«На пяць гадоў старэйшыя»: праект Reform.news да 9 жніўня. Частка ІI

Главное
20 верасня 2020 год. Фота: Д.Л.

Публікуем другую частку праекта «На пяць гадоў старэйшыя», у якім спрабуем асэнсаваць мінулыя пяць гадоў з перспектывы асабістага і калектыўнага досведу.

Як змянілася беларускае грамадства і культура з 2020 года? Звяртаючыся да фільма «Cтарше на десять минут» Герца Франка, у якой дзіця за 10 хвілін спектакля перажывае вялікае эмацыйнае ўзрушэнне, роўнае асобнаму жыццю, мы хочам зразумець, як пасталелі за гэты час? Колькі жыццяў убіраюць нашыя пяць гадоў пасля беларускай рэвалюцыі?

Мы прапанавалі героям першай версіі праекта і новым рэспандэнтам адказаць на пяць пытанняў пра сябе і час.

1. Якімі сталіся для вас апошнія пяць гадоў? (Можаце коратка распавесці, што адбылося з вамі за гэты тэрмін?)

2. Як вы сёння асэнсоўваеце, успрымаеце падзеі 2020-га? З актуальнай перспектывы 2020-ты для вас — гэта параза ці перамога?

3. Куды, на ваш погляд, беларускае грамадства прыйшло за гэтыя пяць гадоў? Што змянілася?

4. Што страціла ці набыла беларуская культура (літаратура, тэатр, кіно, мастацтва) за гэты час? Што, на ваш погляд, больш паўплывала на яе — падзеі 2020 года ці пачатак поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022-м?

5. Якой вы сёння ўяўляеце будучыню Беларусі? Што вас трымае на плаву?

У другім блоку праекта сваімі меркаваннямі наконт падзей 2020-га і зменаў у беларускім грамадстве дзеляцца: паэтка і пісьменніца Юля Цімафеева, філосафка і палітычная актывістка Вольга Шпарага, кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін, і мастак з Беларусі, які пажадаў застацца ананімным.

«Не час падводзіць вынікі. На жаль, яшчэ не»

Юля Цімафеева, паэтка, пісьменніца, перакладчыца, Берлін.

З 2020 года Юля Цімафеева разам з мужам, пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам змяніла тры краіны. У 2023 годзе на Reform.news выйшаў урывак з твору пісьменніцы «Мінскі дзённік», які зафіксаваў пратэсныя месяцы 2020-га. На сёння «Мінскі дзённік», які нарадзіўся па-ангельску, апублікаваны на розных мовах у Швецыі, Нідэрландах, Германіі і іншых краінах. У выгнанні ў Юлі ўбачылі свет паэтычныя зборнікі «Аўтапартрэт у выглядзе костачкі авакада», «Motherfield», «Кровазварот» ды іншыя кнігі.

«На пяць гадоў старэйшыя»: праект Reform.news да 9 жніўня. Частка ІI
Фота: Альгерд Бахарэвіч.

1. Усяго адбылося так шмат, што не хопіць некалькіх абзацаў, але я ўсё ж паспрабую пералічыць, прынамсі схематычна. У лістападзе 2020 года пасля некалькіх месяцаў пратэстаў мы разам з маім мужам, пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам, з’ехалі з Беларусі. За гэтыя пяць гадоў мы змянілі тры краіны пражывання: Аўстрыя, Швейцарыя, Нямеччына, пакуль аселі ў Берліне, дзе на дадзены момант я з’яўляюся стыпендыяткай міжнароднай мастацкай праграмы DAAD.

Мы давалі шмат інтэрв’ю, расказваючы пра сітуацыю ў краіне, выступалі для беларускай і, можа, нават больш для замежнай публікі. За гэты час у мяне выйшла некалькі паэтычных кніг па-беларуску і ў перакладах у ЗША, Нямеччыне і Польшчы, а мой англамоўны «Мінскі дзённік», які расказвае пра падзеі 2020-2021 года ў Мінску і ў эміграцыі, быў перакладзены на шэсць моў. Наша жыццё ператварылася ў суцэльную дарогу, пра гэты досвед, зусім не новы для беларусаў, — мая апошняя кніга «Кровазварот».

