Reform.news працягвае праект «Культурная Re:візія», у якім праз тэксты беларускіх крытыкаў паспрабуем скласці мапу культурнага ландшафту ў Беларусі і замежжы.
Сёння тэатразнаўца Ірына Лаппо разважае пра творчасць Мікіты Ільінчыка, драматурга і рэжысёра, уладальніка дзвюх прэстыжных тэатральных прэмій AURORА і намінанта на польскую прэмію Paszporty Polityki. Мікіта – чалавек панеўрапейскай культурнай традыцыі і гібрыднай ідэнтычнасці, ён не заспеў СССР, не належыць да былой імперыі, а адчувае сябе чалавекам, які нарадзіўся на еўрапейскім кантыненце. Галоўная мова Мікіты Ільінчыка, паводле Ірыны Лаппо, — мова ўцёкаў і вяртанняў.

Ірына Лаппо — доктар філалагічных навук, тэатразнаўца, славістка, перакладчыца, этналінгвістка. Навуковыя інтарэсы сканцэнтраваныя вакол пытанняў тэорыі і гісторыі тэатра і драмы, тэатральнай рэцэпцыі, этналінгвістыкі, тэорыі і практыкі перакладу. Выкладчыца Універсітэту Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне. Куратарка фестывалю «Блізкі Усход».
Беларускі драматург і рэжысёр Мікіта Ільінчык намінаваны на Paszporty Polityki ў катэгорыі «Сцэна». Гэтую штогадовую ўзнагароду з 1993 года ўручае польскі часопіс «Polityka». Яе сэнс — заўважыць тых, хто толькі пачынае свой шлях, але ўжо здольны змяняць польскую культуру: не асцярожненька дапасоўвацца да яе, а ўплываць, адкрываць, пашыраць. Сярод былых лаўрэатаў — Ян Клята, Моніка Стшемпка, Яна Шостак: людзі, якія сёння і ёсць абліччам польскай тэатральнай і арт-сцэны. У афіцыйнай намінацыі Ільінчыка адзначана «польскае паходжанне», словы «Беларусь» ці «беларускі» не прагучалі, але вось «гібрыдны паляк» — так. Трохі смешна, хоць гібрыдны, а паляк. Ну хай ім будзе. Аднак сціскаецца нешта ўнутры, бо так лёгка ад нашых людзей, выгнаных з дому, адразаецца гэта слова — Беларусь — нібы частка жывога чалавека. Мова, праца, краіна могуць змяняцца, а месца, адкуль ідуць боль і сіла, не знікае ніколі.
Мова ўцёкаў, вяртання і бунту
Мікіта Ільінчык нарадзіўся ў Навагрудку — мястэчку, якое ў кожным падручніку па польскай літаратуры згадваецца як радзіма Адама Міцкевіча. Як і яго славуты зямляк, Ільінчык пакінуў радзіму, жыве і піша ў эміграцыі. Магчыма, таму ў яго творах заўжды прысутнічае вобраз дому, страчанага яшчэ да таго, як быў знойдзены. Ён ведае беларускую, рускую, польскую, эстонскую і англійскую мовы, але ніводная з іх не становіцца для яго адзінай, бо галоўная мова Ільінчыка — мова ўцёкаў і вяртанняў.
Драматургічная практыка Ільінчыка цесна пераплецена з ягоным лёсам. Ён вучыўся ў Маскве, у ГИТИС, то-бок у адным з самых прэстыжных расійскіх тэатральных ВНУ.
Да 2022 года гэта альма-матар разглядалася як сімвал прафесійнага гонару, аднак пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну згадваць пра маскоўскую школу стала няёмка, хоць яе ўплыў – нават праз свядомую адмову ці бунт супраць традыцыйных практык – застаецца відочным. Праца ў польскім тэатры дазваляе навучанаму ў традыцыі псіхалагічнага тэатра рэжысёру ўключаць у сваю практыку элементы тэатра постдраматычнага, калі тэкст перастае быць цэнтральным, а сцэна, прастора, час і глядач становяцца раўнапраўнымі элементамі кампазіцыі.
Адметным аспектам сцэнічнай практыкі Ільінчыка, у якой на роўных правах суіснуюць драматург і рэжысёр, становіцца міждысцыплінарнасць: на падставе інтэграцыі дакументальных матэрыялаў, аўтафікцыі, мультымедыйных інтэрвенцый і візуальных арт-практык ствараюцца пастаноўкі, якія дзейнічаюць адначасова на псіхалагічным, сацыяльным і філасофскім узроўнях.
Ільінчык стварае свае тэксты як шматслойныя кампазіцыі, дзе чытач не проста назірае, але актыўна ўдзельнічае ў працэсе пераасэнсавання рэальнасці. У выніку тэатр Ільінчыка становіцца не толькі мастацкім досведам, але і інструментам крытычнага мыслення, дзе асабістае і палітычнае сустракаюцца ў агульным перфарматыўным полі, а кожны акт сцэнічнага дзеяння становіцца магчымасцю для ўнутранай трансфармацыі гледача.

Ад «Пакой памірае» да «Мілітарнай сферы»
Дэбютныя працы Ільінчыка ў беларускім тэатры — «Пакой памірае» («спектакль-рэфлексія ў адным беларускім бяздзеянні») і «М» на падставе вершаў беларуска-амерыканскай паэткі Вальжыны Морт (2018), паказаныя на сцэне найважнейшай эксперыментальнай пляцоўкі ОК-16, закрыццё якой пасля падзей 2020 года стала сімвалам таго, што незалежны тэатр у Беларусі перастаў існаваць — фармавалі тэатральную перспектыву Ільінчыка як рэжысёра і драматурга.
Пераломным момантам у ягонай кар’еры стала атрыманне адной з самых прэстыжных польскіх прэміі ў галіне драматургіі — прэміі горада Быдгашч AURORA за п’есу «Dark Room» — дакументальную гісторыю гомасексуала з Беларусі. П’есы Ільінчыка часта бываюць так ці інакш звязаныя з ЛГБТК+, праблемамі ідэнтычнасці і супрацьстаяннем норме; для яго квір — гэта не пра сексуальную ідэнтычнасць, а пра свабоду.
У п’есе выкарыстоўваюцца гіперспасылкі, фатаграфіі, інструкцыі. Тэкст спачатку ствараўся як нататкі на iPhone, такім чынам драматург стараўся захаваць біяграфію хлопца, з якім ён выпадкова пазнаёміўся. Гэта паўплывала на ўсю структуру матэрыялу: нататка паступова абрастала мастацкай канцэпцыяй, уключала фрагменты транскрыпцый інтэрв’ю, асабістая гісторыя перапляталася з унутранымі праекцыямі і ўяўленнямі. Пазней аўтар прызнаецца, што працэс станаўлення тэксту больш нагадваў медытацыю, у якой цэласны вобраз узнікаў не праз паслядоўнае апісанне падзей, а праз аднаўленне канкрэтнай біяграфіі, прасякнутай досведам псіхадэлічнага ўспрымання. У выніку атрымаўся тэкст адначасова дакументальны і метафізічны.
У 2022 годзе Ільінчык пераязджае ў Польшчу і ставіць у Быдгашчы медытатыўны і камерны спектакль з правакацыйнай назвай «F*ing in Brussels». Гэтая п’еса Ільінчыка распавядае пра беларускага гомасэксуала, які прыязджае ў Брусель і вар’яцее праз тое, што немагчыма ўцячы ад сябе, нават калі пакідаеш краіну. Гэта гісторыя таксама і пра страту веры ў лібералізм і дэмакратыю — тэма, якая вернецца ў наступных п’есах Ільінчыка яшчэ не раз.
У 2024 годзе п‘еса «Say hi to Abdo» атрымлівае другую прэмію AURORА, што ў гісторыі гэтай узнагароды яшчэ не здаралася. Еўрапейская кар’ера нашага хлопца з Навагрудка развіваецца імкліва: у Варшаве ён выступае як драматург у пастаноўцы «Maria de Buenos Aires» у Вялікім Тэатры — Нацыянальнай Оперы; спектакль «Эмма» паводле ягонай п’есы (Komuna Warszawa, 2023) трапіў ў спіс найлепшых праектаў сезона адразу ў трох намінацыях: найлепшы замежны тэкст, найлепшы рэжысёрскі і акторскі дэбюты; п’еса «Say hi to Abdo» трапляе ў фінал берлінскага конкурсу Focal Point, а ў 2025 годзе Ільінчык разам з Анджэем Блажэвічам атрымлівае адзнаку Агульнапольскага конкурсу за пастаноўку сучаснай польскай п’есы «Пігмаліён».
Быдгашч — важны горад у сцэнічным лёсе Ільінчыка, тут ён упершыню напісаў п’есу на польскай мове. Бабуля драматурга была полькай, яе сям’ю выслалі ў Сібір, дзе пазней расстралялі. З 1945 года і да моманту сваёй смерці яна па-польску не размаўляла, бо баялася. Як Мікіта прызнаецца ў шматлікіх інтэрв’ю, напісанне п’есы па-польску стала для яго важным і сімвалічным досведам: праз 80 гадоў ён можа гаварыць і пісаць на роднай мове сваёй бабулі. Таму невыпадкова свой тэкст «Мілітарная сфера» аўтар звязаў са сваімі асабістымі фобіямі і страхамі, а таксама з гісторыяй сваёй сям’і, зладзіўшы сапраўдную перфарматыўную экскурсію па горадзе, вядомым сваімі вайсковымі аб’ектамі.

«Пігмаліён»: межы — гэта і ёсць нашая сутнасць
У абсыпаным узнагародамі «Пігмаліёне» Ільінчык адважна актуалізуе п’есу Бернанда Шоу, услед за ім разглядаючы мову як інструмент улады і сацыяльнай інжынерыі. Дзеянне «Пігмаліёна» пераносіцца ў недалёкую дыстапічную будучыню, у якой краіны Еўрапейскага саюза прымаюць рашэнне пра масавую дэпартацыю мігрантаў з тэрыторыі аб’яднанай Еўропы. Пануе атмасфера страху, пачынаюцца пераследы. На гэтым фоне адна інтэлігентная ліберальная сям’я вырашае выратаваць мігрантку, якая хаваецца ў іх у падвале, аднак ратунак патрабуе не проста адукацыі, а культурнай рэканфігурацыі: каб Елізавета магла выжыць, яе неабходна «перапраграмаваць» у Еўрапейку, у Мета-Польку, у істоту, якая ўвасабляе нормы і чаканні дамінантнай супольнасці. Мадэляванне новай, штучна сканструяванай ідэнтычнасці не проста адлюстроўвае рэальнасць, з якой сутыкаюцца эмігранты, для якіх з чатырох даступных стратэгій – інтэграцыя, сепарацыя, маргіналізацыя і асіміляцыя – апошняя выглядае найбольш прывабна: зліцца з фонам, не адрознівацца.
На сцэне польскага тэатра Ільінчык гаворыць, безумоўна, пра ўласную краіну. Адзін з герояў — беларус Васіль. Ягоная крывадушнасць, якая здаецца ледзь не анталагічнай рысай, утварае асобную катэгорыю: яна патрэбная яму не толькі для ўладкавання «спраў», але перадусім для таго, каб «згубіцца» ў натоўпе, стаць непрыкметным. Васіль уцякае ў актывізм, быццам жадае пераканаць самога сябе, што яму не важна, кім ён ёсць насамрэч. Адмову ад ідэнтычнасці ён выдае за яе варыянт, бо бачыць краіну сваёй эміграцыі як свет, дзе асоба мусіць або мімікраваць, або рассыпацца.

Cатыра ў спектаклі не абмяжоўваецца высмейваннем суайчыннікаў ці аднаго палітычнага лагера. Яна аднолькава разбуральна дзейнічае і на нацыянальны дыскурс, які шукае апоры ў міфалагізаванай «этнічнай аўтэнтычнасці», і на ліберальны, які часта хавае ўласныя прывілеі за рыторыкай адкрытасці. Асабліва востра крытыкуецца постмадэрнісцкая новамова — моўная практыка, дзе словы страчваюць сувязь з рэальнасцю і ператвараюцца ў інструмент маніпуляцыі. Для герояў яна дзейнічае як своеасаблівы ідэалагічны фільтр: з яе дапамогай яны ўзводзяць фальшывыя іерархіі, маскуюць уласную няздольнасць да адказнасці і камунікацыі.
Ва ўсіх сваіх тэкстах і спектаклях Ільінчык часта выкарыстоўвае беларускі кантэкст, але пры гэтым ягоныя творы — універсальныя. Такім чынам нараджаецца новая постбеларуская драматургія, якая размаўляе еўрапейскім голасам, не губляючы свайго акцэнту. Сцэны з ягоных п’ес выглядаюць як фрагменты сну, дзе рэальнасць і галасы памерлых суіснуюць. Гэта не тэатр дэкларацый, а тэатр рэштак — таго, што застаецца пасля рэвалюцыі, пасля выгнання, пасля любові, пасля ўцёкаў, а нават пасля смерці. Асабістая пазіцыя драматурга ператвараецца ў мастацкую адказнасць. Ільінчык уяўляе сабой новы тып беларускага еўрапейца — не ў сэнсе геаграфічным, а ў культурным. Ён піша на мяжы, але не для таго, каб аб’яднаць два бакі, а каб паказаць: межы — гэта і ёсць нашая сутнасць.
Фем-Джыхад: фемінізм, актывізм і Алах
«Say Hi to Abdo» Мікіты Ільінчыка — гэта вострае і бескампраміснае разважанне пра гуманітарны крызіс на беларуска-польскай мяжы. Тэма, за якую адважна бярэцца польскі тэатр, застаецца па-за сферай інтарэсаў незалежнага беларускага тэатра ў выгнанні. І гэта зразумела: тэма непрыемная і небяспечная, а наш тэатр занадта далікатны, каб крытыкаваць «гаспадароў» або ўмешвацца ў тое, з чым самі палякі не заўсёды могуць даць рады.
Дзеянне п’есы перанесена ў 2050 год, калі ўлада ў Еўропе пераходзіць да партыі Фем-Джыхад, якая арганізавала Дзяржаўны інстытут Генацыду Арабскіх Нацый. Менавіта так – Фем-Джыхад: ісламская рэвалюцыя плюс феміністычная ідэалогія. Забаўная і страшная камбінацыя, ад якой не ў аднаго абывацеля пабягуць дрыжыкі па спіне.
Фем-Джыхад правіць Еўраісламскай саюзнай канфедэрацыяй з 36 краін, якая існуе на месцы Еўрапейскага саюза. Як гавораць прадстаўніцы гэтай партыі: «Нас вучылі еўрапейскія школы, нас выхавалі дэмакратычныя ідэі старой Еўропы, фемінізм і актывізм, і нас таксама вучыў Алах».
Насамрэч Фем-Джыхад — гэта не пра іслам і не пра жанчын, гэта пра стэрэатыпы і пра тое, чаго мы баімся. Пра тое, што кожная «цвёрдая каштоўнасць» можа ператварыцца ў сваю процілегласць, калі пацягнуць за адпаведную нітку. Постмадэрнісцкі жарт, які раптам стаў палітычнай анатоміяй Еўропы: лібералы, што забыліся на гуманізм; кансерватары, якія ненавідзяць мігрантаў; актывісты, якія ламаюць чужыя межы.
Усе яны — персанажы спектакля. Усе стаяць перад судом. Суд заснаваны на дакументальных доказах і матэрыялах, сабраных аўтарам. Ільінчык свядома апелюе да брэхтаўскай Verfremdungseffekt: шляхам эстэтычнай дыстанцыялізацыі ён пераносіць гледача ў «павялічаную» будучыню, каб, як казаў Брэхт, «зрабіць знаёмае незнаёмым» і тым самым дазволіць яго пераасэнсаваць. Гэтая тэмпаральная трансфармацыя працуе тут як механізм дэідэалізацыі і дэаўтаматызацыі: будучыня ў Ільінчыка не фантастычная, а аналітычная, яна функцыянуе як аптычны прыбор, які высвечвае структуры сучаснасці, звычайна схаваныя пад пластамі палітычнай рыторыкі і медыйнага шуму.
Дакументальнае расследаванне, звязанае з гібрыднай вайной, спалучаецца тут з утапічнай рэфлексіяй пра еўрапейскую адказнасць за смерці мігрантаў. Улетку 2023 года Ільінчык два разы выязджаў у гміну Кузніца на Падляшшы, каб непасрэдна даследаваць прастору, у якой разгортваецца гуманітарная драма. Там ён натрапіў на стыхійнае сховішча-архіў — гумно, напоўненае рэчамі мігрантаў. Ільінчык сабраў восем вялікіх мяшкоў — своеасаблівы архіў чалавечых біяграфій, перапыненых на мяжы. У гэтых мяшках былі авіябілеты, паўэрбанкі, медыцынскія страхоўкі, купленыя ў Мінску, пашпарты, мабільныя тэлефоны, курткі, дзіцячыя памперсы, беларускія SIM-карты, іранскія прысмакі, сыры, зубная паста, бутэлькі з вадой — усё тое, што складае побытавы ды эмацыйны ландшафт падарожжа, якое перарывае памежная беспрытульнасць. Гэтыя прадметы — або, больш дакладна, іх лічбавыя копіі — уплеценыя ў тканіну п’есы. З іх дапамогай аўтар аднаўляе апошні маршрут аднаго з уцекачоў, ператвараючы матэрыяльныя сведчанні ў сцэнічны доказ, у драматургічны аргумент, у інструмент памяці.
«Say Hi to Abdo» — гэта гіпертэкст насычаны QR-кодамі і інтэрнэт-спасылкамі. Гэты прыём Ільінчык ужо выкарыстоўваў у п’есе «Dark Room», якая атрымала «Аўрору» ў 2021 годзе. Для яго гіпертэкст — гэта не стылёвы эксперымент, а перфарматыўны інструмент працы з рэчаіснасцю, які дае чытачу магчымасць увайсці ў даследчы працэс, убачыць матэрыялы, з якімі працаваў аўтар, пачуць галасы, што стаяць за тэкстам, — і праз гэта эмацыйна наблізіцца да героя.

Польская прэм’ера «Say Hi to Abdo» прайшла 8 мая 2025 года ў самым цэнтры Варшавы, у Тэатры Studio, які знаходзіцца ў Палацы Культуры. Рэжысёр Пётр Пачэсняк «спольшчыў» тытул спектакля «2049: Witaj, Abdo» (2049: Прывітанне, Абдо) — аднак застаўся ў тым часе, які запрапанаваў драматург, нават падкрэсліўшы гэта ў назве. Спектакль вылучаецца яркай візуальнасцю: свет футурыстычнай дыстопіі — зала допытаў і месца суда — размешчаны ў кубе «зялёнага экрана», амаль пустым памяшканні, што адсылае да колеру ісламу. Касцюмы Лукаша Млечака, створаныя для прадстаўніц Фем-Джыхаду, нагадваюць камбінезоны і прымусовую ўніфікацыю з культавай «Сексмісіі» Махульскага (у савецкім пракаце фільм ішоў пад назвай «Новыя амазонкі») і маюць выразны сатырычны характар: моцны макіяж, каляровыя бодзі з лайкры, абцягнутыя сілуэты і высокія абцасы кпяць адначасова і з ісламу, і з поп-фемінізму.
«Створаную штучным інтэлектам» ахвяру не рэканструявалі паводле здымка на дакументаў, а проста выкарысталі награнне відэа з польскім акторам. Варшаўская пастаноўка выклікала кантраверсіі і, у адрозненне ад пазнейшай беларускай познаньскай, атрымала шматлікія рэцэнзіі: адны абураліся, што творцы, і перадусім рэжысёр, раней «кпілі са Смаленска, а цяпер робяць з палякаў забойцаў мігрантаў», іншыя ж пастаноўку рашуча абаранялі.
«Druga Próba» і новае прачытанне «Say Hi to Abdo»
Рэжысёрка Валянціна Мароз, для якой тэатр заўсёды быў інструментам сацыяльнага сведчання, убачыла ў п’есе Мікіты Ільінчыка «Say Hi to Abdo» магчымасць злучыць дакументальнасць са спекулятыўнай фантастыкай, палітычны аналіз — з чалавечай драмай, а мастацкае выказванне — з этычным жэстам сведчання. Яе спектакль па п’есе Ільінчыка быў паказаны на фестывалі «Druga Próba. Тэатр па-за межамі», арганізаваны ў Познані цэнтрам Barak Kultury.
Рэжысёрка пераносіць дзеянне спектакля ў бліжэйшую будучыню — у 2035 год. Гэта кароткая перспектыва, усяго дзесяць гадоў ад сёння, таму будучыня ўспрымаецца амаль як сапраўдная рэальнасць, якая можа спаткаць нас ужо заўтра. Такім чынам гісторыя становіцца не футуралагічнай фантазіяй, а рэалістычным папярэджаннем, сцэнарам блізкай будучыні, які можна прачытаць як сімптом нашых сённяшніх трывог.

Дзве Лабаранткі, якія вядуць судовы працэс, выступаюць у элегантных белых касцюмах, але адна з іх прыходзіць у вайсковых штанах у колеры хакі і мае аскепак дзесьці пад рэбрамі, які не хоча апераваць, то-бок справа ісламскай рэвалюцыі яшчэ зусім свежая.
Спектакль Валянціны Мароз атрымаўся шматмоўным. П’еса Ільінчыка напісана па-польску, на мове ягонай бабулі, як піша аўтар: «на мове, якая ў маёй краіне, у Беларусі, была забароненая ў 1939 годзе ў межах рэпрэсій з боку Савецкага Саюза і палітыкі русіфікацыі». У Познані п’еса граецца ў беларускім перакладзе, дзве ўкраінскія актрысы, якія выступілі ў ролі актывістак Фем-Джыхаду, размаўляюць таксама па-беларуску, але з лёгкім украінскім акцэнтам. Беларускі актор, які выконваў ролю польскага памежніка, гаворыць па-польску. З беларускім акцэнтам. Пакуль глядач шукае субтытры, на сцэне ўзнікае новая логіка: мова — гэта не толькі слова, але і паветра, і рытм, і тое дзіўнае пачуццё, калі табе нешта зразумела, хоць ты не ўпэўнены, што ведаеш значэнне. Мароз гэта і выкарыстоўвае. Мова тут працуе як дыстанцыя, як сцэнічная маска. Няўтульнасць становіцца дадатковай эмоцыяй.

Сцэнаграфія спектакля створана Аляксандрам Адамавым, прадстаўніком актуальнага беларускага мастацтва, чыя творчасць фармуецца ў дыялогу з сацыяльнай і палітычнай рэальнасцю. Адамаў будуе свой візуальны свет як інсталяцыю: гэта не проста дэкарацыі, а абстрактныя формы, фрагменты матэрыяльных знакаў трагедыі, што ствараюць атмасферу прыгнечанасці і невыразнага болю.
У глыбіні сцэны ўзвышаецца палатка гуманітарнай дапамогі ружовага колеру з надпісам «Ісламскі інстытут генацыду» і невялічкім рэкламным шчытом, на якім на розных мовах паўтараецца адна фраза: «Справядлівасць дасягне кожнага».
На фоне палаткі разгортваецца судовы працэс. Перад гледачом паўстаюць постаці, якім даводзіцца адказваць за свае ўчынкі: польскі памежнік, што страляў у людзей; беларуская бізнесвумен, якая зарабіла мільёны на іхным горы; еўрапейская актывістка, якая не вытрымлівае ўласных пакутаў сумлення і марыць пра пакаранне, нібы толькі боль здольны прынесці ёй прымірэнне з самой сабой.
Адметна, што вобраз кіраўніцы турфірмы, адказнай за гібрыдную вайну, Ільінчык спісаў з рэальнай асобы – нейкай Наталлі, жонкі беларускага афіцэра, даныя якой драматург змяшчае ў п’есе, імфармацыя пра бізнесвумен была дабытая пры дапамозе Cyber Partisans — групы беларускіх хакераў-актывістаў, якія супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі. Аднак Ільінчык не проста паказвае «звычайнае зло», якое прамаўляе вуснамі ўладальніцы турагенцтва, ён шукае адказ на пытанне, як так сталася, што нябрыдкая разумная жанчына мае рукі ў крыві і нават гэтага не разумее. Акторка ідзе за драматургам і стварае выразны партрэт цалкам сімпатычнай кабеты. У ружовай блузцы.

З левага боку сцэны — вялікі экран, з якога праз амаль увесь спектакль глядзіць на гледача аватар 28-гадовага мігранта з Паўночнага Курдыстана, які хутчэй за ўсё загінуў на мяжы. Асаблівым прыёмам спектаклю з’яўляецца выкарыстанне лічбавай мадэлі для постаці ахвяры. Ажыўленая штучным інтэлектам мадэль міргае, ледзь прыкметна ўсміхаецца, глытае сліну — усё гэта стварае страшэнна правакацыйны эфект: жывая міміка на твары, які ўжо не належыць жывому чалавеку. Слова яму дадуць толькі напрыканцы спектакля.
Дзякуючы дыгіталізацыі знойдзеных дакументаў, тэлефона, білета і пашпарта, атрымліваецца поўнае і дэталёвае апісанне ягоных перамяшчэнняў і апошніх дзён жыцця. Гэтая метадалогія ператварае гістарычны факт у інтэрактыўную і дакументальна-псіхалагічную прастору, дзе мінулае і лічбавая праекцыя існуюць у непарыўным дыялогу.
Калі на сцэне персанаж, высветлены на экране на першым плане і ажыўлены штучным інтэлектам, пачынае гаварыць, уражанне даволі жудаснае, бо гэта не прыдуманы герой — гэта адноўлены партрэт рэальнага чалавека. Магчыма, ён выжыў, згубіў дакументы ў пушчы і цяпер сядзіць у Берліне ці Парыжы. А можа, яго непахаваныя косткі так і ляжаць у лесе, і ўсмешка з экрана — апошняе, што засталося ад ягонага існавання, сведчанне, што ён быў, якое ён дае праз тэхналогію.
Say Hi to Abdo у Познані — спектакль, у якім Еўропа з будучыні ківае табе пальцам, быццам той строгі настаўнік, які ўсё пра цябе ведае. Аднак спектакль не спрабуе маніпуляваць эмоцыямі. Не цісне. Не вучыць. Ён паказвае, што ўсе мы ў гэтай гісторыі з міграцыйным крызісам — вінаватыя. І ў гэтым ёсць нешта вельмі па-еўрапейску сумленнае. І нешта па-беларуску безвыходнае.
***
Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Cаюзам.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram