Прэзентацыя кнігі Паўла Севярынца «Беларусь – гэта святое» прайшла ў Беларускім доме ў Варшаве.
Перад чытачамі, якія прыйшлі на мерапрыемства, выступілі ксёндз Вячаслаў Барок, і палітык Зянон Пазняк. Святар Вячаслаў Барок павіншаваў Паўла Севярынца з выхадам чарговай кнігі ўсяго праз чатыры месяцы пасля яго вызвалення.
«Беларусь не з’яўляецца нейкай унікальнай краінай сярод вялікай колькасці краін, якія існуюць у гэтым свеце. Шмат якія краіны маюць больш славутыя лёсы, даўжэйшую гісторыю і маюць шмат чаго іншага, чым можна ганарыцца. Але Беларусь – гэта святое, таму што Беларусь – гэта мы. Нашае жыццё ёсць святым у вачах Госпада, калі мы не перастаем любіць жыццё нават тады, калі ў ім не хапае свабоды. Гасподзь хоча чалавека вызваліць. Той чалавек, які мае перспектыву жыцця ў Валадарстве Божым, ужо тут, у гэтым свеце, жыве годна, і ягонае жыццё становіцца святым. З аднаго боку, гэтая кніга пра храмы, бо на яе старонках вы пабачыце храмы Беларусі. Але з іншага боку, гэта кніга пра найбольш важны храм, які ёсць у гэтым свеце. А найбольш каштоўны храм – гэта не тыя святыні, якія пабудаваныя з камянёў, а нашае сэрца, нашае нутро. Я зычу кожнаму з вас, каб, чытаючы гэтую кнігу, вы натхняліся тым, каб вашая святыня, святыня вашага сумлення, была святой. Няважна, верыце вы ў Бога ці не – гэта асабістая справа кожнага, але калі ты выбіраеш сваім сэрцам дабро, то ты ідзеш дарогай святасці. Я заахвочваю, каб гэтая кніга натхняла кожнага з нас яшчэ больш любіць Беларусь, але любіць той любоўю, калі мы бярэм адказнасць за нашую айчыну», – сказаў Вячаслаў Барок.

Запрашаючы да выступу Зянона Пазняка, Павел Севярынец узгадаў сустрэчу з ім у віцебскім тэатры імя Якуба Коласа падчас прэзідэнцкай кампаніі 1994 года і сказаў, што гэтая сустрэча паўплывала на ўсё яго жыццё. Пазняк казаў аб важнасці пратэстанцкага фестывалю, які прайшоў на мінулым тыдні ў Мінску, і неабходнасці духоўнага адраджэння Беларусі.
«Дзякуючы амерыканцам у Беларусі адбылася вялікая падзея, якая была для многіх нечаканай. Дзякуючы амерыканцам адбыўся фестываль надзеі. Гэта вялікая падзея, таму што без духоўнага адраджэння будзе вельмі праблематычным і заваяванне свабоды. Толькі духоўна моцны чалавек можа ахвяраваць чымсьці дзеля свабоды. Гэты чыннік можа быць важнейшы за нейкія палітычныя аспекты, і вельмі важна, каб гэта працягвалася. Шануючы асобу Паўла, я магу падказаць, што вельмі важна, каб на Захадзе з’явіліся сілы – палітычныя і асабістыя, – якія падтрымлівалі б адраджэнне беларускага хрысціянства. Патрэбныя людзі, якія б у нашым беларускім руху сведчылі аб духоўным адраджэнні. Гэта задача нацыі. Я пажадаў бы Паўлу сур’ёзна гэтым заняцца», – сказаў Зянон Пазняк.

Кніга «Беларусь – гэта святое» складаецца з вершаў Севярынца і яго малюнкаў беларускіх храмаў розных хрысціянскіх канфесій. Павел Севярынец распавёў, як узнікла ідэя кнігі.
«Улетку 2021 года ў магілёўскай турме я атрымаў адразу два лісты – ад маёй жонкі Вольгі і ад маёй матулі. Абедзве яны пісалі аб тым, што, калі мая жонка атрымала ад мяне ліст, мой сын Францішак плакаў, што маме прыйшоў ліст, а яму – не. Праз гэтыя слёзы і нарадзілася гэтая кніга. Я вырашыў, што кожны тыдзень буду маляваць свайму сыну па два-тры малюнкі і пісаць гісторыі пра Беларусь, каб ён ведаў, што тата з ім. Да той пары, пакуль не забаранілі ліставанне, я паспеў адаслаць 71 малюнак. Мая цудоўная жонка спачатку выстаўляла гэтыя малюнкі ў сацыяльныя сеткі, потым пачала рабіць з іх паштоўкі, шмат людзей куплялі іх і адпраўлялі ў тым ліку сваім сваякам у турмы. У Шклоўскай калоніі да мяне падыходзіла шмат людзей і паказвалі паштоўкі з маімі ж малюнкамі. Потым Вольга пачала рабіць календары з маімі малюнкамі беларускіх храмаў. Урэшце Вольга прывезла гэтыя малюнкі ў Вільню, і мы вырашылі, што павінна быць кніга. Да гэтых малюнкаў мы дадалі выслоўі, якія я пісаў Францішку, і вершы, якія я напісаў у турме.

У турме мне стваралі невыносныя ўмовы: збіцці, катаванні, часам гэта была проста дзіч. Але ў гэтых умовах мабілізуецца і цела, і душа. Часам месяцамі ў бетонным карцэры ты абдумваеш тое, на што не хапала часу на волі. Мне ўдалося напісаць два дзясяткі вершаў. Адсылаць іх на волю было немагчыма, захоўваць таксама, бо за гэта каралі, яны знікалі. Таму я вучыў гэтыя вершы на памяць і кожны аўторак паўтараў іх напамяць пра сябе, бо навокал сядзелі людзі, якія сачылі за кожным маім рухам і кожным словам і дакладвалі пра гэта. Калі я выйшаў з турмы, ужо па дарозе з Украіны праз Польшчу ў Літву гэтыя вершы я паклаў са сваёй памяці на паперу», – распавёў Севярынец.
Аўтар падзякаваў усім, хто спрычыніўся да стварэння кнігі, і распавёў, што яе хуткі выхад стаў магчымы дзякуючы салідарнасці.
«Калі я выходзіў з турмаў у мінулыя разы, да выхаду кнігі праходзіла паўтара-два гады, бо трэба было ўстаць на ногі, сабрацца з сіламі, знайсці грошы на гэтую кнігу… А зараз атрымалася так, што падтрымалі сябры, мы абвесцілі збор на Bysol. Грошы на кнігу сабралі літаральна за некалькі гадзінаў. Нам дапамог Art Power – гэта праграма для палітвязняў, якія вызваляюцца. Таму гэтая кніга была гатовая за чатыры месяцы, і на гэтым тыдні яе надрукавалі», – распавёў Севярынец.

Напрыканцы Севярынец падзяліўся творчымі планамі на выданне іншых кніг, над якімі ён працаваў за кратамі.
«У турме я склаў у галаве і напісаў у лістах да сваіх родных сем кніг. Таму спадзяюся, што гэта толькі першая. Ёсць кніга «Тут Бог» – гэта кніга пра 500 гарадоў, мястэчак і вёсак Беларусі і аб тым, што яны значаць для нас – для народа і для Бога. Гэта 500 эсэ. Ёсць кніга «Беларускі каляндар» – кожны дзень беларускага календара з падзеямі беларускай гісторыі не толькі з пералікам дат, але і з асэнсаваннем падзей таго ці іншага дня. Ёсць кніга пра трыадзінства – як мы, беларусы, сталіся стыкам трох сусветных канфесій і як мы ў адпаведнасці з формулай «у імя Айца, Сына і Святога Духа» аб’ядналі сабой і царкву Айца – праваслаўную, і царкву Сына – каталіцкую, і царкву Святога Духа – пратэстанцкую. Яшчэ адна кніга прысвечаная беларускім камяням. Паводле адукацыі я геолаг, і таму я напісаў кнігу пра беларускія камяні – простыя і каштоўныя, якія таксама ёсць у Беларусі. Таксама я напісаў «Трэці Беларусалім» – завяршальную частку трылогіі пра прыгоды вернікаў-беларусаў у змаганні з Чорным квадратам. Гэты раман я дапісваў у выглядзе фэнтэзі. Я разумеў, што раман аб змаганні беларусаў не прапусцяць, таму памяняў імёны герояў і ператварыў іх у гномаў, эльфаў і гэтак далей. Пэўны час я мог дасылаць іх на волю, і зараз магу іх апрацаваць, бо толькі праз год операддзел, як там кажуць, «прачухаў», і мне сказалі: «Какое-то фэнтэзи у вас, Павел Константинович, очэнь падазрыцельнае…» Зараз я змагу гэта «прычасаць» і выдаць. Наступная кніга – пра беларускіх габрэяў, пра беларускі Ізраіль. Гэта глыбачэнная біблейская тэма. Ну і нарэшце цэлая кніга беларускіх віктарын з пытаннямі і адказамі з 12 сфераў: мастацтва, культура, літаратура, спорт… 12 віктарын па 33 пытанні пра веру, Беларусь і ўвесь свет. Спадзяюся, што гэтыя кнігі атрымаецца выдаць бліжэйшым часам», – распавёў Павел Севярынец.
