«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін — пра культурную матрыцу Беласточчыны

Главное
Зміцер Косцін. Фота: Руслан Серадзюк.

Гэтым летам на Беласточчыне гучна прайшлі дзве вялікія культурніцкія імпрэзы. Фэстываль беларускай традыцыі SONCAHRAJ і Фэстываль Абуджаных TUTAKA, які, у адрозненне ад папярэдняга, быў прысвечаны сучаснай беларускай культуры.

Адметнасцю абодвух фэстаў сталася тое, што праходзілі яны ў гістарычным рэгіёне Польшчы, дзе шмат стагоддзяў жывуць беларусы, а таму і скіраваны былі не толькі да беларускай дыяспары, а і да прадстаўнікоў беларускай этнічнай меншасці ў гэтай краіне.

Як перасякаюцца гэтыя дзве групы беларусаў на Падляшшы? Як беларусам Беласточчыны ўдалося захаваць сваю адметнасць? Як у розныя гістарычныя перыяды яны наладжвалі сувязі з метраполіяй? І што за місія ў фонду TUTAKA, створанага ў самым пачатку 2020-га, які паспяхова распачаў цэлы шэраг новых культурніцкіх ініцыятываў?

Пра ўсё гэта паразмаўлялі са Змітром Косціным, актывістам беларускай дыяспары ў Беластоку, сябрам праграмнай Рады фонду TUTAKA. Журналіст жыве ў Беластоку з 2008 года, апошнія шэсць гадоў працуе на польскім радыё «Беласток», дзе стварае беларускамоўныя перадачы. Супрацоўнічае з фондам TUTAKA з кастрычніка 2020-га.

«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін - пра культурную матрыцу Беласточчыны
Фестываль TUTAKA. 2023. Фота: Руслан Серадзюк.

— Што гэта за рэгіён такі — Падляшша? Чаму, у адрозненне ад Віленшчыны, беларускай нацыянальнай меншасці ўдалося захаваць сваю адметнасць?

— Адміністрацыйна Падляшскае ваяводства ўзнікла ў 1997 годзе, але яно ўключае ў сябе некалькі зусім розных гістарычных рэгіёнаў. Сувальшчына на поўначы больш звязаная з Літвой. Заходняя частка — з Варшавай і Мазовіяй. Усходняя частка Падляшша гістарычна была звязаная з Берасцем і Гародняй. Таму я часцей выкарыстоўваю назву Беласточчына — бо гэта тая частка Падляшскага ваяводства, дзе жывуць беларусы.

У 1945 годзе Беласточчына адышла да Польскай дзяржавы, і тады беларуская супольнасць пачала самаарганізоўвацца ў новых умовах.

Самаідэнтыфікацыя адбывалася на падставе канфесійнай прыналежнасці. У адрозненне ад Віленшчыны, дзе беларусы былі пераважна каталікамі і хутка апалячыліся, тут жыло праваслаўнае насельніцтва.

Працэс паланізацыі адбываўся найперш там, дзе жылі каталікі.

На Сакольшчыне да гэтага часу старэйшае пакаленне размаўляе паміж сабой беларускімі гаворкамі, але шмат дзесяцігоддзяў яны лічаць сябе палякамі, бо яны каталікі.

А ў тых рэгіёнах, дзе праваслаўныя складаюць большасць, як у ваколіцах Бельска, Гайнаўкі, Семятыч, беларуская самасвядомасць у людзей даволі моцная. Прычым, трэба сказаць, што беларускі нацыянальны рух тут заявіў пра сябе яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. У 1907 годзе на Беласточчыне былі арганізаваныя ячэйкі Беларускай сацыялістычнай грамады.

Калі перад Першай сусветнай вайной Расейская імперыя змушала мясцовае насельніцтва, пераважна праваслаўнае, уцякаць углыб Расіі, частка людзей засталася, і тады ў 1915 годзе былі створаны першыя беларускія школы — у Дубічах Царкоўных у ваколіцах Белавежскай пушчы, у Агароднічках каля Супрасля.

У міжваеннай Польшчы тут дзейнічалі Таварыства беларускай школы і Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Цэнтрам беларускага руху тады была Вільня.

Адразу пасля 1945 года, калі Беласточчына адышла да Польшчы, беларусы жылі з усведамленнем таго, што гэтая мяжа — штучная. Чым больш праходзіла часу, тым выразней з’яўлялася асэнсаванне падзеленасці, адасобленасці ад агульнабеларускага арэалу, бо савецка-польскую мяжу было вельмі складана перасячы.

У часы БССР Беласточчыну наведвалі пісьменнікі, прыязджалі гурты з Беларусі. Можна было слухаць радыё на памежжы. Адначасова тут стваралася адметная ад метраполіі беларуская культура. Такім Падляшша дайшло да беларускай незалежнасці, і тады кантакты з самой Беларуссю сталі сталыя і моцныя.

Усё змянілася з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, які не разглядаў патрэбы развіцця беларускай нацменшасці як нешта важнае. Адзінае, што яго цікавіла, — палітычная падтрымка і гаспадарчыя сувязі.

«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін - пра культурную матрыцу Беласточчыны
На фестывалі TUTAKA. 2023. Фота: Руслан Серадзюк.

— Як адбываецца культурны ўзаемаабмен паміж беларускай меншасцю ў Польшчы, якая жыве тут спрадвеку, і новай дыяспарай, якая імкліва пашырылася за апошнія тры гады, ці ўцекачы з Беларусі далучаюцца да вашых ініцыятыў, наколькі плённа праходзіць камунікацыя?

— Скажу шчыра, калі я сам у 2008 годзе сюды прыехаў, я няшмат ведаў пра беларускую нацыянальную меншасць на Беласточчыне.

Памятаў з падручнікаў па гісторыі, што выдаваліся ў 1990-я гады, пра такія гарады, як Супрасль, Заблудаў, Бельск-Падляскі, Драгічын, Мельнік, Беласток. Аднак у нашых падручніках нічога не расказваецца пра тое, што адбывалася ў гэтым рэгіёне пасля 1945 года.

У часы, калі я сюды прыехаў, тут стала дзейнічалі беларускія нацыянальныя арганізацыі. Была ініцыятыва, якая падтрымлівала рэжым, Беларускае грамадска-культурнае таварыства, але былі і незалежніцкія: Саюз беларусаў у Рэчы Паспалітай, Аб’яднанне бацькоў у карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, «АБ-БА», і шмат іншых.

Я пакрысе стаў далучацца да гэтых актыўнасцяў. Аднак такіх грамадзян Беларусі, якія стала тут жылі і цікавіліся тым, што адбываецца ў беларускай меншасці, было вельмі мала. Думаю, што не больш за дваццаць чалавек.

Пасля 2020 года колькасць эмігрантаў з Беларусі ўзрасла ў разы. І людзі, якія прыязджаюць сюды на працягу апошніх гадоў, вельмі здзіўляюцца, калі даведваюцца, што тут стала жывуць беларусы.

Мне вельмі хацелася б бачыць тутэйшую беларускую супольнасць адзінай, каб у ёй злучылася і нацыянальная меншасць, і дыяспара. Аднак пакуль што гэтыя дзве групы толькі знаёмяцца, пакрысе супрацоўнічаюць, адкрываюцца адна адной. Беларусы з Беларусі амаль нічога не ведалі пра беларусаў Беласточчыны. А беларусы Беласточчыны не заўсёды гатовы адкрывацца рускамоўным беларусам, бо руская мова для іх абсалютна чужая. Яны яе не разумеюць. Мова камунікацыі ўнутры нашай мясцовай супольнасці ўсё ж беларуская.

Аднак цяпер я назіраю, што дыяспара даволі хутка беларусізуецца.

«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін - пра культурную матрыцу Беласточчыны
Фестываль SONCAHRAJ. 2023. Фота: tutaka.org.

— То-бок людзі эмігруюць у Беласток і раптам сустракаюць аўтахтоннае беларускае насельніцтва. Яны сапраўды нічога пра іх не ведаюць?

— Так, не раз бачыў, калі беларусы з Беларусі бачаць кагосьці, хто размаўляе па-беларуску з відавочным падляскім акцэнтам, і адразу пераходзяць на польскую мову, думаючы, што гэта паляк. І нярэдка можна пачуць: «Ну яны ж палякі!». А беларуская нацыянальная меншасць даволі негатыўна ставіцца да таго, што іх называюць палякамі. Бо яны лічаць сябе беларусамі, нягледзячы на грамадзянства.

— Які ўзрост тых людзей, якія лічаць сябе беларусамі?

— Трэба сказаць, што беларуская нацыянальная меншасць — адна з найбольш старых у Польшчы. Любая нацыянальная меншасць без падтрымкі дзяржавы, да якой адносіцца, мае мала шанцаў тры-чатыры пакаленні ператрываць. Напрыклад, літоўцы ці немцы з 1990 года маюць сталую падтрымку ад сваіх дзяржаў. Ёсць літоўскі ліцэй, дзе навучанне амаль усіх прадметаў адбываецца па-літоўску. І там ніколі няма праблемаў з наборам, бо 99 працэнтаў выпускнікоў паедуць бясплатна вучыцца ва ўніверсітэты Коўна ці Вільні.

У сваю чаргу ёсць два беларускія ліцэі, у якіх па-беларуску вядзецца толькі частка прадметаў, а перспектыва далейшага навучання на роднай мове цалкам адсутнічае.

Калі я пераехаў, то гэтаму здзіўляўся, бо заканадаўства дае магчымасць стварыць беларускі ліцэй, дзе навучанне цалкам можа ісці на беларускай мове. А мне адказвалі: «А куды яны потым пойдуць?».

Таму большасць людзей, якія ў перапісах ідэнтыфікуюць сябе як беларусы, належаць да сталага пакалення. І тут таксама трэба разумець, што гэта самаідэнтыфікацыя адбываецца на падставе канфесійна-этнічнай прыналежнасці. Сярод людзей старэйшага пакалення можна сустрэць тых, хто кажа: мы праваслаўныя, таму мы беларусы. Як толькі хтосьці становіцца каталіком, адразу ператвараецца ў паляка.

То-бок гэта самаідэнтыфікацыя ідзе з ХІХ стагоддзя: каталік-паляк, праваслаўны-беларус.

«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін - пра культурную матрыцу Беласточчыны
Фестываль SONCAHRAJ. 2023. Фота: tutaka.org.

— Працэс абнаўлення беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы мог бы адбывацца за кошт новай эміграцыі?

— Вядома! Гісторык Алег Латышонак не аднойчы выказваў такое меркаванне, што беларуская нацыянальная меншасць не мела ўжо сілаў ператрываць без падтрымкі. Аднак пасля 2020 года шанц развіццю беларускасці на Беласточчыне ён бачыць якраз у стварэнні беларускай супольнасці, якая складаецца і з меншасці, і з дыяспары. Я разумею, што частка людзей вернецца ў Беларусь, аднак частка застанецца.

— Аднак якая частка новай беларускай супольнасці — цяпер ці праз адно-два пакаленні — будзе ідэнтыфікаваць сябе як беларусаў?

— Мяркую, што пасля 2020 года стаўленне да мовы і культуры вельмі змянілася. Як беларускамоўны я памятаю, што ў Беларусі можна было пачуць фразы: «Говорите на нормальном языке», «Ты что, колхозник?». Пасля 2020 года людзі, якія трапляюць сюды і чуюць, што людзі паміж сабой пастаянна размаўляюць па-беларуску, дзеці ў тым ліку, іх стаўленне змяняецца, яны пачынаюць разумець, што тут карані, што гэта важна.

Група прыхільных да беларускасці, можа, і не складзе паловы ад грамадзян Беларусі, якія цяпер тут жывуць.

Шмат хто прыязджаў за лепшым жыццём, шмат хто прыняў рашэнне асімілявацца і інтэгравацца ў польскае грамадства, адкідаючы ўсё, што гэтаму перашкаджае.

Аднак я бачыў людзей, якія пратэставалі ў 2020 годзе і былі цалкам рускамоўнымі, а цяпер вучаць сваіх дзяцей беларускай мове.

Калі б не было 2020 года, гэтых працэсаў не адбывалася б.

«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін - пра культурную матрыцу Беласточчыны
Фестываль TUTAKA.  2023.Фота: Руслан Серадзюк.

— Дзе можна вучыць тут беларускай мове сваіх дзяцей?

— Польскае заканадаўства не дае магчымасці грамадзянам іншых краінаў вывучаць мовы нацыянальных меншасцяў. Таму беларусы самаарганізуюцца. У 2021 годзе я ініцыяваў моўныя заняткі ў гульнёвай форме. А ў пачатку гэтага года стварылася група бацькоў і дзяцей, якія штотыдзень па суботах сустракаюцца на занятках, дзе вывучаюць беларускую мову. Ведаю, што частка дзяцей далучаецца да анлайн-школаў.

Калі нарэшце з’явіцца сапраўдная беларуская дзяржава, то прэстыж беларускасці тут вырасце.

«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін - пра культурную матрыцу Беласточчыны
Фестываль TUTAKA. 2023. Фота: Руслан Серадзюк.

— Аднак цяпер існуе выразная пагроза страты дзяржаўнасці. Ці можа Беласточчына стаць нейкім месцам зборкі, дзе будуць фармавацца новыя беларускія структуры? Як з гэтага геапалітычнага ракурсу сёння можна разглядаць гэты рэгіён?

— Беласточчына магла быць месцам, дзе беларушчына прысутная ў натуральным варыянце, аднак сітуацыя не выглядае настолькі ідылічна. Вёскі вылюдняюцца, старэйшае пакаленне сыходзіць… Аднак яшчэ можна праехаць уздоўж мяжы і пачуць нашу мову ў розных яе варыянтах. Яна яшчэ тут жывая. Таксама ёсць інстытуцыі, арганізацыі, якія дзейнічаюць шмат дзесяцігоддзяў. Таму спрабаваць будавацца тут, вядома, можна.

Мы ў фондзе TUTAKA, вядома, дбаем пра агульнабеларускую культуру, але для нас вельмі важна і тое, каб беларушчына не знікла на Беласточчыне.

І тыя актыўнасці, якія цяпер тут з’яўляюцца, паказваюць, што Беласток можа стаць вельмі важным культурным цэнтрам. Ён і дагэтуль быў цэнтрам, праўда, на перыферыі. Аднак цяпер гэтая перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь, дзе ўсё беларускае паступова забараняецца.

Чуў ад польскіх калегаў, што Беласточчына магла б стаць беларускім П’емонтам. Нагадаю, што П’емонт — гэта частка Італіі, адкуль пайшоў рух новага італьянскага адраджэння і аб’яднання ў адну краіну. І Беласток можа стаць рэгіёнам, адкуль будуць вырастаць парасткі новай краіны. Сказана крыху навырост, але тут, у Беластоку, сапраўды можна выпрацоўваць нейкія культурніцкія мадэлі, якія будуць карысныя Беларусі. Тут мы таксама перажываем досвед суіснавання дзвюх культур.

«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін - пра культурную матрыцу Беласточчыны
Фестываль SONCAHRAJ. 2023. Фота: tutaka.org.

— На якой аснове паўстаў фонд TUTAKA ў Беластоку?

— Беларусы Беласточчыны арганізоўвалі тут шмат розных актыўнасцей, аднак бліжэй да 2020 года яны пачалі скурчвацца. Людзі старэлі, сыходзілі, далучэння да руху амаль не было. Узнікалі кадравыя праблемы, напрыклад, не маглі вырашыць, хто мусіць займацца арганізацыяй музычнага фэсту «Басовішча». Яго ў свой час ініцыявала Беларускае аб’яднанне студэнтаў, вялікая арганізацыя з сотнямі сябраў, якія пачуваліся адказнымі за захаванне беларускай культуры на пераломе 1980-х — 1990-х, на той хвалі дэмакратызацыі. Чым больш еўрапейскай станавілася Польшча, тым больш змаганне за свае нацыянальныя правы адыходзіла на далёкі план. Бо нашы правы былі забяспечаны заканадаўствам і канстытуцыяй. І людзі, якія згуртаваліся ў пераломны момант, пакрысе сталі займацца іншымі справамі, і дзеячаў станавілася ўсё менш.

І Беларускае аб’яднанне студэнтаў у 2019 годзе прыняла даволі складанае, але адказнае рашэнне: правесці «Басовішча» ў апошні раз.

З завяршэннем гэтага праекта закончылася і пэўная эпоха ў беларускім жыцці Беласточчыны, выкліканая нацыянальным уздымам 1980-х — 1990-х гадоў. І здавалася, што тут больш нічога не будзе значнага адбывацца.

У той час мне адсюль здавалася, што людзі ў Беларусі змірыліся з рэжымам і прынялі яго… Было адчуванне адлігі, культурніцкія мерапрыемствы праходзілі ў Мінску і па ўсёй краіне, і для іх правядзення не трэба было выязджаць за мяжу, як тое адбывалася з «Басовішчам».

Таму, калі ў самым пачатку 2020 года пачалося стварэнне фонду TUTAKA, арганізатары сталі думаць пра нейкі супольны фестываль, напрыклад, пад назвай «Вялікае Княства Літоўскае», у якім хацелі злучыць беларускую, літоўскую і ўкраінскую культуры. У Польшчы ўвогуле даволі вялікую ўвагу надзяляюць культурам усходніх суседзяў.

Аднак жнівень 2020 усё памяняў, і фонд TUTAKA стаў працаваць на беларускую культуру. Бо ідэя Вялікага Княства Літоўскага, безумоўна, прыгожая, аднак беларуская ідэя выйшла на першае месца. І тады фонд, які напачатку складаўся ўсяго з пары чалавек, пачаў сваю дзейнасць па падтрымцы незалежнай беларускай культуры. У той час многім здавалася, што не гэта самае важнае. Што самае важнае — падтрымліваць пратэст, дапамагаць уцекачам. Аднак ужо тады кіраўнік фонду Павел Станкевіч гаварыў, што культура — важны чыннік змагання, на які мы мусіў звярнуць самую пільную ўвагу. Пераможам мы ці не, а беларускую культуру трэба падтрымліваць. І тыя людзі, з якімі мы супрацоўнічалі на валанцёрскіх пачатках і якія ўвесь час нам даводзілі, што культура не самае істотнае, сёння прызнаюць нашу рацыю. Культура — важная форма пратэсту.

«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін - пра культурную матрыцу Беласточчыны
Фестываль SONCAHRAJ. 2023. Фота: tutaka.org.

— Вы ладзіце два вялікія фестывалі. Адзін з іх — SONCAHRAJ — працуе на захаванне традыцыі. Наколькі складана гэта рабіць, калі глеба для традыцыі імкліва знікае? І якая місія ў гэтага фэсту?

— Я якраз з’яўляюся адказным за гэты фестываль. Калі я сюды прыехаў, то заўважыў, што тутэйшая беларуская аўтэнтыка захоўвалася ў 1980-я — 1990-я, аднак з другой паловы 1990-х, калі адна з асноўных мясцовых арганізацый — Беларускае грамадска-культурнае таварыства — пачала супрацоўнічаць з рэжымам Лукашэнкі, вобраз беларускай культуры штораз станавіўся падобным да эстраднага варыянту культуры, без аўтэнтыкі, без імкнення развіваць традыцыі. Да банальных раённых «Дажынак».

Беларуская культура тут была прадстаўлена ў двух выглядах — або як сучасная культура (пераважна, рок на «Басовішчы»), альбо як псеўданародная.

Узоры, якія паходзілі з Інстытута культуры Беларусі, проста перавозіліся сюды. І сумна было глядзець, як калектыў, якому 60 год, спявае пад гармонік песню Анатоля Ярмоленкі «Полька беларуская», хоць я ведаю, што ў гэтых ваколіцах нават гаворка зусім іншая, блізкая да палескай. То-бок яны адкідаюць свае песні, сваю традыцыю, каб прыняць нешта з Беларусі.

Сярод маладога пакалення ўзрастала цікавасць да эстраднай украінскай культуры. І ва ўсім гэтым знікала аўтэнтычная беларускасць.

«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін - пра культурную матрыцу Беласточчыны
Фестываль SONCAHRAJ. 2023. Фота: tutaka.org.

Засталося толькі некалькі асяродкаў аўтэнтычнай культуры — Музей малой бацькаўшчыны ў Студзіводах, створаны Дарафеем Фіонікам, пры гэтым музеі Дарафей і яго сястра Ганна стварылі гурт «Жэмэрва», які сёлета адсвяткаваў дваццацігоддзе. Яны адзіныя імкнуліся перадаць маладому пакаленню традыцыі спеву, танцаў, рамёстваў, гісторыю — усю гэтую аўтэнтыку.

І мы вырашылі, што варта далучыцца да гэтага руху і прапанаваць нешта, што магло б злучыць Беларусь і Падляшша. Аднак мясцовыя беларусы не ведаюць ні сучасных музыкаў, ні сучасных мастакоў з Беларусі, не бачылі новых тэатральных пастановак.

Таму такім супольным чыннікам можа стаць традыцыйная культура. І тады ўзнікла ідэя мясцовую традыцыйную культуру паспрабаваць актуалізаваць.

«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін - пра культурную матрыцу Беласточчыны
Фестываль SONCAHRAJ. 2023. Фота: tutaka.org.

Фестываль SONCAHRAJ прайшоў ужо другі год запар, яго мэта — паказаць, што беларуская аўтэнтычная культура існуе і яна цікавая. Разлічаны ён не толькі на мясцовых жыхароў, але таксама і на турыстаў, якія прыязджаюць і далучаюцца да нашых імпрэзаў. Варта сказаць, што ў Польшчы ў буйных гарадах рух цікавасці да народных спеваў і танцаў даволі вялікі. Да Беласточчыны гэты трэнд яшчэ не дайшоў, тут пакуль саромеюцца аўтэнтыкі, але паволі далучаюцца.

Калі мы запрасілі нашых сяброў з Беларусі да правядзення фестывалю, то высветлілася, што і нашы песні падобныя, і абрады такія ж самыя. І ўсё гэта адна спеўна-музычная прастора, з пэўнымі адметнасцямі. І ўсё склалася ў адзін пазл.

Падчас фестывалю ў адной малой вёсцы мясцовыя людзі мне сказалі: «Ну, там украінцы, там беларусы, а гэта вось нашае». То-бок яны адчулі, што і гаворка, на якой я вёў выступ, і песні, якія спяваліся, гэта іхнае. І тое галоўнае дасягненне фестывалю і асноўная наша задума: каб мясцовыя жыхары адчулі прыналежнасць да сваёй супольнасці.

«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін - пра культурную матрыцу Беласточчыны
Фестываль TUTAKA. 2023. Фота: Руслан Серадзюк.

— Другі вялікі фестываль, які ладзіць ваш фонд, — Фестываль абуджаных TUTAKA. Якая гісторыя яго стварэння?

— Вядома, што асноўны ўзор, які мелі перад сабой арганізатары гэтага фэсту, было «Басовішча». Нездарма і месца было абрана культавае, тая самая паляна, на якой яно адбывалася. Але з самага пачатку мы разумелі, што беларуская культура ўжо не такая, якой яна была за часамі «Басовішча», яна стала больш разнастайнай. І ад самага пачатку мы паставілі на тое, каб стварыць прастору не толькі для канцэртаў, а і для майстар-класаў, заняткаў, спектакляў, дыскусій, сустрэч. Каб цягам фестывалю людзі маглі адкрыць для сябе штосьці новае.

У 2021 годзе ў нас быў толькі месяц на арганізацыю фестывалю, тады не атрымалася выйсці на шырокую публіку, мы падлічылі, што прыехала каля паўтара-двух тысяч удзельнікаў.

«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін - пра культурную матрыцу Беласточчыны
Фестываль TUTAKA. 2023. Фота: Руслан Серадзюк.

Праз год канцэпцыя засталася той жа, але з’явілася больш прапаноў неканцэртных актыўнасцяў. Аднак мы бачылі, што ёсць пэўная праблема: беларусы цікавяцца, але не даязджаюць.

Аднак у 2023 годзе ўсё раптоўна змянілася, паводле розных ацэнак фестываль наведала ад пяці да сямі тысяч гледачоў. Хоць сёлетні фестываль мала чым адрозніваўся ад леташняга.

Я мяркую, што інтарэс да фестывалю выкліканы тым, што беларусы перажылі першы шок ад уцёкаў з краіны і, забяспечыўшы базавыя патрэбы, пачалі шукаць месца, дзе маглі б адчуць сябе супольнасцю. Мы так і пазіцыянавалі фестываль — як агульнабеларускую сустрэчу.

Вельмі цешымся, што ўдалося зацікавіць беларусаў не толькі з Польшчы, але і з Літвы, Нямеччыны. Я размаўляў з жанчынамі, якія адмыслова прыехалі з Барселоны. Былі знаёмыя з Вялікабрытаніі.

TUTAKA становіцца прасторай камунікацый, абмену думкамі, месцам сустрэч. Нас гэта цешыць.

«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін - пра культурную матрыцу Беласточчыны
Фестываль TUTAKA. 2023. Фота: Руслан Серадзюк.

— Важна, што на фестывалі было шмат інфармацыі пра розныя беларускія ініцыятывы, можна было знаёміцца і абменьвацца досведам…

— Так, фэст стаў нагодай, каб расказаць пра нашых калег, якія робяць класныя рэчы. Сустрэчы-прэзентацыі ініцыятываў вельмі важныя, трэба як мага больш расказваць пра тое, што робім усе мы. Кожны ў сваёй сферы працуе на тое, каб беларуская культура была больш цікавай, больш заўважальнай. І больш сэксі…

«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін - пра культурную матрыцу Беласточчыны
«Бардаўская восень». 2022. Фота: tutaka.org.

— Пад канец кастрычніка чакаецца фестываль «Бардаўская восень». У адрозненні ад папярэдніх вашых імпрэзаў, ён мае даволі даўнюю гісторыю?

— Гэта фестываль нацыянальнай меншасці, які ўзнік амаль трыццаць гадоў таму ў Бельску Падляскім. Арганізоўваў яго Звяз беларускай моладзі.

— Атрымліваецца, што вы яго перахапілі?

— Мы ўбачылі, што гэты фестываль у крызісным стане. Паразмаўлялі з людзьмі, звязанымі з гэтай арганізацыяй, і зладзілі яго летась супольна, пашырыўшы актыўнасці на літаратуру і тэатр.

Фестываль адбываецца напрыканцы кастрычніка. Гэта час, калі згадваюць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. І ўсё злучаецца: і музыка, і Ноч (не)расстраляных паэтаў, і восень, якая спрыяе развагам. У нас атрымалася музычна-літаратурная імпрэза, якая спадабалася і нам, і гледачам.

«Перыферыя робіцца больш заўважнай, чым сама Беларусь»: журналіст Зміцер Косцін - пра культурную матрыцу Беласточчыны
Фестываль TUTAKA. 2023. Фота: Руслан Серадзюк.

— Колькі чалавек у камандзе фонду TUTAKA?

— Восем.

— І тым не менш вы пашыраеце кола сваіх ініцыятыў… Праводзіце яшчэ дэкламатарскі конкурс. Якія яшчэ планы на будучае?

— Вядома, што мы хочам працягваць тыя праекты, якія робім. Ужо вядома, што ў наступным годзе фестываль TUTAKA адбудзецца 12-14 ліпеня.

Летась мы зрабілі цыкл відэа пра беларускую традыцыйную культуру. Восенню рыхтуем серыю падкастаў. Першыя з іх будуць пра беларускую традыцыйную культуру, але хочам рабіць падкаст пра Падляшша, каб больш інфармаваць пра Беласточчыну. Бо на гэты рэгіён у беларускім свеце ўсё больш звяртаюць увагу і пэўна ж шукаюць інфармацыю. Мы хацелі б гэтую нішу запоўніць.

Працягваем працаваць з традыцыйнай культурай. Пры фондзе дзейнічае мужчынскі хор «Зграя», да канца года мае ўзнікнуць жаночы хор.

Цяпер працуем з архівам мясцовага даследчыка фальклору Сцяпана Копы, хочам годна ўшанаваць яго памяць.

Ён амаль сорак гадоў збіраў песні з усёй Беласточчыны, і з каталіцкай яе часткі, і з праваслаўнай. Ён памёр у пачатку гэтага года.

Думаем пра выдавецкія ініцыятывы і пра стварэнне курсу «Мова нанова» для польскамоўных.

Ладзім тэатральныя рэзідэнцыі ў супрацы з Домам творцаў.

— Калі ў Беларусі ўсё наладзіцца, як вы ўяўляеце ідэальную камунікацыю паміж нацыянальнай меншасцю і метраполіяй?

— Мяркую, што гэтая камунікацыя павінна адбывацца гэтак жа, як паміж польскай нацыянальнай меншасцю і польскай дзяржавай. Важна, каб беларуская дзяржава падтрымлівала розныя ініцыятывы, якія дзейнічаюць у замежжы, і не толькі на Беласточчыне. Бо ёсць Віленшчына, ёсць бібліятэка Францыска Скарыны ў Лондане, якая і так функцыянуе, але магла б нашмат больш рабіць для развіцця беларушчыны на Захадзе.

Цяжка цяпер казаць пра канкрэтныя інструменты. Гэта можа быць і праектная дзейнасць, і непасрэдныя датацыі.

Пасля пераменаў беларушчына па-за межамі Беларусі застанецца, нікуды не знікне. І калі мы хочам будаваць беларускі дом, то трэба не забываць, што часткай гэтага дому з’яўляюцца беларусы, якія жывуць па-за яе межамі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: