Напрыканцы 2024-га reform.news як звычайна падводзіць вынікі года. Літаратуру мы крыху абмеркавалі тут, надышла чарга тэатра.
У якой форме і ў якім стане дайшоў беларускі тэатр да пачатку 2025 года? Хто вёў рэй за мяжой і якія тэатральныя калектывы можна назваць легендай? У чым прычына, што сёлета спектакляў было менш, але стала больш калабарацый і знайшоўся адказ на галоўнае пытанне «Як жыць?». Што адбывалася ўнутры краіны і чаму лепш не пералічваць гэтыя дасягненні?
Пра вынікі тэатральнага года reform.news паразмаўляў з тэатразнаўцай Ірынай Лаппо — рэдактаркай польскай версіі выдання «Нарысы пра найноўшы беларускі тэатр: 2010-2020».
— Які момант свайго развіцця цяпер перажывае беларускі тэатр? Што адбываецца з ім сёння, у эміграцыі і ўнутры краіны?
— Па замове Беларускага інстытута тэатра я рабіла агляд пра наш тэатр у Польшчы, і аказалася, што за гэтыя сезоны, пасля 2020 года, адбылося больш за сотню прэм’ер рознага кшталту. Некаторыя з іх мелі даволі ўдалае тэатральнае жыццё — спектаклі гралі па 20-30 разоў, але большасць, на жаль, — адзін-два разы. Але гэтую працу рабілі людзі, якія знайшлі сябе ў новых варунках і змаглі працаваць далей у прафесіі.
Сёння ўжо няма сумневаў, што наш тэатр не толькі выжыў, але і атрымаў новы шанец: ён можа карыстаць з усіх магчымасцяў інтэграцыі з еўрапейскім мастацтвам. Ніколі раней у беларускіх дзеячаў не было столькі знаёмых у колах еўрапейскіх рэжысёраў і крытыкаў, не было такога ведання іншых моваў. Вы паглядзіце, колькі беларусаў падвучыла ці вывучыла замежныя мовы. Гэтыя кантакты з польскімі, нямецкімі, літоўскімі і іншымі тэатрамі будуць толькі ўмацоўвацца.
Яшчэ адзін пазітыўны бок эміграцыі — вольнасць слова. У выданні, якое я згадала, «Нарысы пра найноўшы беларускі тэатр (2010-2020)» і ў якім усе беларускія аўтары схаваліся за псеўданімамі, апісваецца час рэнесансу беларускага тэатра, перыяд яго актыўнага развіцця. Здавалася, што свет паволі адкрываецца для нас і мы пачнём выпрацоўваць сваю тэатральную марку, аднак у 2020-м незалежны тэатр перастаў існаваць, была пастаўлена вялізная кропка. Пасля якой, як высветлілася, пачаўся новы перыяд. Аднак вольнасць, адсутнасць цэнзуры — гэта не такія рэчы, якія даюць вынік адразу.
Да ўнутранай вольнасці трэба даспяваць. І мы паволі даходзім да яе. Гэта вельмі добра відаць на прыкладзе «Купалаўцаў». Калі яны толькі сышлі з дзяржаўнага тэатра, то пачалі сваю працу ад вельмі выразнага выказвання – ад спектакля «Тутэйшыя». А пасля амаль год займаліся рэканструкцыяй, узнаўленнем свайго рэпертуару, які быў у тэатры імя Янкі Купалы: «Радыё Прудок», «Паўлінка», «Я» (былы «Першы») і гэтак далей. Запісвалі спектаклі і выкладалі іх для сваіх гледачоў на YouTube-канале.
Калі частка «Купалаўцаў» з’ехала ў Польшчу, наступны крок, які яны зрабілі, быў кніксен у бок польскай культуры. Беларускі тэатр высылаў гаспадарам мэсідж: «Мы з вамі адной крыві…». Маем супольнага «вешча» Міцкевіча, а таму «Рамантычнасць» і «Дзяды». Маем падобную гісторыю і таго самага ворага, а таму «Запіскі афіцэра Чырвонай арміі». Гэтыя выказванні былі важнымі для нас, але не вельмі цікавымі для палякаў. Імі гэта ўспрымалася як экзотыка, маўляў, беларусы ўзяліся за нашыя тэмы. Гэтыя спектаклі не змаглі стаць падзеяй у польскім мастацтве.
«Купалаўцы» даволі хутка адышлі ад гэтай стратэгіі, тым больш, што на пачатку 2022 года пасля звальнення з РТБД прыехаў рэжысёр Аляксандр Гарцуеў з вельмі выразнай пазіцыяй «толькі сваё». І тады яны пачынаюць рабіць нешта небывалае — выказванне-перасцярогу, спектаклі пра вечнае, пра тое, што беларусы маюць сказаць гэтаму свету.
Гэта быў выдатны перыяд у іх творчасці, ідэалагічна ён трапляў у патрэбы і беларусаў, і палякаў. Спектаклі распавядалі пра важныя для ўсіх рэчы. Напрыклад, «Гусі-людзі-лебедзі» пра тое, што будзе, калі Расія…
— Памяняе ўказальнікі…
— Так, ва ўсім свеце. Яна з’ела Беларусь, але і Польшчай, калі што, не падавіцца. Такі спектакль-перасцярога. Гэта быў тэатр, які хацеў гаварыць пра вельмі актуальныя рэчы. Напрыклад, пра вайну і пра прыроду ўлады ў «Плошчы Перамогі». Аднак гаварыць у форме прыпавесці, не ўваходзячы ў прамое палітычнае выказванне.
Але прайшоў час і высветлілася, што такія складаныя спектаклі з вялікай колькасцю персанажаў, у якіх задзейнічана шмат актораў, цяжка эксплуатаваць і паказваць у варунках эміграцыі і пры адсутнасці свайго будынка. Гэтыя спектаклі рабіліся ў тым ліку і з прычыны салідарнасці, бо хацелася захаваць трупу і даць працу кожнаму з актораў, якія выехалі. Аднак трэба было выжываць, і «Купалаўцы» пачалі рабіць больш сціплыя праекты, значна прасцейшыя ў эксплуатацыі, як, напрыклад, «Mоj Hleb» Зоі Белахвосцік.
У 2024 годзе «Купалаўцы» дайшлі да адкрытага палітычнага выказвання: гэта «Зэкамерон» па турэмных запісках Максіма Знака, і «Экстрэмісты» па дэбютнай п’есе знанай паэткі Юліі Цімафеевай. Гэта важны этап у развіцці групы: даспяванне да ўнутранай вольнасці, да ўнутранага дазволу на такі тэатр. Бо «Купалаўцы» заўсёды дбалі найперш пра мастацтва. А аказваецца, што такое найпроставае палітычнае выказванне — яно таксама пра мастацтва. І дакументальны тэатр — не палітінфармацыя. І яны справіліся з гэтым матэрыялам на выдатна. І заплацілі сваю цану. 13 снежня 2024 года групу «Купалаўцы» прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем.
— Аднак «Купалаўцы» — гэта махіна з вялікім досведам, напрацоўкамі, з моцнай акторскай і рэжысёрскай камандай… А што адбылося з іншымі тэатрамі, якія эмігравалі?
— Купалаўцы — гэта таксама асобныя людзі з вельмі цяжкімі лёсамі. Яны перадусім легенда.
Беларускі тэатр, не важна, дзе ён цяпер выяўляе сябе, у Лондане ці ў Варшаве, у Вільні ці ў Менску, у Магілёве ці ў Любліне — гэта адна сетка. І толькі разам мы можам выжыць. І калі з’яўляецца яшчэ адна легенда, бо адна ўжо існуе — гэта Беларускі свабодны тэатр, то выйграюць усе, таму што мы тады становімся пазнавальнымі, з’яўляецца наша ўласная марка «беларускі тэатр».
Купалаўцы сталі легендай у 2020 годзе і ўмацавалі яе ў 2024-м, атрымаўшы ад уласнай краіны ганаровы тытул «экстрэмістаў». І гэтую легенду ўжо немагчыма знішчыць, але важна яе падтрымаць і выкарыстаць для агульнага развіцця беларускага тэатра, які адраджаецца ў эміграцыі на нашых вачах.
У Варшаве паўстаў, знайшоў сваё месца і шлях By Teatr — калектыў, які выпрацаваў вельмі сучасную форму існавання. By Teatr пазіцыянуе сябе як тэатральнае бюро, што аб’ядноўвае людзей тэатра, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Стратэгія новага беларускага калектыву выпрацоўвалася цягам трох гадоў эміграцыі. Заснавальнікі By Teatr — звольненая з РТБД тройка актораў: Андрэй Новік, Максім Шышко, Марыя Пятровіч і спявачка Дар’я Новік, якія ў складзе Team тэатра працавалі ў TR Warszawa цягам трох тэатральных рэзідэнцый пад чулай апекай уплывовага польскага тэатральнага крытыка Рамана Паўлоўскага, а ў 2024 годзе «пайшлі на сваё». У рэпертуары гэтай групы некалькі важных спектакляў: спектакль-вербацім «How are you?», цудоўная музычная «З@мова», балючае «Мора Хрысціны» і абсурдысцкая «Галера» (на польскай мове). Яны сапраўды працуюць як калектыў — мабільна, адкрыта, запрашаючы ў свае праекты іншых. Разам працуюць і ў тэатры, і на будоўлі. Калі паглядзець на рукі нашых выбітных актораў, то плакаць хочацца, якой цяжкай фізічнай працай яны зарабляюць на жыццё. Але не здаюцца, прыдумваюць нешта новае, і я ўпэўнена, што яны выжывуць, калі мы іх падтрымаем.
BY teatr імкнецца захаваць свой твар, беларускую ідэнтычнасць і мову, але адкрыты да дыялогу з польскай і ўкраінскай культурамі. У 2024 годзе спынілася польская праграма тэатральных рэзідэнцый для беларусаў, якую ад 2022 года рэалізаваў польскі Тэатральны інстытут імя Збігнева Рашэўскага і якая дапамагла выжыць нашаму тэатру ў першыя гады эміграцыі. BY teatr у гэтай складанай сітуацыі знайшоў выйсце і выступіў як прымаючая арганізацыя для ўкраінскіх актораў. Такім чынам паўстала апошняя прэм’ера гэтай групы — «Сон» па п’есе, напісанай і пастаўленай Максімам Шышко. Спектакль пра блуканне паміж рэальнасцямі, пра знаходжанне паміж свядомым і несвядомым станамі, пра вайну і эміграцыю, якую мы, на жаль, не прыснілі, хаця так хочацца проста прачнуцца.
У Музеі Вольнай Беларусі рэгулярна паказвае свае спектаклі тэатральная група «ДзеЯ другая», якую ў 2023 годзе стварылі акторка Вольга Каралёнак і мастак па святлу Даніла Ганчароў. Да 2020 года яны разам працавалі ў Новым драматычным тэатры, то-бок, маюць унікальны досвед працы ў калектыве, які паўстаў з альтэрнатыўнага тэатральнага руху напрыканцы 1980-х. Гэты тэатр быў створаны Міколам Труханам на базе студыі «ДзеЯ» (год заснавання 1987). Пасля смерці Міколы Трухана студыю пазбавілі ідэнтычнасці і перайменавалі ў Новы драматычны тэатр. Такім чынам, варшаўская «ДзеЯ другая» выбудоўвае жывую сувязь з традыцыяй беларускага авангарду.
Напрыканцы 2023 года здавалася, што сапраўдным фронтменам беларускага тэатра будзе Юра Дзівакоў, некалькі прац якога (перад усім «Насця» паводле апавядання Сарокіна) увайшлі ў рэпертуар Teatr Powszechny.
Дарэчы, нелірычнае адступленне — гэта адзін з вельмі пажаданых кірункаў, у якім беларускі тэатр мог бы развівацца ў экзылі: супрацоўніцтва з польскімі тэатрамі і захаванне сваіх спектакляў у іх рэпертуары, каб хоць зрэдку, але можна было б іх граць. Я, напрыклад, магу лёгка ўявіць «Тутэйшых» па-беларуску ў Teatrze Narodowym. Гэта пытанне добрага праекта, ідэі, жадання, а таксама сувязяў, якія паволі накопліваюцца. Але пакуль на пальцах адной рукі можна палічыць такія калабарацыі (спектаклі Дзівакова ў Teatr Powszechny, супрацоўніцтва прадзюсарскай групы Марыны Дашук з Teatr Nowy, два спектаклі «Камедыя Юдзіфі» і «Запрашэнне ў пекла» «Купалаўцаў» у рэпертуары люблінскага Teatr Centralny).
Дык вось, у Юры Дзівакова ідзе спектакль у Teatrze Powszechnym, было некалькі прэмьер у Teatrze Rozmaitości («Уленшпігель» і «Канец паўкабана»). Быў такі момант, што Юра выпускаў тры прэм’еры амаль адначасова. Але цяпер ён ужо доўгі час не мае працы. Бо грант на адзін спектакль — гэта ўсяго толькі грант на адзін спектакль, а пасля зноў трэба шукаць грошы на наступны праект. У Юры Дзівакова няма свайго тэатра, але ёсць надзейнае кола супрацоўнікаў, з якімі раз-пораз гэты важны для беларускага тэатральнага мастацтва эпатажны і неверагодна таленавіты рэжысёр стварае свае прэм’еры. Таму нашаму тэатральнаму камьюніці трэба актыўна працаваць на тое, каб такіх моцных і цікавых калектываў стала больш.
Нам, безумоўна, марыцца пра нейкае памяшканне ў цэнтры Варшавы для беларускага тэатра, але, здаецца, важнейшай справай з’яўляецца развіццё тэатральнага сеціва, а для гэтага патрэбныя салідарнасць і ўзаемападтрымка.
— Ёсць такі выраз, што тэатр пачынаецца з вешалкі. Але насамрэч тэатр пачаўся з рытуалу ў першабытнай пячоры, з магіі. То-бок тэатры не заўсёды мелі будынкі. Аднак усё роўна ўзнікае шмат пытанняў: як наш тэатр у эміграцыі існуе ў такой дзіўнай форме, як яны выжываюць, бо не зразумела, дзе трымаць рэквізіт, як кожны раз шукаць пляцоўкі для выступаў?
— Такая форма выжывання выматвае, гэта адназначна. Рэквізіт трымаюць у нейкіх гаражах, якія здымаюць. Напрыклад, труну — рэквізіт свайго спектакля — Юра Дзівакоў нейкі час захоўваў у сваім пакоі. Моцны вобраз атрымаўся.
Тэатр пачынаецца з вешалкі? У эмігранцкіх варунках гэта можа выклікаць новыя праблемы. Бо важна, каб улічваліся інтарэсы розных груп. У такім тэатры могуць адрадзіцца ўсе не найлепшыя традыцыі стацыянарнага дзяржаўнага тэатра. Апроч таго, без дзяржавы такі стацыянарны, рэпертуарны тэатр немагчымы. У нас няма дзяржавы, на якую можна абаперціся.
На мой погляд, лепшай ідэяй, чым тэатральны дом, з’яўляецца фестываль, які прыдумала Вольга Кулікоўская, былая менеджарка Купалаўскага. Яна збірае тое, што робяць мастакі і артысты ў Польшчы. І паволі, адзін за адным, другі сезон запар паказвае гэта.
Многія спектаклі прывозяцца з іншых гарадоў да Варшавы, альбо вывозяцца з Варшавы да іншых польскіх гарадоў. То-бок гэта тая сетка, якая дазваляе дапамагаць тэатральным калектывам працаваць, крытыкам даследаваць, а беларускага гледача трымаць у тонусе, каб ён не забываў, што ў нас ёсць свой тэатр.
Сучасны свет перадусім сеціва. Беларускі тэатр у экзылі існуе ў інтэрнэце, на фестывалях і ў такім нетворкінгу, які невідочны, але вельмі плённы.
У англійскага рэжысёра Пітэра Брука ёсць кніжка «Пустая прастора», якая зрабіла вялікае ўражанне на афрыканскіх тэатральных дзеячаў, якія вярталіся ў свае краіны пасля таго, як адвучыліся ў Еўропе і не маглі працаваць, таму што не мелі тэатральных будынкаў і сцен. Брук сцвярджаў, што каб быў тэатр, хопіць дывана. Дастаткова раскласці дыван у пустыні — і мы маем выдзеленую прастору. Гэта і ёсць сцэна — тэатральная прастора, дзе можа адбывацца дзея.
Не ў нашым клімаце дываны раскладаць на вуліцах, аднак такіх умоўных прастораў па ўсёй Польшчы можна знайсці сотні. Палякі вельмі прыхільныя да беларускага тэатра, але свой дом нам не аддадуць. Супрацоўнічаць — іншая справа.
У сярэдзіне снежня ў Любліне трэці раз адбыўся фестываль «Блізкі Усход», у праграме якога трэці раз дамінаваў беларускі незалежны тэатр. Важная частка гэтага фестывалю — лабараторыя, дзе на працягу 5 дзён працавала каля 40 беларускіх і ўкраінскіх артыстаў. Кожны дзень распрацоўвалася новая тэма, якую прадстаўляў адзін з запрошаных з лекцыямі гасцей. Пасля кожнай лекцыі адбывалася дыскусія, а потым працоўныя групы рыхтавалі чытанні, эцюды, сцэнкі, паказы ці мікра-перформансы па тэме. Кожны дзень адбываліся адкрытыя паказы ў прысутнасці гледачоў. Такога роду дзейнасць дазволіла ажыццявіць абмен думкамі і натхненнем паміж польскімі, беларускімі і ўкраінскімі тэатральнымі творцамі, а таксама абмен досведам і поглядамі паміж пакаленнямі. Менавіта такім чынам будуецца сеціва.
— За мяжой — сеціва, а што адбываецца ў Беларусі?
— Тэатр у Беларусі русіфікуецца значнымі тэмпамі. Прыязджаюць расійскія рэжысёры, акторы, якія не разумеюць, што яны ж штрэйкбрэхеры, што займаюць чужое месца і няма каму ім гэта растлумачыць. Ёсць меркаванне, што дзякуючы расейцам падтрымліваецца высокі ўзровень тэатральнага мастацтва ў Беларусі.
Аднак ці беларускае гэта мастацтва?..
Даволі чакана адбыўся разгром Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Было дзіўна, што карнягаўская трылогія — «Шлюб з ветрам», «Пачупкі» і «Забалоцце» — існавала такі доўгі час.
У гэтых варунках нешта жывое ў краіне, напэўна, ёсць, але, з аднаго боку, мы не вельмі ведаем. З іншага боку, лепей і не ведаць, каб лішняга не сказаць.
Мы ўсім сэрцам гатовыя дапамагчы беларускаму тэатру ўнутры, каго трэба прымаем тут, дзелімся інфармацыяй… Але нават калі там нешта адбываецца, то лепш каб яно заставалася неапублічаным.
— Па кантрасце з тым, што адбываецца ў краіне, відаць, што ніколі беларускі тэатр не быў такім беларускамоўным, якім ён стаў за мяжой. Я палічыла, колькі было прэм’ер за апошні перыяд: рускамоўных — адзінкі, а дзевяноста адсоткаў — беларускамоўныя. Ёсць крыху польскамоўных. Напрыклад, «Купалаўцы» зладзілі канцэрт на польскай мове, прысвечаны Яцеку Качмарскаму, дзе адбыўся абсалютны фурор, прыйшло вельмі шмат палякаў. На польскай мове Юры Дзівакоў зрабіў спектакль «Канец паўкабана» па п’есе Гэльмута Кайзaра, ён намінаваны на польскі конкурс. «Галера» By Тeatr граецца па-польску. Паліна Дабравольская зрабіла спектакль «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе служыць мне замест мяча» на польскай мове. З Палінай увогуле цікава — яна пачала ад беларускамоўнай «Сарматыі» паводле паэмы Марыйкі Мартысевіч, пасля зрабіла польскі спектакль, а апошняя яе праца — «Coma» — на ангельскай мове.
— Чым быў адметны 2024 год для беларускага тэатра? Мне здаецца, што ў 2023 годзе ён быў больш актыўным…
— Псіхолагі даўно апісваюць працэсы, якія праходзяць у эміграцыі. Згас энтузіязм, скончыліся сілы і зніклі папярэднія надзеі на хуткае вяртанне. Цяпер трэба рухацца далей і будаваць масты не толькі з тэатральнай супольнасць, але і з Украінай, і з Беларуссю, якую мы пакінулі…
Аднак асноўная прычына спаду актыўнасці ў тым, што пасля змены ўлады ў Польшчы польскі Тэатральны інстытут, як я ўжо казала, выключыў беларусаў з праграмы рэзідэнцый. Гэта асабліва балюча таму, што гэтыя рэзідэнцыі якраз і з’явіліся ў свой час для беларускага тэатра. Пасля 2020-га быў вельмі моцны рух салідарнасці, і ў першым сезоне сорак польскіх пляцовак выказалі згоду прыняць беларусаў.
Пасля выбуху вайны рэзідэнцыі падзялілі паміж Украінай і Беларуссю. Аднак ад нейкага часу Беларусь у польскім публічным дыскурсе пачала гучаць і ўспрымацца ў адной звязцы з Расіяй, а не з Украінай. І гэта змена поглядаў на Беларусь адбілася на беларускім тэатры, які выключылі з праграмы рэзідэнцый. А без падтрымкі польскай дзяржавы вельмі цяжка існаваць.
Я ўжо згадвала BY teatr, які знайшоў выйсце з гэтай неспрыяльнай нам сітуацыі і выступіў як прымаючая арганізацыя для ўкраінскіх актораў. З плённых калабарацый з украінцамі яшчэ згадаю спектакль Валянціны Мароз «Прыпынак Еўропа». Удалы прыклад інтэграцыі беларусаў і ўкраінцаў — тэатр «Эмігрант», які ў Познані вядзе ўкраінка Вольга Грыгар’яш разам з беларускімі акторкамі, рэалізуючы праекты пра супольны жаночы лёс. То-бок тыя, хто збудаваў моцныя і праўдзівыя сувязі з украінцамі, змаглі выжыць і ў гэтым годзе.
— Усё ж, нягледзячы на гэтыя непрыемныя тэндэнцыі, што найбольш яркага вы заўважылі ў 2024 годзе?
— Як тэатразнаўца я ацэньваю не ў катэгорыях года, а ў катэгорыях сезона. Сезон 2024/2025 яшчэ не паказаў, чым ён ёсць. Але за апошні час праявіліся цікавыя тэндэнцыі.
Як я ўжо згадвала, адной з вельмі характэрных тэндэнцый з’яўляецца зварот «Купалаўцаў» да прамога палітычнага выказвання. Для гэтага была патрэбна ўнутраная адвага: адпусціць старыя страхі і звярнуцца да таго, што сапраўды баліць. Хоць нібыта гэты боль успрымаецца як скарга. Вечная скарга беларуса.
Але гэта надзвычай важна, калі мы паглядзім на жыццё і перспектывы ўнутры краіны. Яшчэ некалькі гадоў — і там вырасце пакаленне, якое не будзе ведаць нічога пра 2020-ты, бо нічога не будзе пра яго нагадваць.
І тое, што прастора — і тэатральная, і мастацкая — напоўнена ўспамінамі, творамі, спектаклямі і п’есамі, якія фіксуюць пратэсты і ўсё тое, што здарылася пазней, гэта вельмі важна.
Аднак нам бы хацелася распавесці пра сваё балючае не столькі беларусам, у якіх ідзе паўторная траўматызацыя, але перадусім палякам, літоўцам і іншым еўрапейцам. Гэта не вельмі атрымліваецца, цяжка прабіцца з гэтай тэматыкай да польскага гледача, бо ва ўсіх сваё балючае.
Калі я пачынаю размаўляць з маімі польскімі студэнтамі ў Любліне пра праблемы сучаснасці, яны перадусім гавораць не пра вайну ва Украіне, якая ідзе зусім непадалёк ад іх горада, а пра інфляцыю. У кожнага свой боль. У нас — палітвязні, ва ўкраінцаў — вайна, у палякаў — інфляцыя, і няма сэнсу мерацца, чый боль лепшы ці большы… А вось падумаць, што зрабіць, каб балела менш, канешне, варта.
Лепшыя рэчы, якія ствараюцца ў беларускім тэатры ў эміграцыі, далёка выходзяць за рамкі публіцыстыкі, простых скарг на злачынствы супраць уласнага народа, за межы дакументальных апісанняў дзеянняў рэжыму. Вызвалены ад комплексу правінцыяналізму, незалежны беларускі тэатр стаў гульцом на міжнароднай сцэне. Даказаў сваю суб’ектнасць, паказаў і паказвае свой народ героем. Тое, што наш тэатр працягвае гаварыць сваім голасам і на сваёй мове, — ключавы вынік 2024 года.
— Калі мова пра спектаклі 2024 года, то маю ўвагу прыцягнулі дзве пастаноўкі: «Па што ідзеш, воўча?» Монікі Дабраўлянскай і «Ордэн белай мышы» Уладзіміра Ушакова. Ободва — не з пункту гледжання мастацкага выказвання, але як пошук новых шляхоў для развіцця беларускага тэатра ў экзылі. Гэта добрыя прыклады новых спосабаў вытворчасці ў складаных умовах эміграцыі.
Спектакль «Па што ідзеш воўча?» нарадзіўся ў працэсе чытак, якія паступова трансфармаваліся ў паўнавартасную пастаноўку. На кожным этапе працы дадаваліся новыя элементы, акторкі паглыблялі свае ролі, мацней праяўлялася рэжысёрскае бачанне. Такая паступовасць дазволіла не толькі выпрабаваць і палепшыць матэрыял, але і стварыць цёплую жаночую (у гэтым выпадку) супольнасць паміж акторкамі з вельмі розным бэкграўндам і рэжысёрскай, якія разам прайшлі ўвесь шлях ад ідэі да выніку. Гэты метад ідэальна адаптуецца да абмежаваных рэсурсаў і стварае ўнікальны спосаб камунікацыі ў рамках праектнага тэатра.
Іншая пастаноўка — «Ордэн белай мышы» — дэманструе, як краўфандынг можа стаць карысным інструментам для фінансавання мастацкіх праектаў.
Уладзімір Ушакоў прапанаваў новую форму існавання беларускага тэатра ў эміграцыі. Творцы знайшлі прадзюсара, прастору, сабралі на пастаноўку грошы ад беларусаў. Дзякуючы гэтаму з’явіўся новы спектакль, які, можа, будзе мець больш шчаслівы лёс, чым шматлікія аднаразовыя паказы, паўсталыя ў выніку рэзідэнцый.
Гэты падыход не проста забяспечвае сродкі, але і стварае глыбокую сувязь паміж артыстамі і іх аўдыторыяй. Гледачы, якія ахвяруюць грошы на пастаноўку, становяцца часткай творчага працэсу, адчуваюць сябе саўдзельнікамі ў стварэнні культурнага прадукту.
Абедзве пастаноўкі дазваляюць падкрэсліць адзін важны момант: дарагія квіткі на беларускія спектаклі — гэта не проста плата за ўваход. Гэта сімвал падтрымкі нацыянальнай культуры ў выгнанні. Купляючы квіток, гледачы нібы ўкладаюць «цаглінку» ў агульны беларускі дом.
— Тое, што ў 2024 годзе «Купалаўцы» атрымалі «ганаровы тытул» «экстрэмістаў», безумоўна трапіць у гісторыю беларускага тэатра. Гэты статус, прысвоены рэжымам, накіраваны на дыскрэдытацыю і ізаляцыю тэатра, які стаў сімвалам беларускай культуры і супраціву. Але за што сапраўды «Купалаўцы» заслужылі такую ўвагу?
За беларускую мову, бо «Купалаўцы» заўсёды стаялі на варце беларускай мовы і культурнай традыцыі. Іх спектаклі — гэта не проста пастаноўкі, а важныя культурныя маніфесты.
За адважны палітычны тэатр, бо іх праца з сучасным літаратурным матэрыялам — з тэкстамі Альгерда Бахарэвіча, Віктара Марціновіча, Сяргея Кавалёва, Максіма Знака, Юліі Цімафеевай — гэта спроба сказаць праўду пра «тут і цяпер». «Купалаўцы» не баяцца кранаць вострыя тэмы, адлюстроўваць падзеі, якія хвалююць грамадства. Яны стварылі сцэну, дзе беларусы могуць убачыць сябе, свае перажыванні і надзеі.
За тое, што стаяць са сваім народам. Калі народ сутыкнуўся з рэпрэсіямі, «Купалаўцы» не змаглі маўчаць. Іх рашэнне пакінуць дзяржаўны тэатр у 2020 годзе стала адной з ключавых кропак беларускага супраціву. Цяпер яны працуюць там, куды пераехала актыўная частка гледачоў, — у эміграцыі, даносячы праўду пра Беларусь і падтрымліваючы нацыянальны дух.
У выніку іх называюць «экстрэмістамі» не за дзейнасць, а за адданасць: мове, тэатру і людзям.
— Чаму калі мы разважаем пра беларускі тэатр у эміграцыі, згадваем найперш Польшчу?
— Таму што на дзяржаўным узроўні ніхто так не падтрымаў беларусаў, як гэта зрабіла Польшча. Калі ў Літве, Грузіі ці Нямеччыне за ўвесь гэты час можна налічыць 5-10 пастановак, то ў Польшчы іх было каля сотні. Цяпер, праўда, падтрымка зменшылася з-за закрыцця праграмы рэзідэнцый.
Аднак я спадзяюся, што Беларускі тэатральны інстытут знойдзе магчымасць паўплываць на сітуацыю. У праграме новай дырэктаркі польскага Тэатральнага інстытута Юстыны Чарноты-Мішталь ёсць пункт «дапамога беларускаму тэатру», але ўжо зразумела, што адбывацца гэта дапамога будзе не ў той форме, якая існавала раней. Праграма рэзыдэнцый дапамагла незалежнаму беларускаму тэатру «выжыць».
Не вельмі плённы з пункту гледжання колькасці прэм’ер 2024 год прынёс адказ на пытанне «Як жыць?»: трэба шукаць новыя формы існавання беларускага тэатра ў экзылі, каб не змарнаваўся плён працы ўсяго тэатральнага кам’юніці.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram