Беларусь і Бразілія правялі кансультацыі

Навіны
Фото: МИД

Міністэрствы замежных спраў Беларусі і Бразіліі правялі кансультацыі. Для гэтага лацінаамерыканскую краіну наведала беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра Яўгенам Шастаковым. Яго візаві па кансультацыях стаў намеснік кіраўніка бразільскага МЗС Раберта Абдала.

Бакі абмеркавалі двухбаковы палітычны дыялог, намецілі план правядзення сумесных мерапрыемстваў. Дэлегацыі пагадзіліся з неабходнасцю аднавіць працу камісіі па эканамічным супрацоўніцтве. Таксама быў адзначаны ўзаемны інтарэс да нарошчвання аб’ёмаў двухбаковага гандлю, дыверсіфікацыі экспартна-імпартных паставак, да пашырэння кааперацыйных сувязей у сферах сельскай гаспадаркі, прамысловасці і інвестыцый.

У парадак дня кансультацый таксама ўваходзіла ўзаемадзеянне ў ААН, БРІКС і іншых міжнародных арганізацыях.

Яўген Шастакоў таксама правёў перамовы з выканаўчым сакратаром Міністэрства развіцця, прамысловасці, гандлю і паслуг Бразіліі Радрыга Зербоне Лаўрэйру. Былі разгледжаныя найбольш перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і навукова-тэхнічнай сферах.

З віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнай канфедэрацыі прамысловасці Джамалам Бітарам абмяркоўваліся крокі па актывізацыі супрацоўніцтва ў прамысловай сферы, уключаючы сумесныя праекты па вытворчасці трактароў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама магчымасці ўзаемадзеяння ў горназдабыўной, нафтахімічнай галінах і ў сферы інфармацыйных тэхналогій.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.