурнай супольнасці – ён адпавядае і інтарэсам польскай культуры: пашырае міжнародныя сувязі польскіх інстытуцый, адкрывае доступ да новых творчых асяроддзяў і спрыяе развіццю супрацы паміж Польшчай і Беларуссю. Менавіта таму сёння важна не страціць чалавека, які за апошнія пяць гадоў стаў адным з тых, хто дапамагае будаваць гэтыя масты, а скіраваць яго веды, досвед, кантакты і здольнасці ў добрае рэчышча, каб працягваць працу на карысць беларускай і польскай культуры і доўгатэрміновых адносін паміж беларускім і польскім грамадствамі.

Галіна Казіміроўская
беларуская дырыжорка, кампазітарка, выкладчыца
мастацкая кіраўніца і дырыжорка Вольнага хору і Concordia Choir
кіраўніца Беларускай школы мастацтваў імя М. Равенскага ў Варшаве
прэзідэнтка Фонду VOLNY CHOR

Наталля Задзяркоўская
дырэктарка Музея Вольнай Беларусі

Андрэй Саўчанка
мастацкі кіраўнік і рэжысёр Тутэйшага тэатра

Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук
салісты гурта NaviBand

Вольга Падгайская
беларуская кампазітарка, арганістка, выкладчыца

Сяргей Пукст
беларускі культурны дзеяч, музыка, выкладчык

Максім Знак
беларускі пісьменнік, музыка, юрыст

Аляксандр Ждановіч
беларускі актор тэатра, кіно і тэлебачання
мастацкі кіраўнік Міжнароднага каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы»
заснавальнік і кіраўнік дзіцячага тэатра-студыі «Радасць»

Сяргей Чуб
беларускі актор і менеджар тэатральнай групы «Вольныя Купалаўцы»

Вольга Мжэльская
незалежная куратарка і менеджарка культуры

Таццяна Нядбай
пісьменніца, праваабаронца

Ірына Козікава
юрыстка, праваабаронца

Эліна Калнібалоцкая, Сяргей Будкін
Беларуская Рада Культуры

Ірэна Кацяловіч
кінакрытыца, праектная менеджарка
Беларуская незалежная кінаакадэмія
Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас»

Сара Токіна
Прадзюсар Дабрачынны музычны рух
Belarus Outside Sound System

Аляксандр Багданаў (Papa Bo Selektah)
культурны актывіст
заснавальнік Незалежнай ініцыятывы
Belarus Music Export

Калі вы жадаеце падпісаць ліст перад тым, як ён будзе адпраўлены Прэзідэнту Варшавы, калі ласка, напішыце на адрас: [email protected]

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.