Reform.by падводзіць вынікі года ў візуальным мастацтве. Тыя змены, што адбыліся ў арт-полі, можна распаўсюдзіць і на ўсю беларускую культуру, якая ўнутры краіны церпіць ад жорсткіх рэпрэсій, але ў замежжы пачынае ўсё больш паспяхова пазначаць сваю прысутнасць.
Такім чынам, тэндэнцыі развіцця візуальнага мастацтва выразна дзеляцца на адмоўныя і дадатныя. Гэта не значыць, што няма паўтонаў і нюансаў. Гэта значыць, што мастацтва цяпер існуе ў дзвюх супрацьлеглых парадыгмах – рэжымнай і інтэрнацыянальнай.
АДМОЎНЫЯ ТЭНДЭНЦЫІ
Арышты
У турме знаходзіцца больш за сотню культурных дзеячаў, якія пацярпелі за грамадзянскую пазіцыю. На розныя тэрміны былі асуджаны віцебскі разьбяр па дрэве Уладзіслаў Макавецкі, дызайнер Артур Вакараў, былы кіраўнік творчай суполкі «Пагоня» Генадзь Драздоў і іншыя мастакі.
Аднак ёсць прыклады, калі чалавек трапляе за краты непасрэдна за сваю творчасць. На Алеся Пушкіна была заведзена крымінальная справа за яго жывапісную працу – партрэт змагара з бальшавікамі Яўгена Жыхара. Аўтар атрымаў пяць гадоў строгага рэжыму.
Разгром інстытуцый
У гэтым годзе былі ліквідаваны культурны цэнтр «Корпус», арт-прастора HIDE, «Арт Сядзіба» спыніла сваю дзейнасць пасля 10 гадоў існавання. Гродзенскай галерэі «400 квадратаў» не працягнулі дамову арэнды. І гэта толькі найбольш відавочныя прыклады.
Прыватныя інстытуцыі ліквідуюцца дзяржавай з-за немагчымасці іх кантраляваць, астатнім даводзіцца здаваць іспыт на лаяльнасць.
Саюз мастакоў, адна з найстарэйшых грамадскіх арганізацый краіны, нядаўна правёў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі чарговы з’езд. Яго наведаў і быў абраны ў прэзідыум міністр культуры Анатоль Маркевіч, які выступіў з лекцыяй пра патрыятызм. Пасля чаго Саюз уводзіць у свой лагатып колеры афіцыйнага сцяга, а старшыня Глеб Отчык вымушаны тлумачыць сябрам арганізацыі новы ўзровень супрацы з дзяржавай. Нагадаем, што спісы ўдзельнікаў выстаў Саюза мастакоў кантралююцца Міністэрствам культуры.
У дзяржаўных мастацкіх інстытутах кантроль здзяйсняецца заменай кіраўнікоў і масавымі звальненнямі супрацоўнікаў, якія тым ці іншым чынам праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю. Год распачаўся звальненнем з Літаратурнага музея Янкі Купалы дырэктара Алены Ляшковіч, на месца якой прызначылі былога намесніка дырэктара па навуковай рабоце ў музеі Вялікай Айчыннай вайны Ганну Галінскую. А завяршаецца разгромам Нацыянальнага мастацкага музея: адзінаццаць супрацоўнікаў (на дадзены момант) пакінулі сцены ўстановы, а гэта толькі першы этап «зачысткі». Відавочная мэта дзяржавы: ператварыць галоўны музей краіны ў арганізацыю, што абслугоўвае ідэалагічную павестку.
У Гістарычным музеі, дзе зрэдчас праходзяць мастацкія выставы, на працягу года ішлі «ціхія» звальненні, які пачаліся яшчэ з канца пазамінулага года. За гэты час не працягнулі кантракты больш як пяцідзесяці супрацоўнікам, «чысткі» будуць працягвацца.
