На «Беларусьфільме» здымаюць 24-серыйную агітку пра МУС. У сюжэце — ад 1941 года да «гераізму» сілавікоў у 2020-м

Галоўнае
Фота: тг Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".

На Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» супольна з Міністэрства унутраных спраў афіцыйна ідуць здымкі шматсерыйнага ігравога фільма пад рабочай назвай «Слово офицера». Праект здымаецца паводле дзяржзаказу і прысвечаны 110-годдзю беларускай міліцыі, якое рэжым збіраецца адзначаць 4 сакавіка 2027 года. Задумка маштабная: кінастудыя замахнулася адразу на 3 сезоны па 8 серый (усяго 24 эпізоды).

Што ў сюжэце?

У цэнтры гісторыі — прыдуманая дынастыя міліцыянераў Уладзіміравых (сын, унук, праўнук), дзе «клятва становіцца сямейным кодам гонару».

Дзеянне ахоплівае восем дзесяцігоддзяў — з 1941 па 2020 год.

Стваральнікі сцвярджаюць, што працуюць з «закрытымі архівамі МУС». Аднак акцэнт у праекце таксама будзе зроблены і на падзеях 2020 года: прапаганда паспрабуе «пераасэнсаваць» народныя пратэсты і гвалт сілавікоў.

Здымкі стартавалі ў вёсцы Вялікія Навасёлкі Дзяржынскага раёна і працягваюцца на натурных пляцоўках у Мінску, Магілёве, Бабруйску, Маладзечне, а таксама ў вёсках Засвіры і Заброддзе.

На «Беларусьфільме» здымаюць 24-серыйную агітку пра МУС. У сюжэце — ад 1941 года да «гераізму» сілавікоў у 2020-м
Фота: тг Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

Хто ў стваральніках?

Над стварэннем ідэалагічнага эпасу працуе каманда правераных кадраў.

Сцэнарысты — Агата Моцка, Валерыя Салаўёва і Валянцін Залужны.

Агата Моцка, якая выступае на праекце і рэжысёркай-пастаноўшчыцай, вядомая сваёй працай над маштабнымі дзяржпраектамі, у прыватнасці, канцэртамі «Кінатэатр «Александрыя» і «Время выбрало нас». Нагадаем, што апошнія былі часткай акцыі «Марафон адзінства», якая суправаджала «перадвыбарчую кампанію» Аляксандра Лукашэнкі ў 2025 годзе.

Аператар-пастаноўшчык — выпускнік БДАМ Сяргей Торбік, які мае вялікі вопыт здымак расійскіх і беларускіх тэлесерыялаў.

У акцёрскую каманду запрашаюць як расійскіх артыстаў, так і лаяльных рэжыму беларускіх дзеячаў. У прыватнасці, кажуць аб магчымым удзеле Уладзіміра Гасцюхіна.

На «Беларусьфільме» здымаюць 24-серыйную агітку пра МУС. У сюжэце — ад 1941 года да «гераізму» сілавікоў у 2020-м
Агата Моцка – у цэнтры. Фота: тг Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.
На «Беларусьфільме» здымаюць 24-серыйную агітку пра МУС. У сюжэце — ад 1941 года да «гераізму» сілавікоў у 2020-м
Фота: тг Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

«Даўняя любоў» да міліцэйскага кіно

Спроба ператварыць сілавікоў у герояў экраннага эпасу — не навінка для «Беларусьфільма». Дзяржаўныя ведамствы рэгулярна замаўляюць кіно пад свае юбілеі альбо ідэалагічныя патрэбы.

Так, у 2016 годзе да 100-годдзя міліцыі быў створаны рэтрадэтэктыў «Сляды на вадзе» Аляксандра Анісімава пра «барацьбу з бандытызмам» у 1946-м.

А ў 2018 годзе на заказ Міністэрства абароны выйшла стужка «Не гульня» Дзяніса Скварцова — агітацыйная драма пра геймера, які знаходзіць сябе падчас службы ў беларускай арміі.

Цяпер была абраная для ўвасаблення ідэалагічных мэтаў серыяльная форма, якая, пэўна, мусіць пераканаць беларускага гледача ў выключна пазітыўным вобразе беларускага міліцыянера.

На «Беларусьфільме» здымаюць 24-серыйную агітку пра МУС. У сюжэце — ад 1941 года да «гераізму» сілавікоў у 2020-м
Фота: тг Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.