У Канах завяршыўся адзін з галоўных сусветных кінааглядаў. Увечары 23 мая на ўрачыстай цырымоніі закрыцця міжнароднае журы абвясціла лаўрэатаў 79-га Канскага кінафестывалю. Галоўную ўзнагароду — «Залатую пальмавую галінку» — атрымаў румынскі рэжысёр Крысціян Мунджыу за сацыяльную драму «Ф’ёрд» (Fjord).
Для Мунджыу гэта ўжо другі вышэйшы трафей у Канах (першы ён атрымаў у 2007 годзе за за культавы фільм «4 месяцы, 3 тыдні і 2 дні»). Яго новая стужка «Ф’ёрд», створаная ў капрадукцыі Румыніі і Нарвегіі, распавядае гісторыю кансерватыўнай сям’і, якая пераязджае ў глухую нарвежскую вёску і сутыкаецца з падазрэннямі ў гвалце над дзецьмі з боку мясцовай юрыдычнай сістэмы і супольнасці.
Галоўныя ролі ў стужцы бліскуча выканалі Себасціян Стэн («Іншы чалавек») і Рэнатэ Рэінсве («Сентыментальная каштоўнасць»).
Адметнасць карціны заключаецца ў яе выбітнай мастацкай мове. У гэтай тонкай і праніклівай драме Мунджыу ўзнімае пытанне аб сумесным жыцці і паказвае на палярызацыю грамадства, якое ў нашы дні схільна да радыкалізацыі, ажно да таго, што забываецца на важнасць сумнення.

Камбэк Звягінцава і палітычныя спрэчкі вакол «Мінатаўра»
Адной з галоўных інтрыг фестывалю стала вяртанне на Кот-д’Азур пасля шматгадовай паўзы і цяжкай хваробы рэжысёра Андрэя Звягінцава. Яго новая стужка «Мінатаўр», якая ўзяла Гран-пры, была знятая цалкам за межамі Расіі ў капрадукцыі Латвіі і Францыі.
«Мінатаўр» — гэта камерная, амаль трылерная псіхалагічная драма, якая разгортваецца вакол адной заможнай сям’і, чыё спакойнае жыццё ў сучасным халодным доме-лабірынце рушыцца, калі вонкі выплывае шматгадовая хлусня і здрада. Назва фільма адсылае да старажытнагрэчаскага міфа, дзе лабірынт — гэта сетка ўласнай хлусні герояў, а Мінатаўр — эгаістычнае, разбуральнае зло, якое жыве ўнутры чалавека і пажырае блізкіх. Рэжысёр даследуе, як з малых кампрамісаў з сумленнем і бытавой жорсткасці нараджаецца вялікае зло, здольнае паглынуць цэлую краіну.
Украінскія кінакрытыкі скептычна паставіліся да самой сутнасці «Мінатаўра», адзначаючы, што прытча пра «ўнутранае зло ў прыгожых дамах» выглядае як адхіленая рэфлексія, якая проста не паспявае за жахамі рэчаіснасці, пакуль гэтае самае зло на практыцы матэрыялізуецца ў рэальныя ракетныя ўдары.
Для ўкраінскай супольнасці пазіцыя застаецца непахіснай — пакуль Расія вядзе вайну і знішчае ўкраінскую культуру, любыя расійскія галасы на сусветных пляцоўках павінны быць пастаўлены на паўзу. Нягледзячы на тое, што Звягінцаў адкрыта асудзіў ўварванне ва Украіну і пакінуў РФ, а на закрыцці фестываля звярнуўся да Пуціна з заклікам спыніць вайну.

Кампрамісы Пан Чжун Хо: чаму ў спісе так шмат двайных прызоў?
Кінакрытыкі адразу звярнулі ўвагу на тое, што сёлетні спіс пераможцаў адрозніваецца анамальнай колькасцю падвоеных узнагарод: журы падзяліла прызы адначасова ў трох ключавых намінацыях (найлепшая рэжысура, найлепшая жаночая і найлепшая мужская ролі).
Поўны спіс лаўрэатаў асноўнага конкурсу 79-га Канскага кінафестывалю выглядае так:
- «Залатая пальмавая галінка»: «Ф’ёрд» (Fjord) Крысціяна Мунджыу (Румынія / Нарвегія)
- Гран-пры: «Мінатаўр» (Minotaur) Андрэя Звягінцава (Латвія / Францыя)
- Прыз журы: «Прыгода мары» (Das Geträumte Abenteuer) Валескі Грызебах (Германія / Францыя / Балгарыя)
- Найлепшы рэжысёр (прыз падзялілі): Павел Паўлікоўскі за драму «Айчына» (Fatherland) і іспанскі дуэт «Los Javis» (Хаўер Амбросі і Хаўер Кальва) за стужку «Чорны шар» (La Bola Negra).
- Найлепшы сцэнарый: Эмануэль Марэ за фільм «Наша збаўленне» (Notre Salut, Францыя)
- Найлепшая жаночая роля (прыз падзялілі): Віржыні Эфіра і Тао Акамота за працу ў фильме «Раптоўна» (All of a Sudden)
- Найлепшая мужская роля (прыз падзялілі): Валентэн Кампань і Эмануэль Мачыя за ролі ў драме «Баягуз» (Coward).
- «Залатая камера» за найлепшы дэбют: «Дзеці бога» (Ben’imana) Мары-Клеменціны Дзюсабежамбо (Руанда / Габон).
79-ы Канскі кінафестываль праходзіў з 12 па 23 мая 2026 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