Масавыя скарачэнні адбыліся гэтым годам у двух выданнях Міністэрства культуры. У часопісе «Мастацтва» застаўся мінімальны набор супрацоўнікаў, якія працуюць на поўную стаўку, – галоўны рэдактар (папярэдняму не працягнулі кантракт на пачатку года), карэктар і дызайнер. Сітуацыя ў газеце «Культура» крыху лепшая, але не нашмат. Кожны артыкул цэнзуруецца лаяльнымі кіраўнікамі выданняў.
Падобныя працэсы прыводзяць да дэпрафесіяналізацыі: мастацкімі інстытуцыямі пачынаюць кіраваць некампетэнтныя людзі, а дасведчаныя спецыялісты замяняюцца пачаткоўцамі. Гэта непасрэдным чынам адбіваецца не толькі на якасці, але і на колькасці мастацкіх падзей у краіне.
Дзейнасць праўладных актывістаў
Даносы на выставы і асобных творцаў у кіруючыя ўстановы культуры і карныя органы сталі арганічным складнікам культурнай палітыкі дзяржавы. Дзейнасць праўладных актывістаў стала настолькі сістэмнай, што ўзнікае пытанне: хто ж сёння кіруе культурай – яны і ці чыноўнікі?
Напрыклад, у Палацы мастацтва на пачатку года закрыліся выставы Сяргея Грыневіча і Рыгора Іванова. Прычына – «праца» праўладных «экспертаў» і «блогераў». Лепшыя мастакі ў рэгіёнах не маюць магчымасці выставіцца на лакальных арт-пляцоўках, такія выпадкі зафіксаваны, напрыклад, у Гродне. Мясцовая галерэя «400 квадратаў» закрылася з-за скаргі гарадской актывісткі Вольгі Бондаравай, перад гэтым там была прыпынена праца выставы мінскіх скульптараў. З-за яе лістоў Астравецкай бібліятэцы не надалі імя Адама Мальдзіса, а частка экспанатаў у прыватным музеі Анатоля Белага ў Старых Дарогах была знішчана.
«Чорныя спісы» і кепскія характарыстыкі
Мастакоўскія «Чорныя спісы» – гэта забарона на ўдзел у выставах на афіцыйных пляцоўках, а таксама немагчымасць займаць любыя пасады ў дзяржаўных установах. Акрамя таго, творцам, якія патрапілі ў спісы, адмаўляюць у набыцці іх прац у калекцыі музеяў.
Самы гучны скандал гэтага года адбыўся напрыканцы вясны: на фестываль мастацтва «Арт-Мінск» не трапілі творы каля сарака аўтараў, якія прайшлі адборачны конкурс.
«Воўчы білет» атрымліваюць звольненыя спецыялісты, калі іх характарыстыка з апошняга месца працы ўтрымлівае «важныя заўвагі». З такой «паперчынай» уладкавацца на працу ў дзяржструктуры немагчыма.
Заканадаўчыя ініцыятывы
2 верасня Саветам міністраў прынята пастанова № 582 «Аб экскурсійным абслугоўванні», паводле якой больш не змогуць працаваць экскурсаводы, раней судзімыя за «палітыку».
З 1 студзеня 2023 года ўводзіцца забарона на правядзенне экскурсій асобай, якая не мае адпаведнай атэстацыі.
Зафіксавана некалькі кейсаў арыштаў экскурсаводаў: краязнаўца Ігар Хмара атрымаў 2,5 гады «хатняй хіміі», тройчы затрымлівалі экскурсавода Аксану Манкевіч. Яе абвінавачвалі ў непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі і незаконным пікетаванні (яе затрымалі разам з экскурсійнай групай).
Страты
На пачатку года пайшоў з жыцця «дзядуля беларускага авангарду» Віталь Чарнабрысаў, а ў канцы 2022-га памёр мастак Алесь Родзін – культавая фігура пакалення беларускіх мастакоў-нонканфармістаў, жывапісец, графік, манументаліст, перформер і суарганізатар фестываляў «ДАХ».
