Кіраўнік праекта «Беларускія Магістраты» Цімох Акудовіч паведаміў у сацсетках пра новы фармат — «Кніжны Магістрат». Ён распрацоўваецца пры падтрымцы Беларускай Рады культуры з мэтай стварыць устойлівую сістэму падтрымкі беларускага кніжнага рынку, заснаваную на салідарнасці і даверы.
Удзельнікі супольнасці штомесяц ахвяруюць ад 10 да 100 еўра ў агульную скарбонку. Затым разам галасуюць, на які кніжны праект накіраваць сабраныя сродкі — гэта можа быць выданне кнігі, падтрымка выдавецтва ці развіццё кніжнай інфраструктуры.
Усе рашэнні прымаюцца супольна, праз галасаванні, без лішняй бюракратыі, але з акцэнтам на празрыстасць і ўдзел кожнага.
Першы праект, які ўжо падтрымаў «Кніжны Магістрат», — выданне рамана «Халодныя землі» ў супрацоўніцтве з выдавецтвам Gutenberg Publisher. Гэта першы крок да стварэння механізмаў доўгатэрміновага інвеставання ў кніжную сферу.
Зараз супольнасць працуе ў тэставым рэжыме і адкрывае набор новых удзельнікаў (яшчэ 20–30 чалавек, гатовых далучыцца да гэтага эксперыменту).
«Кніжны рынак – сфера культуры, якой варта займацца доўгатэрмінова, — мяркуюць ініцыятары «Кніжнага магістрату». — Кнігі — важны элемент нацыянальнай ідэнтычнасці нават у наш лічбавы час. Але наклады беларускіх кніг рэдка перавышаюць 1000 асобнікаў, што моцна абмяжоўвае матывацыю патэнцыйных аўтараў. Таму беларускі кніжны рынак павінен развівацца. Мы будзем шукаць праекты, якія найбольш эфектыўна дапамагаюць у гэтым».
Жадаючых далучыцца да доўгатэрміновай падтрымкі беларускай літаратуры просяць пісаць у асабістыя паведамленні.
Для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, — з меркаванняў бяспекі ўдзел пакуль не рэкамендуюць
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Без прозрачности расходов и надлежащей отчетности — до свидания