Усерасійскі музей А. С. Пушкіна ў літаратурны музей Янкі Купалы прывёз выставу пад інтрыгоўнай назвай «Пушкін. Вайна. Блакада».
«Аснову планшэтнай выставы склалі партрэты паэта Пушкіна, ілюстрацыі да яго твораў, віды Ленінграда і іншых пушкінскіх мясцін. Гэта і творы прызнаных класікаў, і мастакоў, якія толькі пачыналі шлях у прафесіі. Аб’ядноўвае іх адно – яны жылі, змагаліся, паміралі ў блакадным горадзе, ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны».

Гэта была цытата з анатацыі выставы, якую мы не маглі прапусціць. Насамрэч канцэпт тут просты: сабраць работы мастакоў-франтавікоў і блакаднікаў, прысвечаныя жыццю і творчасці Пушкіна. Праект даволі даўні, 2014 года, работы мастакоў надрукаваныя і размешчаны на планшэтах разам з патрыятычнымі тэкстамі – франтавымі дзённікамі, агітацыйнымі плакатамі.

«Дзякуючы гэтым дакументальным сведчанням на першы план выходзіць тэма існавання творчага чалавека ў нечалавечых умовах», — апісваюць праект арганізатары.
Чаму месца правядзення выставы здаецца неадпаведным? Па-першае, нечалавечыя ўмовы для існавання Купалы якраз савецкая ўлада і стварыла, існуе вельмі высокая верагоднасць, што ад яе рук ён і загінуў. Па-другое, назва вельмі нагадвае «вытрымку» беларускай ідэалогіі, магчыма, не заўсёды прамаўляльнай, але відавочнай. Руская літаратура і вайна. Усё ў адным ёмістым наборы, які ні да Купалы, ні да нашай гісторыі адносін ніякіх не мае.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram