Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа пацвердзіў пазіцыю краіны адносна санкцый супраць беларускага калію. Паводле яго слоў, у Вільні выдатна разумеюць, што адбываецца ў Беларусі.
“У нас ёсць наша пазіцыя, мы яе дэкларавалі. У некаторых выпадках яна ўзгодненая з пазіцыяй ЕС. Такая ж забарона на экспарт беларускіх угнаенняў дзейнічае на ўзроўні ЕС. Яе падоўжылі на 12 месяцаў, вернемся да пытання ў пачатку наступнага года, калі Літва будзе старшынстваваць у Савеце ЕС”, — сказаў ён, перадае Delfi.
Раней СМІ пісалі пра спробу прадстаўнікоў ЗША паўплываць на краіны — суседкі Беларусі ў гэтым пытанні.
Прэзідэнт Літвы падкрэсліў, што ў Вільні выдатна разумеюць, што адбываецца ў Беларусі.
“У нас ёсць дакладнае разуменне таго, што адбываецца ў Беларусі. Мы не надзелі ружовыя акуляры, праз якія хацелі б бачыць прыгожага Лукашэнку. Мы бачым яго такім, які ён ёсць. Што да таго, што адбываецца ў беларускай паветранай прасторы, мне здаецца, часам мы лічым, што Беларусь сама кіруе сваёй паветранай прасторай”, — сказаў ён.
Учора спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл абвясціў пра зняцце чарговых санкцый з беларускіх прадпрыемстваў. Пры гэтым у Беларусі былі вызваленыя 25 палітвязняў. Іх вывезлі ў Літву.
Коўл пасля вяртання з Мінска сустракаўся ў Вільні з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам Літвы.