Пайшла з жыцця Леніна Міронава — архітэктарка і мастацтвазнаўца, легендарны педагог Акадэміі мастацтваў, якая давала глыбокія веды па колеразнаўстве і кампазіцыі і спрыяла кшталтаванню неардынарных творцаў.
Раскол у арт-асяроддзі
Небяспека разрыву сувязей паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся, усведамляецца ўсімі актарамі арт-поля. Аднак раскол можа ўзнікаць і з-за розніцы пазіцый унутры арт-супольнасці. Самы востры канфлікт года разгарнуўся вакол выставы беларускіх мастакоў «Бетонны батут» у Санкт-Пецярбургу на пляцоўцы Marina Gisich Gallery. Многіх абурыў сам факт удзелу знакавых творцаў у праекце, які ладзіцца на тэрыторыі дзяржавы-агрэсара. Спрэчкі віравалі некалькі тыдняў, у выніку частка творцаў адклікала свае працы са скандальнай выставы. Аднак варта адзначыць, што для многіх аўтараў гэта была ледзь не адзіная магчымасць паказаць свае праекты, а таксама прадаць іх за нармальны кошт на прэстыжнай камерцыйнай пляцоўцы.
***
Як будзе выглядаць беларускае мастацтва праз некалькі гадоў, шмат у чым залежыць ад таго, якія размовы вядуць мастакі сам- насам у сваіх майстэрнях. Наколькі яны гатовы да сервільнасці і кампрамісаў. Немагчымасць выстаўляць творчыя працы, «чорныя спісы» прыводзяць да стагнацыі ў мастацтве, аднак могуць выклікаць і нонкамфармісцкі рух супраціву.
Для некаторых аўтараў падзеі 2020-га і вайна ва Украіне сталі нагодай перагледзіць свае творчыя пазіцыі і змяніць фармат. Іншыя і раней займаліся пратэсным мастацтвам. Частка аўтараў проста прыстасоўваецца да існых умоў.
За мяжой – сітуацыя іншая, стары досвед даводзіцца радыкальна пераглядаць і напрацоўваць новы – але ўжо ў іншых, глабальных, варунках.
ДАДАТНЫЯ ТЭНДЭНЦЫІ
Новыя пляцоўкі
Падзеі 2020 года, рэпрэсіі і вайна паспрыялі спачатку аб’яднанню беларусаў эміграцыі, а пазней, пасля ўзмацнення рэпрэсій, з’яўленню новай хвалі ўцекачоў. Эміграцыя гуртуецца, ствараюцца новыя ініцыятывы, праводзяцца вялікая колькасць мерапрыемстваў, што патрабуе новых пляцовак.
Што тычыцца выяўленчага мастацтва, то пакуль не з’явілася галерэй, музеяў ці арт-інстытуцый з выразнай выставачнай палітыкай для паказу творчасці беларускіх аўтараў, аднак падставы і памяшканні для гэтага ўжо ёсць.
Летам у цэнтры Варшавы быў адкрыты Музей Вольнай Беларусі. Яго галоўная мэта – архівацыя артэфактаў, звязаных з пратэсным рухам 2020-га, аднак ён выкарыстоўваецца і як пляцоўка для выстаў. Адной з цікавых экспазіцый стала татальная інсталяцыя Ігара Цішына «Дом, у якім разлятаюцца сцены. Паміж двума імгненнямі» (куратарка — Вольга Мжэльская). «Дом развальваецца, але ўрад і электарат кажуць аб поўнай стабільнасці. Гэта можна было б назваць асаблівай «стабільнай катастрофай»», – так пазначылі канцэпцыю гэтай выставы.
У Беларускім моладзевым хабе, што таксама знаходзіцца ў Варшаве, прайшлі відэапаказы INNER RAVE і адбылася прэзентацыя фотапраекта «Minsk antizoo. Red mark».
Таксама напрыканцы года ў Беластоку адкрыўся беларускі паб “Новая зямля”, адкрыты для рознага кшталту культурніцкіх ініцыятыў.