Летась памёр мой свёкар, да якога мы не змаглі паехаць на пахаванне. Памерла наша старая кошка, думаю, загінулі ўсе расліны, якія я пакінула дома пад чужую апеку. Але мне ўсё яшчэ сніцца, што я чароўным чынам апынаюся ў Беларусі. У сне мне добра, але я чакаю немінучага арышту і, як толькі збіраюся пачысціць тэлефон, прачынаюся.

Мой брат быў палітвязнем, адседзеў свой тэрмін да канца. Многіх маіх знаёмых пасадзілі. Два гады я пісала лісты ў турмы, усё гэта лёгла ў аснову п’есы «Экстрэмісты», пастаўленай спачатку ў Берліне, а пасля Купалаўцамі ў Варшаве.

А яшчэ я нашмат больш даведалася, як бачаць свет грамадствы ў краінах, дзе нам даводзілася жыць і выступаць. Калі ты недзе знаходзішся працяглы час, то пачынаеш бачыць свет з мясцовай перспектывы: аўстрыйскай, швейцарскай, нямецкай ці нават аўстралійскай. Гэта пашырае кругагляд і адначасова дазваляе іначай зірнуць на ўласнае месца ў свеце. І гульні з перспектывай пераконваюць, што Беларусь — гэта частка еўрапейскай гістарычнай і культурнай прасторы, як бы хто ні спрабаваў давесці нам адваротнае. Не самая вольная і шчаслівая, але тым не менш, наша месца было і застаецца ў Еўропе.

«На пяць гадоў старэйшыя»: праект Reform.news да 9 жніўня. Частка ІI
Падчас прэзентацыі кнігі «Кровазварот» у варшаўскай кнігарні «Кнігаўка». Фота: Альгерд Бахарэвіч.

2. У 2020 годзе беларускае грамадства, прынамсі самая актыўная яго частка, адчула вялікую патрэбу ў змене курсу краіны. Можа быць, крыху «разбэшчаныя» папярэднімі гадамі адноснага дабрабыту і аслаблення рэпрэсій (якія, аднак, ніколі не спыняліся); можа быць, натхнёныя паездкамі за мяжу (а беларусы ў свой час былі чэмпіёнамі свету па колькасці шэнгенскіх віз на душу насельніцтва) і кантактамі з тамтэйшай публікай, мы вырашылі, што вартыя «людзьмі звацца», а не «апошняй дыктатурай Еўропы». На жаль, у Лукашэнкі і Пуціна на нашу краіну былі іншыя планы. Сілы ад самага пачатку былі няроўныя, гвалт з боку ўладаў — непрапарцыйны, таму пра якую паразу можа весціся?

Для мяне падзеі пяцігадовай даўніны — гэта не параза і не перамога. Я ўсё яшчэ лічу, што яны частка балючага працэсу, які доўжыцца і, на жаль, будзе развівацца далей, уключаючы ўсё больш краін. Поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну — таксама частка гэтага працэсу. Пакуль існуе Расія ў сваім цяперашнім выглядзе — пачварная імперыя, якая прагне пашырэння; пакуль яна ахоўвае рэжым Лукашэнкі і атрымлівае за гэта яго падтрымку, мы не можам казаць, што нешта скончылася, і час падводзіць вынікі. На жаль, яшчэ не.

3. Па-першае, мы ўсе вельмі стаміліся. Несупынны гвалт, які мы перажываем, пра які мы чытаем, у Беларусі, ва Украіне, у іншых гарачых кропках свету, не дае перадышкі. Дэпрэсіі сталі самай звычайнай з’явай. Эмацыйныя перагрузкі кепска ўплываюць на фізічны стан.

«На пяць гадоў старэйшыя»: праект Reform.news да 9 жніўня. Частка ІI
На фестывалі «Блізкі Усход» у Любліне. Фота: Зміцер Вайноўскі.

Але, хочам мы гэтага ці не, мы ўсе мусім неяк адаптоўвацца да ўмоў, у якіх апынуліся. Эмігранцкае жыццё вымагае няспыннай вучобы і росту над сабой, жыццё ў беззаконнай краіне — звыкласці да пастаяннай небяспекі. Я чула, што цяперашнія падлеткі ў Беларусі нашмат больш ухвальна ставяцца да рэжыму Лукашэнкі, чым іх бацькі. Можа, гэта таксама іх стратэгія выжывання. (Ці мушу я як старэйшая адчуваць за гэта віну?) З іншага боку, я чытаю, што беларускамоўных на мінскіх вуліцах таксама паболела, а падпольнае і напаўпадпольнае культурнае жыццё працягваецца.

Мы ж, тыя, хто з’ехаў, вучым мовы краін, якія нас прынялі: польскую, літоўскую, нямецкую, грузінскую; вучым новыя законы і стараемся па іх жыць. Мы бачым, як працуе дэмакратыя, заўважаем не толькі яе перавагі і дасягненні, але і заганы. Мы на ўласным досведзе адкрываем, што салідарнасць і гасціннасць — гэта не заўжды надоўга. Мы набіраемся досведу, які адрозніваецца не толькі ў тых, «хто з’ехаў» і «хто застаўся», але і таксама ў тых, хто з’ехаў, прыкладам, у Польшчу і тых, хто ў Нямеччыну. Мы вучымся глядзець на свет вачыма грамадстваў, у якіх мы жывём, мы ўрастаем у іх.

Выгнанне як невылечная хвароба, ты праходзіш некалькі стадый. На цяперашняй мы пачынаем задумвацца, колькі яшчэ год зможам захоўваць сваю ідэнтычнасць і сувязь з радзімай, а дзеці, якія ўжо гавораць па-польску без акцэнту — ці захочуць яны вяртацца, калі такая магчымасць надарыцца? Ці захочам вяртацца мы?

4. Безумоўна, цягам гэтых пяці гадоў амаль цалкам была вынішчаная незалежная культура і мастацтва ўнутры краіны. Не стала абсалютнай большасці сацыяльных і культурных НДА, незалежных пляцовак, выдавецтваў, кнігарняў, фестываляў, якія былі ў краіне да 2020 года. Многія з іх былі вымушаныя перамясціцца за мяжу або сысці ў глыбокае падполле ў Беларусі.

«На пяць гадоў старэйшыя»: праект Reform.news да 9 жніўня. Частка ІI
На Ляйпцыгскім кніжным кірмашы-2025. Фота: Польскі інстытут у Ляйпцыгу.

Цяпер незалежныя выдавецтвы дзейнічаюць за мяжой, працуюць кнігарні, адбываюцца літаратурныя фестывалі і сустрэчы з чытачамі, почасту арганізаваныя прадстаўнікамі дыяспары… Нават я б сказала, што цікавасць да беларускай мовы і беларускамоўнай літаратуры значна ўзрасла. У многім гэта адбылося пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, калі беларусы вырашылі дыстанцыявацца ад рускай мовы.

Важным мне падаецца, што беларускія аўтары і аўтаркі ў розных сферах наладжваюць кантакты са сваімі еўрапейскімі і не толькі калегамі, з’яўляецца ўсё больш узаемных перакладаў, супольных музычных і мастацкіх праектаў.

Пра тое, што адбываецца ўнутры краіны, мне цяжка цяпер гаварыць, я занадта слаба абазнаная. Але, вядома, я заўважаю ананімізацыю, якая нібыта мусіць дапамагчы ўключыць у літаратурнае жыццё тых, хто застаўся. Я ведаю, ці існуюць такія тэндэнцыі ў іншых сферах. Почасту ў спісах літаратурных прэмій мы бачым несапраўдныя назвы кніг аўтарак і аўтараў пад несапраўднымі імёнамі, а таксама не ведаем поўнага спісу суддзяў гэтых літаратурных прэмій, нават, падавалася б, прэстыжных.

Але мне падаецца, тое, чаго нам цяпер вельмі моцна не хапае, гэта мастацкай крытыкі ў самым шырокім сэнсе. Не хапае глыбокага аналізу не толькі ўласна літаратурных, мастацікіх, тэатральных твораў, якіх ствараецца цяпер нямала, але і аналізу поля, у якім мы працуем. Роля крытыкі — упісаць у кантэкст, у эпоху, патлумачыць, што новага робяць тыя ці іншыя кнігі або спектаклі, а таксама што за прастору яны ствараюць разам і што нясуць у вялікі свет. Я разумею, што на гэта цяпер няма рэсурсу, як матэрыяльнага, так і інтэлектуальнага, але час сыходзіць, і іншага ў нас не будзе.

5. Я не ведаю, якой будзе будучыня Беларусі, бо пакуль не разумею, куды нас усіх у Еўропе і свеце завядуць тыя глабальныя працэсы, якія цяпер робяцца бачнымі. Дваццатае стагоддзе сканчаецца, змяняецца эпоха, а разам з ёй і чалавечыя каштоўнасці. Я назіраю за гэтым, затаіўшы дыханне. А тым часам п’ю магній і жалеза, хаджу пешшу, чытаю, кахаю, гляджу на дрэвы і часам пішу.

«Гэта былі самыя дэпрэсіўныя пяць гадоў жыцця»

Мастак, Беларусь.

На жаль, і страты, і поспехі нашага суразмоўцы вымушаны трымаць у сакрэце.

«На пяць гадоў старэйшыя»: праект Reform.news да 9 жніўня. Частка ІI
Выява носіць ілюстрацыйны характар. Крыніца: styleinsider.com.ua.

1. Гэта былі самыя дэпрэсіўныя пяць гадоў жыцця. Спачатку былі выставы, потым іх сталі забараняць, потым магчымасць выстаўляцца страцілася ўвогуле.

Немагчымасць выстаўляцца і выказваць публічна свае думкі вельмі прыгнятае. Мой спіс кантактаў схуднеў у два разы. У прыкладна роўных долях: нехта пайшоў назаўсёды, нехта з’ехаў, нехта сядзіць.

2. Падзеі 2020-га, пры ўсіх пазітыўных, натхняючых момантах, усе ж такі — параза.

3. За пяць гадоў амаль страцілася надзея на хуткія перамены. Калі раней мы нават не заўважалі прыхільнікаў улады, дык цяпер я іх бачу нават у сваім атачэнні.

4. Гэта няспынны працэс, каторы пачаўся ў 2020-м. Уварванне Расіі ва Украіну толькі паскорыла і абвастрыла яго. Культура ў еўрапейскім сэнсе, у метраполіі паўнавартасна развівацца не можа. Тут пануе аматаршчына і безгустоўе. За мяжой сітуацыя трохі лепей, але і там нябачна навісае саўдзел у агрэсіі, альбо наша пачуццё другаснасці.

5. На жаль, тут цяжка прагназаваць будучыню, бо яна ў большасці залежыць не ад нас, хаця ў нас ва ўсіх мара аб шчаслівай і незалежнай…

На плаву трымаюць абавязкі перад сям’ёй, летуценні аб часах, калі можна будзе выказацца ўголас і паказаць працы, зробленыя ў стол.

«Трымае на плаву вера ў гарызантальныя сувязі, суполкі і фемінізм»

Вольга Шпарага, філосафка, палітычная актывістка, феміністка, Хаген.

Літва, Аўстрыя і Германія — краіны, якія за гэты час сталі домам для Вольгі Шпарагі. У 2024 годзе доктарка філасофіі стала лаўрэатам Прэміі Вальтэра, якая ўручаецца навукоўцам, што зрабілі значны ўнёсак у свабоду даследавання і выкладання, а таксама ў права на свабоду выражэння меркаванняў. Аўтарка кнігі «У революции женское лицо. Случай Беларуси», адзначанай Прэміяй Алеся Адамовіча ў 2022 годзе. Апошняе выданне з тэкстам даследчыцы «Жаночыя ўтопіі» было прызнана ў 2025 годзе адной з найпрыгажэйшых кніг Аўстрыі. Запрошаная даследчыца ў Fern University ў Хагене (Германія). 

«На пяць гадоў старэйшыя»: праект Reform.news да 9 жніўня. Частка ІI
Фота: Віялета Саўчыц.

1. Апошнія пяць гадоў былі для мяне няпростымі і сталі сур’ёзным выклікам. Першыя тры гады я актыўна займалася грамадска-палітычнай працай: была ў Офісе Святланы Ціханоўскай, займалася дапамогай, працягвала быць удзельніцай Фемгрупы (якую мы заснавалі з калегамі ў Каардынацыйнай радзе ў 2020 годзе). Я таксама выступала на розных акадэмічных і публічных пляцоўках, у асноўным нямецкамоўных, каб растлумачыць сітуацыю ў Беларусі і падтрымаць увагу да нашай краіны.

Затым мае акадэмічныя абавязацельствы пашырыліся, бо стала зразумела, што гэта марафон на доўгую дыстанцыю, які патрабуе сіл і рэсурсаў. Важныя падзеі апошніх двух гадоў:

  • Падрыхтоўка тэксту пра «крохкі супраціў» беларускіх палітзняволеных жанчын.
  • Прафесура ў Венскім універсітэце ў 2024 годзе. Адзін з курсаў быў прысвечаны беларускім палітвязням, дзе чыталі Міколу Дзядка, Максіма Знака, Марыю Калеснікаву і Насту Лойку.
  • Праект «Пятая рэспубліка», які я раблю з калегамі.

Цяпер я, перш за ўсё, фемінісцкая філосафка ў выгнанні, але па-ранейшаму з’яўляюся сяброўкай Фемгрупы, і для мяне гэта важна. Для мяне галоўнай задачай застаецца звязка Беларусі з дэмакратычным, асабліва еўрапейскім, светам. Мая асноўная тэма, якой я цяпер займаюся, — дэмакратыя з фемінісцкай перспектывы, або клопатная дэмакратыя.

Гэта праект дэмакратыі, дзе пытанні патрыярхальных іерархій і іх пераадоленне гэтак жа важныя, як і фармальныя дэмакратычныя прынцыпы. Паколькі ультраправы паварот уключае ў сябе антыгендарны паварот, мае разважанні ўпісваюцца ў больш шырокі кантэкст і дазваляюць змясціць у яго і Беларусь.

«На пяць гадоў старэйшыя»: праект Reform.news да 9 жніўня. Частка ІI
На мерапрыемстве ў нямецкім Бундэстагу — сустрэча, прысвечаная беларускім палітзняволеным жанчынам і кнізе „WENN DU DURCH DIE HÖLLE GEHST, DANN GEH WEITER“. Фота: сацсеткі Ольгі Шпарагі.

2. Падзеі 2020 года для мяне — гэта і параза, і перамога. Пра паразу сведчыць тое, што Лукашэнка застаўся ва ўладзе. Пра перамогу — яго апантанасць 2020 годам, нібыта не было 2025-га, так званых выбараў. Значыць грамадства змянілася фундаментальна, і нам трэба рухацца далей у фарватары гэтых зменаў. Я таксама мяркую, што за пяць гадоў мы навучыліся больш комплексна разумець наша грамадства з усімі яго супярэчнасцямі і неабходнасцю плюралізму. Мы таксама разумеем, што не кожная альтэрнатыва Лукашэнку можа быць дэмакратычнай, і што далёка не ўсе ўдзельнікі і ўдзельніцы сённяшняга супраціву рэжыму дэмакраты. Гэта звязана як са зменамі ў пазіцыянаванні Каардынацыйнай рады, так і з формамі гвалту, у тым ліку ў адносінах да жанчын, з якімі мы сутыкаемся ў дыяспары зноў і зноў.

3. З аднаго боку, наша грамадства працягвае сутыкацца з новымі формамі рэпрэсій, найперш унутры Беларусі, але і за яе межамі. З другога, з новымі выклікамі як унутры, так і за яе межамі.

Унутры Беларусі мы бачым узмацненне дзяржаўнага кантролю, мілітарызацыі і прапаганды «рускага свету» дзе толькі магчыма — ад паўсядзённага жыцця да ўсіх без выключэння інстытутаў.

За межамі Беларусі, у дыяспары, іншы кантэкст. Ён звязаны са складанасцямі і крохкасцю дэмакратыі сёння, але адначасова з увагай да таго, што адбываецца ў Беларусі. Дыяспара імкнецца ўплываць на сітуацыю і кампенсаваць тое, што немагчыма рабіць на Радзіме — напрыклад, гаварыць пра палітвязняў, займацца даследаваннямі, выдаваць новыя кнігі сучасных і крытычных аўтарак і аўтараў. Такім чынам, розныя часткі грамадства звязаны складаным чынам і адначасова маюць патрэбу ў новых сувязях, мастах, увазе і клопаце.

«На пяць гадоў старэйшыя»: праект Reform.news да 9 жніўня. Частка ІI
Фота: Андрэй Сцебурака.

4. Пяць гадоў таму я пісала, што галоўная страта — немагчымасць незалежнай культуры мець сцэну ў Беларусі пасля 2020 года. Гэтая праблема, вядома, застаецца, што не адмяняе развіцця культуры ў андэграўндзе. Цяпер для мяне адчувальная і іншая праблема — захаванне памяці пра тое, што адбывалася ў культуры ў нулявыя і дзясятыя гады, а таксама архіваванне нашага дыяспаральнага культурнага жыцця пасля 2020-га.

Пры гэтым беларуская культура, вядома, развіваецца. Я магу назваць такія імёны, як: Ева Вежнавец і Альгерд Бахарэвіч у літаратуры, Вольга Падгайская ў класічнай музыцы, Леся Пчолка і Уладзімір Грамовіч у сучасным мастацтве.

Гэтыя імёны гучаць у розных краінах і гарадах, даючы імпульсы для нашага культурнага развіцця і інтэграцыі ў кантэкст сучасных дэмакратычных грамадстваў.

Я лічу, што мы жывём у кантэксце поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. Наша рэвалюцыя ўпісана ў гэты кантэкст і залежыць ад вынікаў гэтай вайны. Гэта адбіваецца на культуры: салідарнасць з Украінай з’яўляецца важнай тэмай для самых розных культурных праектаў і для мяне асабіста.

5. Ужо як мінімум год я кажу, што галоўнае, што трымае мяне на плаву — любоў. Любоў да беларусак і беларусаў і да ўсяго таго, што мы зрабілі і працягваем рабіць для нашай культуры і дэмакратычнай будучыні. Але гэта таксама вера ў гарызантальныя сувязі, суполкі і фемінізм.

Таму будучыню Беларусі я ўяўляю як свабодную ад гвалту, з моцнымі дэмакратычнымі інстытутамі і рэальнымі магчымасцямі для ўсіх: маладых і старых, жанчын, мужчын і небінарных людзей, якія жывуць у Мінску і за яго межамі, для людзей з інваліднасцю і мігрантаў. Цяпер, будучы мігранткай, я не магу ўявіць Беларусь без мігрантаў з іншых краін, таму расізм у шырокім сэнсе слова — гэта тое, чаго я не хачу бачыць у Беларусі будучыні.

«Кожную хвіліну часу ўкладаеш у тое, каб Беларусь працягвала жыць далей»

Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай Рады культуры, арт-менеджар, Варшава.

Самы галоўны праект Сяргея Будкіна за гэты час — Беларуская Рада культуры, інстытуцыя, якая працуе над адбудовай экасістэмы беларускай культуры ў новых умовах. Сумесна з Дацкім інстытутам культуры Беларуская Рада культуры запуціла праграму ArtPower Belarus, якая падтрымлівае незалежныя беларускія культурніцкія і мастацкія ініцыятывы.

«На пяць гадоў старэйшыя»: праект Reform.news да 9 жніўня. Частка ІI
Фота: Андрэй Дубінін.

1. Пяць год таму я разам з усёй беларускай нацыяй трапіў у зону турбулентнасці. Гэта быў захапляльны ўзлёт. Нас матляла (і матляе надалей) неймаверна – з усімі далейшымі наступствамі, пра якія ніжэй. Найперш у мяне цалкам змянілася адчуванне часу, бо за дзень ты пражываеш тыдзень, за тыдзень – месяц, за месяц – год. І гэта з даляглядам планавання ну максімум два-тры месяцы, бо немагчыма зафіксавацца ў пэўных умовах і абставінах, яны пастаянна змяняюцца для цябе асабіста і тваёй сям’і, для тваіх калегаў, партнёраў і апанентаў. Кожны дзень у сабе тоіць сюрпрызы, і так часта яны непрыемныя, а часам нават зусім, і галоўны выклік для цябе ў тым, каб знайсці ў сабе сілы, матывацыю не ісці – ляцець – далей.

Таму: пяць год – палёт нармальны. З думкаю пра тое, што кожную хвіліну свайго часу ты ўкладаеш у тое, каб Беларусь працягвала жыць. І бачыш, што тое-сёе з тых укладанняў дае плён. А далей няхай спрацуе простая арыфметыка: чым болей людзей будуць укладаць сваіх хвілін у беларускую справу, тым болей жыццяздольнай і дасягальнай будзе Краіна нашай мары.

І я вельмі рады, што ў мяне з калегамі атрымалася стварыць годную і моцную каманду, якая штодня робіць свой унёсак. Канкрэтыку можна ўбачыць у нашых справаздачах.

2,3. Падзеі 2020-га я ўспрымаю праз вось гэтую метафару ўзлёту-ўздыму, які суправаджаецца адчуваннем свабоды, радасці, захаплення. Дужа важна было адчуць гэтыя эмоцыі нам усім разам. Той, хто аднойчы ўзляцеў, ніколі ўжо не забудзе гэтага адчування. І разам з тым палёт суправаджаецца трапляннем у паветраныя яміны, рознымі зонамі турбулентнасці, на якія кожны можа зрэагаваць па-рознаму: хтосьці катапультуецца па шляху, а кагосьці могуць проста подла падстрэліць, на жаль. Але шмат хто працягвае гэты палёт, канцавая кропка якога – Радзіма, свабодная і незалежная. Зразумела адно – няма такой сілы, якая бы здолела спыніць гэты палёт, бо мы стагоддзямі гартаваныя і заўжды выжывалі і праносілі праз выпрабаванні сваю годнасць, культуру і мову.

«На пяць гадоў старэйшыя»: праект Reform.news да 9 жніўня. Частка ІI
Фота: сайт Беларускай Рады культуры.

4. Безумоўна, падзеі апошніх пяці год моцна паўплывалі на беларускіх творцаў і на іх дзейнасць. Яны адначасова як бы і «ворагі сваёй дзяржавы» ва ўмовах рэпрэсій і цэнзуры, і ўспрымаюцца ў рэгіёне за «суагрэсараў» на фоне вайны — і ў жыцці на эміграцыі іх у найлепшым выпадку бачаць як «ахвяраў». Але наша тэрыторыя ва ўсе часы нараджала таленавітых людзей, якія адаптаваліся да якіх заўгодна абставінаў у сябе на радзіме, неслі свае ідэі на цэлы свет, узбагачалі не толькі сваю, але і культуры іншых краінаў. Ледзьве не штодня з’яўляюцца сведчанні, што беларусы цікавыя свету, што яны маюць сваю прапанову, на якую знаходзіцца попыт, якая мае водгук і прызнанне. У гэтым беларускі феномен, беларускі парадокс, беларускі культурніцкі цуд.

На секундачку, толькі за апошнія 10 год у нас было два Нобелеўскіх лаўрэаты, два ўладальнікі Ордэна Брытанскай імперыі, а яшчэ лаўрэат прэміі «Грэмі». У амерыканскіх і еўрапейскіх універсітэтах вывучаюць творчасць беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц, у розных сталіцах свету з аншлагам праходзяць беларускія тэатральныя пастаноўкі, вядучыя сусветныя музычныя фэсты танчаць пад музыку беларусаў, а дырыжоры, кампазітары і оперныя спевакі з Беларусі – на вагу золата ў любой краіне, дзе шануюць высокае мастацтва! Беларусы маюць вялікі культурны скарб. І нам важна распавядаць пра яго гучней, развіваць яго і перадаваць наступным пакаленням.

5. Уяўляю будучныю Беларусі, мусіць, падобна таму, як сваю будучыню ўяўлялі тыя ж палякі, якія 123 гады пражылі без сваёй краіны, але пранеслі на сваіх руках свой культурны скарб і выстаялі. Ці як літоўцы ці эстонцы, якія пад савецкай акупацыяй, распрацоўвалі мадэлі нацыянальных інстытутаў і ўвасобілі іх ў жыццё, як толькі прыйшоў час. Не марнаваць і не жаліцца, не крыўдаваць і не злаваць, а развіваць свае кампетэнцыі, выпрабоўваць ідэі і мадэлі і спрыяць іншым у рэалізацыі сваіх ідэяў на карысць беларускай справы, кожны свой дзень закладаць у падмурак будучай Беларусі.

***

У першай частцы праекта, якая выйшла 9 жніўня, сваімі меркаваннямі пра сябе і час падзяліліся гісторык Аляксей Братачкін, паэтка і пісьменніца Ганна Комар, музыка Дзяніс Тарасенка і акторка, арт-менеджарка Крысціна Дробыш.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости