Цёмныя справы, эмігранцкія страхі… Новыя кнігі лістапада: літагляд

Напярэдадні зімы выдаўцы вырашылі адмыслова парадаваць дзяцей, напрыклад, такой неспадзянкай, як зборнікам нерыфмаванай паэзіі. Што да даследчай літаратуры – тут шмат інтрыгоўнага: ад вандровак па Мінску шляхамі Освальда да рытуальных жаночых практык. Выпадкова гэта гэта ці не, але напрыканцы восені зявілася некалькі кніг у жанры аўтафікшн, у якіх асэнсоўваецца няпросты і траўматычны эмігранцкі досвед.

Мастацкая літаратура

Васіль Быкаў «У тумане», «Аблава», «Сцюжа»

Пад адной цвёрдай вокладкай чытачы знойдуць тры аповесці Васіля Быкава.

Чалавек сярод людзей — чалавек супраць людзей — чалавек без людзей. Такія жыццёвыя этапы наканавана прайсці героям прапанаваных аповесцяў. І кожны з іх урэшце разумее, што самыя важныя рашэнні ў жыцці ён прымае, застаўшыся сам-насам.

Выдавецтва «Папуры».

Набыць можна тут.

Аляксандр Лукашук «Гульня ў Освальда»

«Гульня ў Освальда» — гэта чарговая спроба разабрацца ў забойстве прэзідэнта Кенэдзі аўтарам жанрава пазначаная як «квэст». Аляксандр Лукашук даследуе самы загадкавы «след» у гэтай крымінальнай гісторыі: жыццё Лі Харві Освальда ў Мінску.

У аснове — дакументы КДБ і Камісіі Уорэна. Аўтар шукае праўду сярод успамінаў, літаратуры і нават матылёў, ў калекцыі дакументаў КДБ Беларусі і Камісіі Уорэна ЗША, успамінах сяброў і жонкі, варыяцыях літаратуры, геймінгу і лепідаптэралогіі.

Былому дырэктару Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандру Лукашуку таксама належыць кніга «След матылька: Освальд у Менску».

Дарэчы, вокладка новай кнігі ўзята з часопіса «Роднік», дзе ўпершыню быў надрукаваны аўтарскі матэрыял пра Освальда, на ёй — персанаж з карцін Босха – дэман. Хоць мастак не ведаў пра будучы тэкст.

«Тэкст Аляксандра Лукашука — гэта раскошны інтэлектуальны дэтэктыў. Месцамі — хорар. Освальд, дарэчы, любіў чытаць, але дзяўчаты, якіх ён запрашаў у сваю каморку, былі расчараваныя бібліятэкай: там былі Ленін з Марксам па-ангельску. Гэта была казка, героем якой той хацеў стаць. А стаў — героем Дастаеўскага. Сам жа лічыў, што героем Оруэла», — піша Алесь Кіркевіч на партале «Будзьма» і дадае: «Кніга «Гульня ў Освальда» — гэта тая літаратура, якую мы даўно чакалі. Дэтэктыў, дакументальная проза, гарадскі раман, псіхалагічны трылер — усё тое, што мы чыталі на іншых мовах і ціха зайздросцілі».

Выдавецтва «Kamunikat.org».

Замовіць кнігу можна тут.

Насця Рагатка «Носи с собой»

Іранічны аўтафікшн «Носи с собой» — гэта зборнік кароткіх аповедаў (12 з паловай), ад якіх «захочацца жыць – прымаючы, хто ты і адкуль».

«Знаёма пачуццё, калі старое «я» ўжо не налазіць, а новае яшчэ не нарасло? Калі жарты здаюцца больш патрэбныя менавіта ў пекле? Ці вам проста выпала быць жанчынай, эмігрантам або выхадцам са складанай краіны (альбо вы адчуваеце сябе больш жыва, чытаючы пра іх, – у кожнага свой кінк). Тады гэта кніга для вас», — піша аўтарка.

Замовіць можна тут.

Даря Ракава «Я мы эміграцыя»

Гэтая кніга — шчырая гісторыя станаўлення ў эміграцыі, пра тое, як збіраць сябе нанова і будаваць дом там, дзе яшчэ ўчора і жыць не планавалася. Навучанне, праца, закаханасць і сапраўднае каханне, новыя сустрэчы і нечаканыя расчараванні — усё аказалася і складаней, і ярчэй, чым аўтарка магла сабе ўявіць.

У кнізе апісваюцца гісторыі эмігрантаў: беларусаў і ўкраінцаў, якія адважыліся на пераезд або былі вымушаныя ўцякаць. Хтосьці страціў усё і пачаў з самага пачатку, хтосьці адкрыў бізнэс у новай краіне, хтосьці вучыўся гаварыць і бараніць сябе, хтосьці будаваў адносіны на нязвыклай для сябе мове. Гэтыя розныя лёсы складаюцца ў адзінае палатно эмігранцкага досведу, у якім лёгка пазнаць уласныя страхі, сумненні і надзеі.

Выдавецтва: RozUM Media

Набыць можна тут.

Алеся Шацёр «Заходзь, душа, пагрэцца»

Блогерка Алеся Шацёр, якая вядзе каларытны блог пра вёску, напісала кнігу прозы.

«Гэтая кніга пахне вясковай хаткай, яблыневымі садамі, разамлелымі на сонцы, і сенцам, складзеным у стажкі. Гэта светлы гумар, цеплыня і надзея, якой не хапае нашай душы у няўмольным віры жыцця. Калі за сценкаю дзьмуць сіверныя вятры, няхай гэтая кніга стане натопленай грубкай, да якой вы прытуліцеся плячыма», — гаворыцца ў анатацыі.

Невялікія па аб’ёме зацемкі ў кнізе знітаваныя між сабой адным пачуццём – любоўю. І гэтая любоў ахоплівае ўвесь навакольны сусвет, які стварыў «Бог Слова»: «Калі хтосьці скажа, што я рамантызую вёску, я скажу, што ён тысячу разоў мае рацыю. Я дыхаю ёю, спяваю яе і прапускаю праз кроў. Бо я не ведаю іншага месца, у якім бы кожная дробязь, кожная дэталь былі прасякнуты наскрозь такой глыбінёй быцця.

Не спраўляйце жалобу па вёсцы, ці не лепш прыняць як дадзенасць, што яна не будзе ранейшая, але яна жыве, цячэ, прабіваецца парасткамі скрозь старую брукаванку і сочыцца сцюдзёнай расой праз зямлю.

Гэта свята жыцця у гліняным кубку, захапленне звычнае, як хлеб. Прыпадзіце вуснамі».

Выдавец Раман Цымбераў.

Набыць можна тут.

Макс Шчур «Чайны збор»

Назва «Чайны збор» адсылае да зборніка паэзіі Макса Шчура 2006 году «Ранні збор». Гэта таксама назва адного з гатункаў віна.

Новая кніга прысвечаная франка-чэшскаму паэту сюррэалісту Петэру Кралу, які памёр ў 2020 годзе і з якім сябраваў Макс Шчур. І які пісаў прадмову да адной кніг Макса Шчура.

Кніга складаецца з найлепшых тэкстаў за 20 гадоў абраных твораў постпаэзіі: «Постпаэзія стараецца не настолькі быць залежнай ад структур натуральнай мовы, не паддавацца таму, што называецца аповедам, наратывам, то-бок нейкай гісторыі. Калі узяць гэтыя тэксты, то яны ўяўляюць сабе набор нейкіх вобразаў, як і пры прыгатаванні гарбаты, вынік залежыць ад таго, як вы іх будзеце сабе гатаваць».

З суседняй вуліцы прыбралі

стары Нью-Ёрк

разам са жвірам

і клеткамі для кіназаапарку

Пахмурны дзень мінуў як адна гадзіна:

шарая

працоўная

ніякая

з кароткім перапынкам на жарсьць

і на даўно ня чутую Лану Дэль Рэйдыёхэд

у кавярні

22.10

Выдавецкая ініцыятыва SayBeat

Набыць можна у варшаўскіх кнігарнях ці напісаўшы на пошту perfect.magenta@gmail.com.

Дзіцячая літаратура

Анталогія нерыфмаванай паэзіі «На пухнатых лапках»

Паэтка Вольга Гапеева зяўляецца ўкладальніцай, перакладчыцай і ілюстратаркай анталогіі «На пухнатых лапках».

У кнізе сабраны пераклады твораў розных часоў з ангельскай, японскай, нямецкай, гішпанскай і іншых моў аўтарак і аўтараў. Некаторыя творы былі адмыслова напісаны для дзяцей, іншыя, магчыма, не задумваліся такімі, але іхняя тэматыка робіць іх зразумелымі для малых чытачоў, пашыраючы кругагляд дзяцей у свеце паэтычнага слова.

Нерыфмаваныя вершы — добры антыдот таму страху, які многія дарослыя выпрацавалі да паэзіі, бо лічаць яе занадта рамантычнай ці складанай для разумення справай.

Кніга выйшла ў рамках акцыі «33 кнігі для іншай Беларусі».

Выдавецтва Skaryna Press.

Набыць можна тут.

Янка Купала «Бай»

Верш-забаўлянку Купалы пра Бая, які бегаў па сцяне ў чырвоным кафтане, упершыню выдалі асобнай кніжкай-кардонкай.

Забаўлянка – ужо напаўзабыты жанр дзіцячага фальклору. Але дарма, бо ён вельмі лёгка ўспрымаецца маленькімі дзецьмі праз сваю рытмічную форму, мелодыку і просты сюжэт. Адпаведна спрыяе развіццю маўлення, слыху і фантазіі. А «Бай» яшчэ і пазнаёміць дзетак з беларускай традыцыяй у вясёлай і даступнай форме.

Ілюстрацыі намалявала Ульяна Наўроцкая, мастацкая рэдактарка — Ганна Шчуко.

Кніга створаная для сумеснага сямейнага чытання з самымі маленькімі.

Выдавецтва «Вільма».

Набыць можна тут.

Карл Калодзі «Прыгоды Пінокіа»

Прыгоды Пінокіа» — казка італьянскага пісьменніка Карла Калодзі, якая стала нацыянальным здабыткам Італіі і заваявала сэрцы чытачоў па ўсім свеце. Гэтая незвычайная гісторыя пра драўляную ляльку, якая марыць стаць сапраўдным хлопчыкам, ужо шмат дзесяцігоддзяў застаецца адной з самых любімых кніг як дзяцей, так і дарослых.

Пінокіа, як і звычайныя дзеці, не любіць вучыцца, часта выдумляе небыліцы, з-за чаго яго нос пачынае расці. Каб ажыццявіць сваю мару і ператварыцца ў сапраўднага хлопчыка, яму трэба прайсці праз мноства выпрабаванняў, навучыцца адрозніваць дабро ад зла, сумленнасць ад хлусні.

Маленькі чытач разам з героем вучыцца прымаць адказныя рашэнні, разумець каштоўнасць добрых учынкаў і сумленнасці.

Казка прываблівае захапляльным сюжэтам, вучыць адказнасці за свае ўчынкі, сумленнасці і дабрыні. За чароўным апавяданнем хаваецца глыбокі сэнс пра сталенне і станаўленне асобы.

На першым форзацы прадстаўлены лабірынт, у якім трэба дапамагчы Пінокіа выйсці з Краіны Забаў. На другім форзацы — займальная гульня, мэта якой як мага хутчэй ператварыцца з драўлянай лялькі ў сапраўднае дзіця.

Выдавецтва «Адкрытая кніга».

Набыць можна тут.

Шакці Стааль, Марыянна Барсілон «Як Воўк пісаў ліст Дзеду Марозу»

З таго часу як Воўк убачыў фота Дзеда Мароза ў газеце, ён мог думаць толькі пра ежу. Таму напярэдадні Калядаў Воўк ускаквае з цёмнага рана. Трэба ж так шмат зрабіць да прыходу гэтага тоўсценькага шашлыку!

Акрамя амаль што дэтэктыўнай гісторыі, у кнізе вас чакае рэцэпт вечнай маладосці і фінансавыя парады!

Пераклад з французскай Кацярыны Маціеўскай

Пераклады

Катрын Зіле «Любыя косці»

Раман Катрыны Зіле «Любыя косці» — гісторыя жыцця жанчыны, якая захоўвае косці двух мужчын у мэблевай секцыі ў сябе дома. У атмасферным, прасякнутым магічнай рэальнасцю творы пераплятаюца паўсядзённасць спальных раёнаў Вільні і літоўскі фальклёр. Час дзення рамана нявызначаны, умоўны. Жыццё тут сустракаюць і праводзяць у лазні шматкватэрнага дома, пастухі ездзяць на выган на тралейбусах, жывёл трымаюць у кватэрах, хлеб пякуць на лесвічнай пляцоўцы, каля паштовых скрынак; у доме ладзяцца рытуалы, адбываюцца цуды.

Стыль аповеду нагадвае рытуальны саван, у які загорнутыя ключавыя падзеі, пачуцці, успаміны, пробліскі чоранага гумару і грубай мовы, даследуюцца тэмы адносін, вернасці, забабонаў і чалавечнасці.

Кніга аздобленая ілюстрацыямі мастака Бярнардаса Бурбы, які малюе горад, ягоныя дэталі, усмпаміны дзяцінства і паўсядзённыя дробязі.

Перакладчыца Сюзанна Паўкштэла.

Выдавецтва «Пфляўмбаўм»

Набыць можна тут.

Віктар Клемперэр «LTI — нататкі філолага»

Кніга нямецкага прафесара Віктара Клемперэра заснаваная на дзённіках, якія аўтар вёў падчас панавання нацызму.

Віктар Клемперэр — нямецкі прафесар раманскай філалогіі, выкладчык, даследчык французскай літаратуры ХVІІІ стагоддзя, журналіст. У 1930-я гады нацысты пазбавілі яго магчымасці чытаць лекцыі, друкавацца, наведваць бібліятэкі. У такіх умовах ён працягваў працаваць, а таксама пачаў весці дзённік.

Ад высылкі ў канцлагер Віктара Клемперэра ўратавала «арыйскае паходжанне» жонкі, піяністкі і мастачкі Евы Шлемер. У 1940 годзе сям’ю прымусілі перасяліцца ў дом-гета, так званы габрэйскі дом. У канцы вайны, калі прывілеі дла «змяшаных шлюбаў» перасталі дзейнічаць, пад пагрозай адпраўкі ў канцлагер сям’я збегла ад пераследу і хавалася ў вёсцы.

Як піша сам Віктар Клемперэр, ягоныя нататкі пра мову Трэцяга райха ратавалі ягоны маральны дух падчас ўсяго перыяду панавання нацызму. Назбіраныя ў дзённіках назіранні і развагі сталі падмуркам для выдання кнігі «LTI — нататкі філолага» ў 1947 годзе.

У 1995 годзе ў Мюнхенскім універсітэце Віктару Клемперэру пасмяротна ўручылі літаратурную прэмію імя антыфашыстаў Ганса і Сафі Шоль за дзённікі, якія з’яўляюцца важным дакументам пакутаў габрэйскага народа пры нацыскім рэжыме.

Выдавецтва «Вільма».

Пераклад Ганны Скамарошчанкі.

Пераклад вершаў Ігара Крэбса.

Набыць можна тут.

Лі Чайлд «Цёмная справа»

«Цёмная справа» — толькі адзін з раманаў серыі пра адстаўнога маёра вайсковай палiцыi Джэка Рычэра амерыканскага аўтара дэтэктываў Лі Чайлда.

Гэтыя дэтэктывы так папулярныя сярод аматараў жанру менавiта дзякуючы галоўнаму герою, адстаўному маёру вайсковай палiцыi Джэку Рычэру. Рычэр стаўся сучасным увасабленнем класiчнага героя вэстэрна — вандроўнiка з абвостраным пачуццем справядлiвасцi, якi змагаецца са злом. Пры тым Рычэр не падобны да большасцi сённяшнiх герояў трылераў: у яго няма змрочнага мiнулага, якое не дае яму спакою, ён не пакутуе ад нiякiх залежнасцяў (калi не лiчыць сталай патрэбы ў добрай каве), не ўпадае ў мрочную рэфлексiю, не вылучаецца псiхiчнымi асаблiвасцямi, але мае спраўны маральны компас i класiчныя ўяўленнi пра дабро i зло. Аскет i вандроўнiк, ён падарожнiчае аўтаспынам па амерыканскай правiнцыi, i калi бачыць, што добры чалавек стаецца ахвярай злачынства, проста не можа прайсцi міма.

Лi Чайлд стварыў уласны стыль сучаснага трылера — лаканiчны, часам брутальны, пры гэтым вобразны i дасцiпны. Менавiта пачуццё гумару i нетыповы светапогляд героя, а, галоўнае, пэўнасць таго, што напрыканцы аповеду дабро пераможа зло, робiць гэтыя гiсторыi так папулярнымi ва ўсiм свеце.

«Цёмная справа» — гэта не першы з амаль 30 раманаў Лi Чайлда. Ён з’явiўся ў 2011 годзе, калi Рычэр быў ужо неймаверна папулярным. Але храналагiчна гэта прыквел самай першай кнiгi i ў пэўным сэнсе пачатак гiсторыi вандроўнiка, якога любяць мiльёны чытачоў па ўсiм свеце.

Пераклад Дзянiса Пугача.

Выдавецтва Gutenberg Publisher

Набыць можна тут.

Шчэпан Твардах «Нуль»

«Нуль» — гэта выбуховая сумесь ваеннай драмы, псіхалагічнага трылера і філасофскай рэфлексіі пра сутнасць чалавека на вайне. Гэта сучасная ваенная проза, якая разрывае традыцыйныя схемы гераізму і ахвярнасці, уласцівыя савецкаму канону. Твардах паказвае вайну не як эпас пра перамогу, а як хаос, у якім разбураецца чалавечая мараль, і застаецца толькі воля да выжывання.

Пераклад Кацярыны Маціеўскай.

Выдавецтва «Янушкевіч».

Набыць можна тут.

Нон-фікшн

Юрый Барэйша «Пра скарб з-пад вёскі Літва, паходжанне і вотчыну Браташычаў-Зяновічаў»

На пачатку 1990‑х каля вёскі Літва ў Маладзечанскім раёне непрафесійныя археолагі знайшлі адзін з найвялікшых скарбаў Усходняй Еўропы. Ён быў разрабаваны, выратаваць удалося толькі частку — некалькі тысяч пражскіх грошаў, а самае галоўнае — «пояс Вітаўта» (умоўная назва гарнітура XIV або п. XV ст.). Дзякуючы прафесару Валянціну Рабцэвічу яны з прыватных рук перайшлі ў Нацыянальны гістарычны музей.

Адмысловец у галіне нумізматыкі ВКЛ Юрый Барэйша правёў даследаванне ў кнізе «Пра скарб з-пад вёскі Літва, паходжанне і вотчыну Браташычаў-Зяновічаў». Аўтар рэканструюе склад скарбу, пераглядае выказаныя даследчыкамі версіі яго прыналежнасці (існавала гіпотэза, што «пояс» мог быць падораны Вітаўту крымскім ханам Хаджы-Гірэем) і прапаноўвае новую атрыбуцыю скарбаў у судакрананні з ранняй гісторыяй роду Браташычаў-Зяновічаў.

Выдавецтве «Энэргапрэс».

Набыць можна ў мінскай кнігарні «Акадэмкніга».

Павел Залескі «Беларускія галасы з Познані»

Кніга «Беларускія галасы з Познані» — гэта жывыя сведчанні тых, хто быў вымушаны пакінуць радзіму пасля падзей 2020 года і распачаць жыццё наноў у незнаёмай краіны. Познань — адзін з гарадоў, дзе за апошнія гады паўстала вялікая і актыўная беларуская супольнасць. І менавіта тут нарадзіўся важны праект, які стаў своеасаблівым летапісам новай хвалі беларускай дыяспары.

Кніга паказвае беларусаў у Польшчы, якія не спыняюцца, вучацца, адаптуюцца, падтрымліваюць іншых, ствараюць супольнасць і вераць у лепшую будучыню.

Выдавецтва «Скарына»

Набыць можна тут.

Вольга Лабачэўская «Аброк. Абыдзённік. Жаночыя рытуальныя практыкі»

Кніга мастацтвазнаўцы і культуралагіні Вольгі Лабачэўскай прысвечана жаночым рытуальным практыкам «аброк» і «абыдзённік», мэтай якіх было пераадоленне экстраардынарных сітуацый: эпідэміі, эпізаотыі, вайны і іншых пагроз існавання соцыуму і пераадоленне экзістэнцыяльных крызісаў у жыцці асобнага чалавека.

Беларусы да нашых дзён захавалі аброчныя традыцыі, гэта жывая практыка сучаснай культуры.

Кніга грунтуецца на шматгадовых матэрыялах палявых даследаванняў аўтаркі. Шырока прадстаўлена візуальная дакументацыя рытуальных аб’ектаў, якая наглядна паказвае працэс трансфармацыі культурнай традыцыі канца ХІХ — пачатку ХХІ ст.

Выдавецтва Рамана Цымберава.

Набыць можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!