Гэта толькі некалькі адзінкавых прыкладаў, каб зафіксаваць тэндэнцыю. Відавочна, што патрэба ў выставачных памяшканнях ёсць і яна ўзрастае. Таксама можна адзначыць плённае супрацоўніцтва беларускіх культурніцкіх работнікаў з замежнымі галерэямі. Напрыклад, арт-менеджарка і куратарка Вольга Мжэльская вядзе праект «???: ?????_супольна» у варшаўскай галерэі Galeria Promocyjna – установе, актыўна ўлучанай у беларускія праекты.
Развіццё віртуальных пляцовак
Калі з выставы «Арт-Мінск» былі зняты працы некалькіх дзясяткаў мастакоў, творы сямнаццаці з іх сталі экспанавацца на віртуальнай выставе «Стоп! Знята!» на платформе spatial.io. Ініцыятарам ідэі стала арт-менеджарка Ксенія Тырсікава.
Віртуальная прастора для прэзентацыі крытычнага і актуальнага беларускага мастацтва – Галерэя КХ – дэманструе праекты, накіраваныя на інклюзію «выключаных» па розных прычынах мастачак і мастакоў, а таксама дэкларуе сябе як пляцоўка для міждысцыплінарнага дыялогу, лакальнага і міжнароднага супрацоўніцтва. «Тры асноўныя накірункі нашай дзейнасці, – пазначана на сайце галерэі, – вытворчасць уласнага, падтрымка мясцовага, імпарт найлепшага».
Фатограф і аўтар праекта пра Плошчу Перамен Яўген Атцецкі разам з камандай стварыў не толькі кнігу, але сайт пра «паўсталы двор». Для аўтара была важная прэзентацыя знакавага праекта, які цяпер працуе і як архіў пратэснага руху на глабальную аўдыторыю.
Рэзідэнцыя для беларускіх творцаў
У рамках праекта PerspAKTIV, ініцыянаванага суполкай беларусаў Германіі RAZAM e.V. і Ambasada Kultury (створанай Валянцінай Кісялёвай і Ганнай Чыстасердавай) для рэпрэсаваных беларускіх мастакоў і культурных работнікаў, на арт-рэзідэнцыях у Польшчы і Германіі пабывалі Аляксей Лунёў, Таша Кацуба, Паліна Дабравольская, Аляксандр Бельскі і інш. Партнёрамі праекта выступілі польскія і нямецкія пляцоўкі. Гэта далёка не адзіны прыклад падтрымкі беларускіх аўтараў за мяжой.
Кватэрнікі і альтэрнатыўныя праекты
Гэтай формай прэзентацыі мастацтва нашы творцы гуляліся і дагэтуль, але цяпер андэграўнд вяртаецца, і даволі вартасныя экспазіцыі можна адшукаць у майстэрнях, кватэрах мастакоў, у іншых памяшканнях, а таксама на прыродзе. З пытанняў бяспекі дэталяў раскрываць не будзем.
Падтрымка Украіны
Адзін з трэндаў апошніх гадоў – палітызацыя мастацтва – узмацніўся з пачаткам нападу Расіі на Украіну. Многія мастакі змясцілі фокус сваіх прац, а некаторыя ўвогуле цалкам пераключыліся на валанцёрства.
Беларуская мастачка Руфіна Базлова пасля пачатку вайны ва Украіне стала вышываць падзеі ў суседняй краіне. Адну з яе «выжыванак» апрануў Уладзімір Зяленскі, на ім увасоблены танкі, БТР і ўкраінцы, якія трымаюцца за рукі.
Шмат метафар на тэму вайны з’явілася і ў творчасці дызайнера Уладзіміра Цэслера. У Адэскім Музеі заходняга і ўсходняга мастацтва ў лістападзе ў межах фестывалю дакументальнага кіно «1084. На мяжы» адкрылася яго выстава, частка плакатаў была прысвечана падзеям 2020, але значная частка тычылася вайны.
Многія беларускія мастакі займаюцца валанцёрскімі праектамі, яны ўключыліся як у непасрэднае валанцёрства, так і ў розныя акцыі, праекты і аўкцыёны, скіраваныя на дапамогу Украіне. Напрыклад, беларуская мастачка і актывістка Яна Шостак арганізавала пункт валанцёрскай дапамогі на польска-ўкраінскай мяжы. Даводзілася знаходзіць транспарт і начлег, шукаць лекараў, страчаныя рэчы і вырашаць іншыя пытанні.
Аntiwarcoalition.art – міжнародная платформа, якая дэманструе антываенныя працы мастакоў з усяго свету. Куратарская група складаецца з беларусаў — Аляксандра Камарова, Антаніны Сцебур, Максіма Тымінько, Лены Прэнц, Аксаны Гурыновіч, Валянціны Кісялёвай, Ганны Чыстасердавай і ўкраінак — Таццяны Качубінскай і Наталлі Чычасавай.
Арганізатар Аntiwarcoalition.art – Ambasada Kultury.
Спачатку ініцыятыва з’явілася для арганізацыі павільёна Новай Беларусі і ўдзелу ў Венецыянскай біенале, але хутка змяніла кірунак дзейнасці на антываенны – яны збіраюць калекцыю антываеннага мастацтва і праводзяць публічныя івенты і выставы на важных інтэрнацыянальных пляцоўках.
Міжнародны поспех беларускіх аўтараў
23 мастачкі трох пакаленняў з Беларусі далучыліся да ўнікальнай ініцыятывы Secondary Archive — творчай платформы для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, ініцыяванай Фондам Катажыны Казыры з мэтай упісаць у гісторыю сусветнага мастацтва мастачак з недаацэненага рэгіёна. Беларуская частка архіва была створана ў партнёрстве з Ambasada Kultury і куратаркамі Ганнай Карпенка і Сафіяй Садоўскай. Летам 2022 года на еўрапейскай біенале Manifesta-14 былі прэзентаваны гукавыя стэйтменты 22 беларускіх мастачак — удзельніц гэтага архіва.
Гэтым годам Беларусь не была прадстаўлена на прэстыжнай Венецыянскай біенале. Журы пры Міністэрстве культуры не змагло выбраць на конкурсе куратарскую канцэпцыю, тады Мінкульт адмовіўся ад удзелу. Варта адзначыць, што мастакоўская супольнасць часткова байкатавала конкурс па прычыне татальнага дзяржаўнага кантролю. Спробы арганізаваць альтэрнатыўны павільён таксама не ўдаліся. Аднак акцыяніст Аляксей Кузьміч зладзіў перформанс ля закрытага расійскага павільёна. У вобразе дзікуна ён дапісаў да слова «Russia» частку «BELO» і выгукнуў фашысцкае вітанне.
Таксама напрыканцы працы біенале да расійскага павільёна і іншых пляцовак форуму завіталі мастакі з арт-групы Hutkasmachnaa. Пераапрануты ў яркую форму беларускага работніка «ЖЭСа», творца выконваў характэрную працу на венецыянскіх лакацыях – чысціў, падмятаў, наводзіў парадак, чым выклікаў шчырае здзіўленне не толькі ў турыстаў, але і ў аховы міжнароднага фэсту.
У апошнія дні працы Венецыянскай біенале арганізатары платформы Аntiwarcoalition.art правялі дзве публічныя дыскусіі ў Нацыянальных павільёнах Польшчы і Літвы на тэмы «Будучыня для ўсіх» і «Інфраструктуры клопату».
Antiwarcoalition.art арганізавала праграмы паказаў, лекцый і дыскусій на самых прэстыжных еўрапейскіх пляцоўках і арт-івэнтах гэтага года, на Венецыянскай біенале, documenta 15, Manifesta 14, у Еўрапейскім павільёне ў Рыме, у ZKM (Карлсруэ), MuseumQuartire (Вена), Martin Gropius Bau (Берлін) і іншых.
Адна з самых моцных выстаў гэтага года – «Калі сонца нізка — цені доўгія» з удзелам больш чым дваццаці знакавых для беларускага сучаснага мастацтва аўтараў у беластоцкай галерэі Arsenal паспрабавала сабраць у адно і сучасныя мастакоўскія выказванні, і гістарычныя творы. Назва адсылала да тэксту беларускага філосафа Ігара Бабкова «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньнi ру[i]наў». «Калі мы глядзім на нізкае сонца, якое адкідвае доўгія цені, мы не можам сказаць — гэта сонца захаду ці гэта сонца ўсходу. Гэты вобраз стаў для мяне метафарай пражывання, адчування ўласнай ідэнтычнасці і ідэнтычнасці беларускай прасторы, якая існуе ў гэтай вечнай лімінальнасці», – распавяла адна з куратарак праекта Ганна Карпенка.
Святлана Петушкова і Андрэй Шапораў – мастачка-графік і дызайнер, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь яшчэ ў 2020 годзе і пераехалі ў Вільню, у супрацоўніцтве з літоўскім Музеем энергетыкі і тэхнікі ўзнавілі стары друкарскі станок Іагана Гутэнберга 1480 года.
Фатографка Яўгенія Мужава заняла трэцяе месца ў міжнародным конкурсе плакатаў «Бел-чырвона-белы», прысвечанага другой гадавіне беларускай рэвалюцыі. З 9 жніўня ў Пленэрнай галерэі музея Каралеўскіх Лазенак працавала выстава прац — пераможцаў конкурсу. Пасля плакаты-пераможцы экспанаваліся на варшаўскіх прыпынках.
Графічныя творы Вольгі Сазыкінай з цыкла «Дзённік дыхання. Міміка лёгкіх» трапілі ў калекцыю Музея сучаснага мастацтва ў Лейпцыгу.
Куратарка і даследчыца Антаніна Сцебур стала лаўрэаткай адной з прэстыжных прэмій, якая ўручаецца куратарам і крытыкам Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы, — Igor Zabel Award for Culture and Theory. «У знак прызнання яе выключнай сілы супраціву, прыхільнасці дэкаланізацыі беларускага мастацтва і яе веры ў тое, што мастацтва з’яўляецца практычным інструментам палітычнага ўяўлення» Антаніна Сцебур была адзначана як адна з трох яскравых даследчыц новага пакалення.
Перамога года, якой мы ўсе можам ганарыцца: беларускі даследчык і куратар Аляксей Барысёнак выйграў адкрыты конкурс і быў прызначаны адным з куратараў міжнароднага біенале сучаснага мастацтва «Matter оf Art» у Празе.
***
Пры ўсіх магчымасцях інтэрнету мастацтва патрабуе прафесійных інстытуцый і адпаведных выставачных прастор. Калі ўнутры Беларусі магчымасці для аўтарскіх выказванняў імкліва звужаюцца, то за мяжой інфраструктура яшчэ не выбудавалася. Візуальнае мастацтва з’яўляецца вельмі моцным інструментам для таго, каб заявіць пра сваю прысутнасць у свеце і захаваць сваю ідэнтычнасць. Як будуць развівацца гэтыя працэсы ва ўмовах высокай нестабільнасці – пакажа час. Цяпер жа важна максімальна зменшыць расколіну паміж дзвюма часткамі падзеленай арт-супольнасці.
P. S.
Тры лепшых выставы за 2022 год па версіі культурнага аддзела Reform.by (чарговасць не мае значэння):
- «Жаночы род» (куратар – Дзмітрый Салодкі). Нацыянальны мастацкі музей, Мінск.
- «Калі сонца нізка — цені доўгія» (куратаркі Ганна Карпенка, Софья Садоўская). Галерэя Arsenal, Беласток, Galerie für Zeitgenössische Kunst (GFZK), Лейпцыг.
- «Амаль белае, але не белае» (куратарка – Вольга Маслоўская). У сакрэтным месцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: