У Варшаве падвялі вынікі міжнароднага конкурсу плакатаў «Бел-чырвона-белы», прысвечанага другой гадавіне беларускай рэвалюцыі.
І з 9 жніўня на агароджы варшаўскага парка Лазенкі з боку Уяздоўскіх алей працуе выстава прац — пераможцаў конкурсу.
Мы сёння шмат рэфлексуем пра стаўленне да беларусаў у свеце, бо занадта рэзка адбылося чаргаванне звёнаў гэтага ланцужка: герой — ахвяра — суагрэсар.
Нам здаецца, што нацыянальны ўздым 2020-га знівелявы і забыты, аднак нашы суседзі яго па-ранейшаму памятаюць.
Так, выстава і конкурс сталі ініцыятывамі, да арганізацыі якіх спрычыніліся Нацыянальны цэнтр культуры Польшчы разам з міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны і міністэрствам замежных спраў.
Памятаць пра Беларусь – згадваць «Салідарнасць»
На конкурс было даслана 243 працы.
Інфармацыйная шыльда на выставе ў Пленэрнай галерэі музея Каралеўскіх Лазенак паведамляе: «Мы апелюем да таго, каб памятаць пра рэпрэсаваных за польскай усходняй мяжой ды пра салідарнасць з нашымі суседзямі на іх шляху да свабоды і дэмакратыі – гэтак жа, як вольны свет салідарызаваўся і падтрымліваў імкненні польскага грамадства падчас барацьбы «Салідарнасці» ў складаныя часы ваеннага становішча».
Пра памяць і падтрымку гаварыў на адкрыцці выставы віцэ-прэм’ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны прафесар Пётр Глінскі.
«Два гады таму Аляксандр Лукашэнка фальсіфікаваў выбары, знішчыў свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Гэты акт прыгнёту выклікаў натуральны вызваленчы рух з глыбінь беларускага грамадства. Конкурс і прэзентацыя работ, удастоеных прэміі конкурсу з прыгожай назвай «Бел-чырвона-белы», якая суадносіцца са сцягам свабоднай Беларусі, закліканы нагадаць у грамадскай прасторы пра тое, што адбылося два гады таму ў Беларусі.
Мы не павінны мірыцца з беларускім рэжымам, гэтаксама, як не павінны мірыцца з расійскай агрэсіяй ва Украіне», – паведаміў віцэ-прэм’ер.
Таксама Пётр Глінскі нагадаў, што грамадскія пратэсты, якія пачаліся два гады таму ў Беларусі, патрабавалі неймавернай мужнасці: «У такой рэапрэсіўнай дзяржаве выходзіць на вуліцу і паведамляць пра жаданне быць свабодным чалавекам, — справа не простая. Мы памятаем гэта з часоў ПНР, але людзі схільныя забываць. Два гады грамадства Беларусі пратэстуе, сотні тысяч людзей вымушаныя эміграваць. На дадзены момант у Беларусі не менш за 1300 палітвязняў, не менш за 30 журналістаў заключаны ў турму і асуджаныя, у тым ліку журналісты Польскага тэлебачання і Белсата».
Міністр культуры і нацыянальнай спадчыны таксама звярнуў увагу на абыякавасць сучаснага свету да палітычных рэпрэсій, якія дагэтуль адбываюцца за нашай усходняй мяжой.
«Сучасны свет зноў не ўсведамляе сваёй уразлівасці або адказнасці перад гэтым злом. На жаль, падобны працэс мы назіраем ва ўмовах жорсткай вайны на Украіне. Таму тыя, хто памятае і хто разумее сваю адказнасць, абавязаны нагадваць, не паддавацца абыякавасці да зла», — сказаў ён.
Мова плакатаў – ясны знак
Адметна, што большасць плакатаў былі дасланы польскімі аўтарамі. Два з іх выгралі першыя месцы.
Пераможца конкурсу Каміль Скшыпец расказаў Reform.by, што гэта не першы яго твор на тэму беларускай рэвалюцыі.
— Тэма адсутнасці свабоднага выбару і свабоды слова ў Беларусі вельмі мяне хвалюе, — прызнаўся ён. — Я спрабую асэнсаваць, у якім стане апынуліся грамадзяне гэтай краіны. Нягледзячы на тое, што нас падзяляе пэўная адлегласць, я б хацеў, каб мае суседзі адчулі нашу падтрымку ў руху да свабоды. З самага пачатку я хацеў, каб плакат пакідаў прастору для разважанняў і не імкнуўся быць агрэсіўнай ацэнкай тэмы. Мая праца – шчырае пажаданне і падтрымка грамадству Беларусі ў цяжкай барацьбе за свабоду. Мне б вельмі хацелася, каб вашы мары спраўдзіліся.
Плакат Каміля – гэта лаканічнае паведамленне, складзенае з дапамогай мовы знакаў. Зрэзаная – як лязом – лічба 2020, зрушаны 2022-гі, дзве лічбы ўтвараюць сэрца, паводле аўтара – гэта рух да сэрца, то-бок да свабоды, да любові, да павагі ў дачыненні да іншага чалавека. Мова плакату ясная і выразная, збудаваная на прыгожай візуальнай гульні.
Другое месца заняў твор Пётра Дэпта-Клесьты, выбраны паводле выразна аформленага тэкставага паведамлення. Фактычна, гэта сказ, напісаны з імітацыяй рукапіснага пісьма: «Б – як свабода». Хай беларускага гледача не ўводзіць у зман наўмысная брутальнасць плакату. Гэта фірмавы стыль старой польскай школы, то-бок такі антыафіцыёзны і свабодалюбівы трэнд.
Трэцяе месца аддалі беларусцы – Яўгеніі Мужавай, што цяпер жыве ў Варшаве. Фатаграфія стала асновай яе плаката, толькі ў адрозненне ад першых двух аўтараў, сваю працу яна рабіла не адмыслова да конкурсу. Плакат Яўгеніі «Мы не мяса» датуецца жніўнем 2020 года. Любы беларус, паглядзеўшы на яго, можа зразумець, на аснове якіх здымкаў вырасла гэта гранічна ясная метафара. Сілу вобразу ўзмацняе ўсведамленне таго, што на выяве сама аўтарка, яе пафарбаванае ў белы колер цела пракрэслена чырвонымі лініямі па ўзору разрэзкі мяса жывёл. Такое калектыўнае сэлфі брутальных часоў.
Адкрытая экспазіцыя будзе працаваць да 4 верасня на агароджы парку Каралеўскіх Лазенак у Варшаве з боку алей Уяздоўскіх.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: