Ігар Дадон, прарасійскі палітык, старшыня Партыі сацыялістаў, былы прэзідэнт Малдовы і сябар Лукашэнкі, абвінаваціў прэзідэнта Малдовы Маю Санду ў стварэнні ў парламенце групы «па звяржэнні Лукашэнкі».
Пад групай «па звяржэнні Лукашэнкі» Дадон мае на ўвазе стварэнне парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь». Пра фарміраванне групы было абвешчана ў ліпені 2026 года, а галасаванне павінна адбыцца сёння, 17 верасня.
Дадон заяўляе, што кіроўная партыя PAS хоча заняцца «звяржэннем Лукашэнкі», нягледзячы на эканамічныя праблемы ўнутры Малдовы.
«У нас праблемы з энергетычнымі рэсурсамі, у нас праблемы — людзі не ведаюць, як перазімуюць, а PAS сёння ў Парламенце хоча тэрмінова заняцца звяржэннем Лукашэнкі. Ну вы ўвогуле здаровыя? Дзе Малдова з яе праблемамі і дзе Беларусь?» — заявіў Дадон у відэа, апублікаваным у яго Telegram-канале.
Дадон назваў Санду і партыю PAS часткай сеткі Джорджа Сораса і абвінаваціў іх у выкананні загадаў Еўрасаюза.
«Насамрэч тое, што адбываецца, яшчэ раз даказвае, што PAS і Мая Санду не маюць уласнага парадку дня, не маюць парадку дня, звязанага з нацыянальнымі інтарэсамі і інтарэсамі грамадзян. Яны з’яўляюцца часткай глабалісцкай сорасаўскай сеткі, якая атрымала тэрміновы загад з Бруселя або з іншых пунктаў, што трэба ўхваліць рашэнне супраць Лукашэнкі, у падтрымку Ціханоўскай, за дэмакратызацыю Беларусі», — лічыць Дадон.
Дадон таксама звярнуўся да беларусаў. Ён заявіў, што народ Малдовы лічыць «Беларусь» дружалюбнай дзяржавай, а большасць міжнародных лідараў давяраюць Аляксандру Лукашэнку.
Ён нагадаў, што ЗША пачалі здымаць санкцыі супраць Беларусі. На думку Дадона, гэта сведчыць пра тое, што Беларусь лічыцца ў свеце важным гандлёвым партнёрам.
Ён заклікаў жыхароў Малдовы выйсці на пратэсты супраць PAS з-за росту цэн і нявызначанасці адносна таго, як Малдова будзе жыць у найбліжэйшыя месяцы.
