Фота: zrzutka.pl.
Лявон Вольскі абвясціў аб старце краўдфандынгавай кампаніі па перавыданні на вініле альбома «Псіхасаматыка» («Psychasamatyka»). Праект, якому налета спаўняецца дзесяць гадоў, мае асаблівае значэнне, бо яго стварэнне супала з хваробай і адыходам жонкі і прадзюсара — Ганны Вольскай.
Альбом «Psychasamatyka» — другі твор, створаны Вольскім пры ўдзеле нарвежскага прадусара Снорэ Бэргеруда. Канцэпцыя альбома падзелена на дзве кантрасныя часткі («акустычную» і «рокавую»).
Лявон Вольскі ўзгадвае пачатак запісу:
«Праца пачалася ўвосень 2015-га. …Мы з Ганнай прыехалі ў Вільню на студыю Снорэ, ён паслухаў [дэма] і адразу пачаў працаваць».
«Над рэштай «рокавае» часткі я працаваў у Швайцарыі. На той час было ясна, што Ганна хворая, хутчэй за ўсё, на анкалёгію, але яна наадрэз адмаўлялася зьвяртацца да дзяржаўнае мэдыцыны, а ў нетрадыцыйным цэнтры ёй ня ставілі ніякага дыягназу, адно прызначылі нетрадыцыйнае лекаваньне».
«Акустычную» частку музыкант дапісваў на Валожыншчыне.
«Было вельмі неспакойна і трывожна, Ганна пачувалася ўсё горай і, калі мы напачатку лютага паехалі ў Вільню запісваць мой голас у рокавай частцы, яна ўжо зь цяжкасьцю хадзіла, пакутвала ад моцных боляў.
Так атрымалася, што гэта была апошняя мэнэджэрская праца Ганны.
Яна сыйшла ў сакавіку, і я ў траўні прыехаў запісваць голас у акустычнай частцы ўжо адзін».
Лявон Вольскі прызнаецца, што праца над альбомам была для яго пакутлівай, бо адбывалася ў найцяжэйшы пэрыяд яго жыцця. Але яна і дапамагла яму не ўпасці ў багну бясконцай беспрасветнай дэпрэсіі.
Налета альбому «Псіхасаматыка» споўніцца дзесяць гадоў. Для яго перавыдання Снорэ Бэргеруд зрабіў рэміксінг і рэмастэрынг матэрыялу.
«Мы хочам вярнуць яго да слухачоў у новым — вінілавым — гучаньні. Ня проста як музычны рэліз, але як справа памяці, любові і падтрымкі адно аднаго», — звяртаецца да слухачоў з заклікам падтрымаць краўдфандынг, каб перавыдаць гэты надзвычай важны і асабісты твор, музыка.
Ганна Вольская (нарадзілася 11 чэрвеня 1975 года) была неад’емнай часткай беларускай музычнай сцэны: яна працавала ў рэкламным аддзеле «Радыё 101.2», была дырэктарам гурта N.R.M. і нязменным прадзюсарам «Крамбамбулі» і сольных праектаў Лявона Вольскага. Яна памерла 23 сакавіка 2016 года ад анкалагічнага захворвання ва ўзросце 40 гадоў.
Падтрымаць перавыданне альбому можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram